18:31 23.12.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Дзейнасьць А. Мілінкевіча пасьля прэзыдэнцкіх выбараў вачыма знанага ветэрана сацыял-дэмакратычнага руху.

    Эўропа і падрыўнік Мілінкевіч

    Анатоль Сідарэвіч

Пасьляслоўе да даўняга тэксту

Тэкст “Абраньне “адзінага” і БСДП, або Чаго я ня раю Мілінкевічу”, як лёгка пераканацца, напісаны 3 кастрычніка 2005 году – адразу пасьля Кангрэсу часткі дэмакратычных сілаў, на які вырашана было ня клікаць БСДП.

Як разгортваліся падзеі далей, ведае, бадай, кожны: БСДП, ня маючы ніякіх абавязкаў, што вынікалі б для яе з пастаноў Кангрэсу часткі дэмсілаў, пайшла асобнай калёнай. Гэта ня значыць, што ўся партыя не падтрымлівала Мілінкевіча, але Мілінкевіча не падтрымлівала пераважная большасьць партыі. Тыя сацыял-дэмакраты, якія падтрымлівалі Мілінкевіча, не афішавалі гэтага і не выступалі супраць лініі партыі публічна, таму кіраўніцтва БСДП ставілася да іх памяркоўна. Важна зацеміць, што Мілінкевіча падтрымлівалі ў асноўным тыя эсдэкі, якіх улада пазбавіла працы і якім партыя не магла нічым дапамагчы.

Кандыдатам на пасаду прэзыдэнта дагэтуль мала каму вядомага Мілінкевіча зрабілі правыя партыі. Найперш ПБНФ, потым людзі з АГП (тут вельмі шчыраваў прыналежны да Партыі рэсурсавых цэнтраў Віктар Карніенка). Колькасьць подпісаў, сабраная камуністамі і маўклівымі сацыял-дэмакратамі, была параўнальна невялікая.

Сваімі выступамі на тэлебачаньні Мілінкевіч расчараваў вялікую колькасьць партыйцаў. Пасрэднасьць, ён і на экране выглядаў шэра. Ягоныя паводзіны ўвечары 19 сакавіка 2006 году ўразілі саўковасьцю: гэта ж трэба дадумацца, каб павесьці народ з колішняй Цэнтральнай плошчы на колішнюю Круглую плошчу!.. Сваімі выступамі на плошчы і трусьлівымі паводзінамі 25 сакавіка Мілінкевіч адвярнуў ад сябе яшчэ большую частку прыхільнікаў. Але ў Мілінкевіча былі сувязі і – дзякуючы сувязям – ГРОШЫ. Вось той чыньнік, з дапамогаю якога Мілінкевічу ўдалося ўтрымаць пры сабе частку партыйных людзей.

Ня буду апісваць, як ішла барацьба вакол скліканьня пасьлявыбарнага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Нагадаю толькі, што Кангрэсу папярэднічалі канфэрэнцыі (міні-кангрэсы) у абласьцях і Менску. Мілінкевіч паставіў сваёю задачай зноў, як і ў 2005 годзе, хоць мінімальнай колькасьцю, але ўзяць на кангрэсе большасьць.

Дарэчы, пра Кангрэс 2005 г. Я ўваходжу ў адну рэгіянальную грамадзкую арганізацыю. У свой час трэба было падтрымаць яе, і я паставіў свой подпіс у ліку заснавальнікаў. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі я даведаўся, што і гэтая мікраскапічная арганізацыя была прадстаўленая на Кангрэсе. І яе не абмінуў Мілінкевіч!..

Бачачы, што фокус 2005 году яму паўтарыць ня ўдасца, Мілінкевіч пайшоў на зрыў абласных канфэрэнцыяў дэмсілаў. І ў Магілёўскай вобласьці яму гэта ўдалося. Вядома, на гэта давялося выдаткаваць немалую (як на беларускія меркі) суму.

Дзейнасьць Мілінкевіча пасьля прэзыдэнцкіх выбараў – гэта чарада падрыўных дзеньняў, скіраваных супраць арганізаванай палітычнай дэмакратычнай апазыцыі. Супраць Партыі БНФ, супраць БСДП, супраць АГП. У асноўным з партыяў да Мілінкевіча ідуць або сквапныя на грошы людзі, або людзі, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Адным словам, кандацьеры. Таму Мілінкевічу нельга зайздросьціць.

Нядаўна , як у 2000 г. кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Ганс-Георг Вік і нямецкі амбасадар Хорст Вінкельман спакусілі Міколу Статкевіча. І Статкевіч дзеля прывіднага дэпутацкага мандату парушыў рашэньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў аб байкоце выбараў у палатку. Гэтак нямецкія палітыкі справакавалі раскол БСДП і дэмакратычных сілаў Беларусі.

У 2007–2008 гг. раскол дэмакратычных палітычных партый Беларусі і Аб’яднаных дэмакратыных сілаў рукамі Мілінкевіча спрабуюць учыніць чыноўнікі Эўрапейскага Зьвязу. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было – каб рэгістрацыю нейкага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня вітаў Хаўер Саляна.

Паколькі Саляна – сацыяліст, я кажу яму: таварыш, ты глыбока памыляесься, ты шкодзіш дэмакратычным партыям Беларусі, у тым ліку БСДП.

Падтрымкаю падрыўніка Мілінкевіча чыноўнікі ЭЗ справакавалі ў 2007–2008 гг. унутрыпартыйную напружанасьць у ПБНФ і БСДП. Напружанасьць, хоць і слабейшая, маецца і ў АГП.

Падтрымкаю падрыўніка Мілінкевіча чыноўнікі ЭЗ, здаецца, ужо дасягнулі галоўнага: палітычныя амбіцыі Мілінкевіча на 2011 год ужо ніякім родам не падтрымаюць дэмакратычныя партыі. Хіба што здарыцца нейкі цуд.

АДКРЫЦЦЁ СЯМЁНА ПЕЧАНКО, або КОМПЛЕКС ХЛОПЧЫКА МОТЛА

Рэгістрацыю мілінкевічаўскага руху. Хоць гэтая газэта і прычапіла да свайго лягатыпу блямбу “незалежная газета”, няхай чытачоў гэта ня ўводзіць у зман: як і ў 2005–2006 гадох, “Наша Ніва” верна працуе на ПРЦ.

Журналіст газэты Сямён Печанко натхнёна пракамэнтаваў факт рэгістрацыі мілінкевічаўскага руху ды з радасьцяй зацеміў: “У палітычным плане рэгістрацыя Руху прывядзе да аслаблення ролі палітычных партый, расчараванне якімі вялікае. Самыя актыўныя рэгіянальныя лідэры сабраліся ў Руху за Свабоду. Цяпер вакол гэтай легальнай арганізацыі будуць гуртавацца і многія партыйныя актывісты”.

У журналіста Печанко комплекс хлопчыка Мотла. Памятаеце? Герою Шолам-Алэйхема вельмі падабалася, калі з хаты выносілі рэчы.

Шкада, што комплекс хлопчыка падхапіў дарослы чалавек, супрацоўнік газэты, якая прэтэндуе на саліднасьць і грунтоўнасьць.

Мілінкевічаўскі рух, паўтару – праваабаронча-асьветніцкі. Ён ex definitio ня можа выконваць рою палітычнае партыі. І гэта разумеюць усе партыйныя актывісты.

Па-другое, я хацеў бы прачытаць хоць зь дзясятак прозьвішчаў самых актыўных рэгіянальных лідэраў, якія “сабраліся ў Руху за Свабоду”. Зрабіць гэта Сямёну Печанко было б цяжка. Таму ён нікога не называе і выказвае меркаваньне, што многія партыйныя актывісты будуць гуртавацца вакол мілінкевічаўскага руху ў будучым.

Ня ведаю, як у ПБНФ ці АГП, але нешта я ня чуў, каб да Мілінкевіча перабягалі дзясяткі рэгіянальных лідэраў гэтых партыяў. Пагатоў не пабеглі да Мілінкевіча камуністы з ПКБ. Калі браць лідэраў абласных арганізацый БСДП і арганізацый у вялікіх гарадох, дык да Мілінкевіча па грошы сходзіў толькі адзін чалавек, за што і перастаў быць сябрам партыі. Астатнія (а гэтыя людзі здолелі правесьці пасьпяховую кампанію па збору подпісаў за вылучэньне кандыдата на пасаду прэзыдэнта) ставяцца да Мілінкевіча хутчэй са скепсісам, чым з сымпатыяй.
 
Трэба быць хлопчыкам ва ўзросьце Мотла, каб думаць, што чалавек, які на Кангрэсе дэмсілаў 2005 г. перамог васьмю сумнеўным галасамі, каб гэты чалавек праз тры гады, асабліва пасьля няўдачы на прэзыдэнцкіх выбарах, умацаваў свой аўтарытэт.
 
Вядома ж, Сямён Печанко – не хлопчык Мотл. Ягоная дэза пра тое, што “самыя актыўныя рэгіянальныя лідэры сабраліся ў Руху за Свабоду” разьлічаная на спонсараў Мілінкевіча.
 
Паўтараю: вакол Мілінкевіча ў першы чарод гуртуюцца тыя, хто любіць грошы. За ідэю яны працаваць ня будуць.
 
А ШТО ЯМУ РАБІЦЬ?
Замест пасьляслоўя
 
Шкадую, што я не зрабіў сабе выпіскі з пэўнае публікацыі пра славутую Аль-Аламэйнскую апэрацыю брытанскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы ў 1942 годзе. І назва тае публікацыі забылася, і імя аўтара, і дзе былі агенты Вальтэра Шэленбэрга, а дзе – Вільгельма Канарыса... Затое запомнілася фабула.
 
Як вядома, падрыхтоўкай і ажыцьцяўленьнем Эль-Аламэйнскай апэрыцыі кіраваў генэрал-лейтэнант (будучы фэльдмаршал) Бэрнард Лоў Мантгомэры. На стадыі падрыхтоўкі апэрацыі адна нямецкая выведка даносіла ў Бэрлін, што генэрал Мантгомэры ў Афрыцы, а другая пераконвала Бэрлін, што генэрал – у Лёндане. Другая выведка прыводзіла пераканаўчыя доказы: генэрал штодзень езьдзіць на службу, ён бывае і ў Адміралцействе, і на Даўнінг-стрыт у прэм’ера, і нават у каралеўскім палацы.
 
Другой выведцы не прыходзіла ў галаву, што ролю генэрала Мантгомэры выконвае падобны да яго артыст нейкага правінцыйнага тэатру. Калі пачалася бітва і выявілася, што Мантгомэры сапраўды ў Афрыцы, патрэба ў паслугах правінцыйнага актора прапала. Яму падзякавалі за службу Яго Вялікасьці і... І тут здарылася тое, што лепш не здаралася б. Актор настолькі ўжыўся ў ролю знакамітага генэрала, што ня мог вярнуцца ў свой тэатар і выконваць іншыя ролі.
 
Нешта падобнае адбываецца і зь Мілінкевічам. Прыгрэты, расьпешчаны ласкаю ды ўвагаю эўрапейскага істэблішмэнту, прыёмамі ў кіраўнікоў урадаў і міністраў, ён, дагэтуль мала каму вядомы, настолькі ўвайшоў у ролю “вялікага палітыка” і “адзінага”, што за яго робіцца страшна. І за дэмакратычную апазыцыю. Бо Мілінкевіч яшчэ можа наламаць дроў.
_______________________________________
– публіцыст, літаратурны крытык і гісторык, адзін з заснавальнікаў адноўленай Сацыял-дэмакратычнай Грамады

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме