22:15 23.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Дзяржаўны» розум
Дзе яшчэ, у якой краіне на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе можна пабачыць стратэга з такім узроўнем дзяржаўнага мыслення? “Вы кажаце, што нешта трэба рабіць з чэргамі ў паліклініках... Давайце ўвядзём плату ў памеры 5 тысяч рублёў за наведванне паліклінікі”.
Трэба знайсці грошы на фінансаванне вышэйшай адукацыі? Ён, гэты дзяржаўны стратэг, таксама ведае, як вырашыць складанае пытанне.
“Давайце з вамі дамовімся на наступны навучальны год: па тых спецыяльнасцях, дзе назіраецца перавытворчасць кадраў, але моладзь гэтая акалічнасць мала турбуе, пралічвайце сабекошт падрыхтоўкі, дадавайце працэнты прыбытку, якія самі палічыце вернымі, і называйце суму. Мы ўсе жывём ва ўмовах рынку. І калі малады чалавек, нягледзячы ні на што, хоча вучыцца менавіта на гэтай спецыяльнасці, то няхай будзе гатовы выкласці названую суму”.
Не хапае грошай на развіццё пазашкольнай адукацыі? У яго, стратэга, гатова “выдатнае” рашэнне.
“Калі ёсць добры праект у цэнтра пазашкольнай работы, напрыклад, дзіцячы ансамбль, то для яго заўсёды знойдзецца бюджэтнае фінансаванне. А жаданне займацца бодзі-артам, чэрлідынгам, пляценнем кос, казкаскладальніцтвам і кулінарыяй павінна задавальняцца за кошт сродкаў бацькоў, а не за кошт бюджэту”.
Толькі Аляксандр Лукашэнка заікнуўся — стратэг адразу даў адказ, як вырашыць даўнюю і балючую праблему павышэння заробкаў выхавацелям дзіцячых садкоў.
“Я прапаную разгледзець пытанне аб тым, каб бацькі плацілі нейкі працэнт ад кошту ўтрымання іх дзяцей у пэўным садку... Вядома, мы б хацелі, каб бацькі аплачвалі хоць бы поўны кошт харчавання сваіх дзяцей. Гэта будзе вырашацца паэтапна, але ў бліжэйшы час трэба выхадзіць хаця б на 60—70 працэнтаў аплаты харчавання. Гэтыя грошы мы накіруем на павышэнне зарплаты людзей, якія займаюцца дзецьмі. У выніку гэта будзе садзейнічаць павышэнню якасці адукацыйнага працэсу”.
Усе вышэйпрыведзеныя цытаты належаць аднаму чалавеку. І гэты чалавек — намеснік старшыні ўрада, які адказвае за сацыяльны блок, Анатоль Афанасьевіч Тозік. Гісторык па адукацыі, які ўдасканальваў свае веды на вышэйшых курсах КДБ, проста фантануе рэцэптамі “выпраўлення сітуацыі” і “паляпшэння жыцця людзей”. Але ад усіх хвароб у яго рэцэпт адзін: як мага больш садраць з простага чалавека.
Напэўна, з гісторыі спадар Тозік засвоіў толькі савецкі перыяд, калі ў грамадстве панаваў прынцып: “Калі ты нешта вінен дзяржаве, то хоць памры, але заплаці; калі дзяржава нешта абяцала табе, то хоць памры, але забудзься пра гэтыя абяцанні”. Ды і то засвоіў часткова. Бо ўсё ж такі ў лепшыя савецкія часы перш, чым нешта забраць у людзей, ім часта нешта і давалі.
Ці хоць раз спадар Тозік выступіў з абурэннем тымі мізэрнымі заробкамі, з якіх многія людзі не тое што заняткі дзіцяці ў нейкім гуртку не могуць аплаціць — жыць не маюць за што? Лайдакі, якія не хочуць працаваць, — гэта адна праблема. Але ж галоўная бяда нашай краіны, што нават многія з тых людзей, якія працуюць няблага, не могуць выбіцца на лепшае жыццё. Каб не сказалі, што я ачарняю рэчаіснасць, спашлюся на нядаўні матэрыял “Гомельскай праўды” (афіцыйнай газеты Гомельскага аблвыканкама), дзе апісваўся рэйд мабільнай групы па прадпрыемствах Добрушскага раёна. “Колькі зарабляеце ў месяц?” — запыталіся начальнікі на адным з аб’ектаў. І пачулі ў адказ: “За 320 рабочых гадзін — 1 мільён 300 тысяч рублёў”.
Вы ўяўляеце, што такое 320 рабочых гадзін? Гэта болей чым па 10 гадзін штодзённа, без выхадных. І што чалавек мае?.. Пры такіх заробках бацькоў і дзіцячыя садкі, і гурткі, і спартыўныя секцыі, і экскурсіі для дзяцей увогуле павінны быць БЯСПЛАТНЫМІ, каб не выраслі дзеткі маральнымі і культурнымі калекамі. Бо з такіх грошай добрую кніжку не купіш, не тое што не заплаціш за нейкія дадатковыя заняткі.
Але спадар Тозік робіць выгляд, што няма ў краіне праблемы жабрацкіх заробкаў. Ну проста лопаюцца ў людзей ад грошай кішэні і кашалькі, таму Анатоль Афанасьевіч заладзіў адну песню: “Плаціце, плаціце, плаціце...”
А калі няма чым плаціць? У каго ёсць грошы, у тых дзеці даўно ходзяць у камерцыйныя садкі, спецыяльныя школы і прыватныя медыцынскія цэнтры. Але ці задумаўся віцэ-прэм’ер, што ў нашай краіне трэба неяк выжываць і тым, у каго, як ні стараюцца, такіх даходаў няма?
Тым больш што людзі ўжо заплацілі! І за бясплатную медыцыну, і за бясплатную адукацыю. Заплацілі сваімі падаткамі. Вось толькі не туды пайшлі іх грошы. Так, агульнадзяржаўныя расходы (гэта ўтрыманне прэзідэнта, урада, судоў, пракуратур, міліцыі, КДБ і т.п.) у 2006 годзе складалі 32,84% дзяржаўнага бюджэту, а ў мінулым годзе — ужо 52,65%. Затое выдаткі на сацыяльную палітыку ў тым жа 2006 годзе былі ў межах 9,33% дзяржбюджэту, а ў 2012-м — толькі 6,83%. Але не абураецца гэтым віцэ-прэм’ер Тозік, не бачыць хібаў у тым, што чыноўніцтва і сілавікі дзеляць агульныя народныя грошы на сваю карысць. Наадварот, ён настойліва стаіць на тым, што для вырашэння большасці праблем трэба садраць грошы з бедных. Разлік тут ёсць, і ён просты: грошай у небарак зусім не шмат, затое бедных — процьма.
Але самае дзіўнае, што за такі “дзяржаўны розум” спадара Тозіка пасады не пазбавяць, хаця ў любой іншай краіне так бы і было. А ў нас наадварот. Можа, яшчэ Героя Беларусі дадуць...
Святлана КАЛIНКIНА
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме