18:30 07.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Дыялог у адны вароты (фота)











Палітычная сэсія Кангрэсу за незалежнасць Беларусі, якая ў нядзелю адбылася ў офісе Партыі БНФ, «вынесла мозг» некаторым сталым барацьбітам за дэмакратыю. Тым, хто забыўся, што дэмакратыя — гэта дыялог.

Алена Анісім вітае ўдзельнікаў Кангрэсу
Алена Анісім вітае ўдзельнікаў Кангрэсу

Спачатку здавалася, што ўсё пройдзе як звычайна — сабраліся, паразмаўлялі пра пагрозы незалежнасці, разышліся. Аднак напачатку Кангрэсу нечакана ў залю ўвайшлі маладыя спартовага выгляду хлопцы. Не, гэта былі не міліцыятны ў цывільным. На пасяджэнне прыйшлі сябры Цэнтральнага камітэта Ліберальна-дэмакратычнай партыі на чале з намеснікам старшыні гэтай партыі Алегам Гайдукевічам.

Праўда, спачатку мала хто звяртаў на іх увагу. Ну, прыйшлі і прыйшлі, хай паслухаюць разумных людзей. Разумныя людзі ў выглядзе экспертаў, — палітолагаў Андрэя Фёдарава і Сяргея Нікалюка, — распавялі прыстуным пра стан краіны з пункту гледжання знешняй палітыкі і ўнутраны стан грамадства. У прынцыпе, яны пацвярджалі тое, што даўно вядомае: пакуль што галоўная пагроза незалежнасці сыходзіць з Расіі. А Беларусі ў сённяшнім становішчы, трэба рыхтаваца да горшага. Напрыклад, калі ў краіне пачнуцца нейкія палітычныя пераўтварэнні, зменіцца ўлада і пачнецца «шлях на Захад, да Еўропы», то, па меркаванні Фёдарава, падзеі у нас будуць развівацца горш, чым Зава Украіне. Проста таму, што сінявокая — гэта апошні ваенны фарпост Масквы на заходнім кірунку. У нас багата расійскіх ваенных базаў, якія Расія проста так не аддасць.

Андрэй Фёдараў: Расія проста так Беларусь не аддасць

Але ніякай змены палітыкі, з меркаванняў Сяргея Нікалюка, не адбудзецца. Таму што ў сённяшняй сітуацыі «любыя дзеянні ў правядзенні рэальнай палітыкі поспехаў не маюць», — не тое яшчэ грамадства. Грамадства патэрналісцкае, залежнае ад дзяржавы, больш за тое, дзяржава прадукуе гэтага залежнага ад яе чалавека, — па сутнасці, «чалавека савецкага». Прычым, як лічыць Нікалюк, разлік людзей на дзяржаву — гэтая іхная рацыянальная пазіцыя, бо яны ведаюць, што без дзяржавы яны не пражывуць. А таму людзі, можа, і хочуць лепшага жыцця, што паказваюць розныя сацапытанні, але варушыцца дзеля ажыццяўлення гэтай сваёй мары не гатовыя.

Сяргей Нікалюк: улада працягвае прадукаваць "чалавека савецкага"

Усё было б сумна, калі б слова не атрымаў вядомы кобрынскі актывіст Аляксандр Мех. Менавіта ён звярнуў увагу на сябраў ЛДП у залі, заявіўшы, што іхнае запрашэнне на Кангрэс не абмяркоўвалася Радаю Кангрэса, і такое рашэнне Радай не прымалася. І увогуле, як можна запрашаць у сядзібу БНФ людзей, якія ўвесь час выступалі спарынг-партнёрамі Лукашэнкі ў лепшым выпадку, а ў горшым падтрымлівалі яго, і таксама вінаватыя ў той пагрозе незалежнасці, якая зараз востра адчуваецца?

Аляксандр Мех: хто запрасіў сюды вунь тых людзей?

Шкада, што спадар Мех на гэтым не скончыў. Можа быць, тады б да ягоных словаў прыслухаліся больш. Аднак далей, як кажуць, атрымалі ўсе. Незалежныя СМІ, напрыклад, зусім не незалежныя, яны абслугоўваюць групоўкі апазіцыі. І ўвогуле, замест апісання праблемаў эканомікі і пагрозаў страты незалежнасці займаюцца папулярызацыяй фэйкавых выбараў, спіхваючы ілбамі прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Канешне, кепскі Лукашэнка — прадаў «Белтрансгаз» «Газпрому», з-за чаго стаў немагчымым транзіт газа з Літвы ва Украіну. Адназначна кепскі Захад і ЕС, які ўзяў накірунак на «ціхую легалізацыю» рэжыму Лукашэнкі. А ўвогуле ж, як напрыканцы заявіў спадар Мех, яго ні Масква, ні Брусэль не хвалююць, а хвалюе тое, як будуць жыць у Беларусі беларусы.

Калі яго гэта не хвалюе,навошта ён пра гэта казаў палову выступу?

Варта аддаць належнае Гайдукевічу і ягонай камандзе. Пакуль Мех іх разносіў на кавалачкі, ніводзін з іх не зварухнуўся, ніхто дэманстратыўна залю не пакінуў і нават ніводнага разу не перапыніў выступоўцу! Вытрымка ў сябраў ЛДП аказалася жалезнай. Скандалу, на які ўціхую разлічвалі журналісты (бо была б «смажанка», якую б можна было абсмоктваць), не адбылося.

Сябры ЛДП адзначыліся жалезнай вытрымкай

Адказнасць за палітычную правакацыю ўзяў на сябе Алег Трусаў. Ён нагадаў, што на першы сход Кангрэсу за незалежнасць запрашаліся ўсе палітычныя сілы: і дэмакраты, і камуністы, і прадстаўнікі ўлады. І калі ЛДП зараз прыняла запрашэнне паўдзельнічаць у пасяджэнні, а дэмакраты — не, то хто ж суддзя гэтым дэмакратам? І ўвогуле, па словах Трусава, у нас ёсць два шляхі далей. Альбо мы ўсе перасварымся, ў нас пачнецца грамадзянская вайна, а старэйшы брат з Усходу потым прыйдзе з дубцом і нас усіх памірыць, альбо паўтор 1991-га года, калі ў Вярхоўным савеце ўсе — і дэмакраты, і камуністы, і лібералы, — галасавалі за незалежнасць краіны, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Алег Трусаў: А інакш прыйдзе старэйшы брат з Усходу з дубцом, і ўсіх памірыць

Пра Лукашэнку і кепскі Захад Трусаў Меху не адказаў. А наконт незалежнай прэсы справядліва зазначыў: і гэтым СМІ, і ўсяму грамадству апазіцыя пяць год абяцала выхад на «адзінага кандыдата». «Адзінага» не абралі, дык зараз самі вінаватыя, што прэса сцябецца з таго безлічу прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, якое зараз у краіне ўтварылася.

За Трусавым Алег Гайдукевіч патлумачыў, што яго запрасілі на гэтае пасяджэнне ў якасці госця, далі магчымасць выступіць, ён гэтую магчымасць і скарыстоўвае. І не трэба шукаць тут нейкіх правакацый.

Да таго ж, па словах намесніка старшыні ЛДП, у сядзібе БНФ, па розуму, павінны былі быць не толькі сябры ЛДП, але і «Белай Русі», і БРСМ, і камуністы. «Спачатку мы будзем размаўляць тут, у БНФ, потым у офісе ЛДП, потым у офісе «Белай Русі», а там, можа быць, нашыя спрэчкі працягнуцца ў парламенце», — аптымістычна заявіў Гайдукевіч.

Па пытанні пагрозы незалежнасці Беларусі, ён заявіў, што не бачыць такой пагрозы ні з Захаду, ні з Усходу, ні з боку Еўрасаюза і НАТА, ні з Расіі. Галоўная пагроза незалежнасці Беларусі, па ягоных словах, — унутры Беларусі. Гэта найперш эканоміка і стан грамадства. Калі краіна моцная эканамічна, а грамадства кансалідаванае, то і пагрозаў знешняй агрэсіі для яе значна менш.

Алег Гайдукевіч: Пагроза незалежнасці Беларусі — зусім не звонку

Што датычна прэзідэнцкіх выбараў, то ЛДП выступае за тое, каб на іх было шмат кандыдатаў, добрых і розных. Аднак галоўнае пытанне, каб пасля выбараў улада б не толькі адсвяткавала «элегантную перамогу», але і пачула тых, хто нібыта прайграў. Неістотна, колькі намалююць неўладным кандыдатам — тры, пяць, ці паўтары працэнты галасоў. Галоўнае, што гэтыя галасы — таксама людзі, таксама грамадзяне краіны, якія мусяць быць пачутыя.

Нечаканую падтрымку Гайдукевіч атрымаў ад старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзіміра Коласа, які таксама зазначыў, што вайна зараз вядзецца іншымі сродкамі: Украіна — гэта, хутчэй, выключэнне, чым правіла. Колас таксама зазначыў, што галоўная пагроза незалежнасці — знутры краіны, праз эканамічную залежнасць і кантроль над свядомасцю грамадзянаў. І такі кантроль, як вынікае з сацапытанняў, з таго, што беларусы «на ўра» ўспрымаюць «крымнаш», ужо ўсталяваны.

Нашыя ж лідэры апазіцыйных партый не ўсведамляюць адказнасці за краіну, амбіцыі ў іх пераважаюць, што і стала пахаваннем ідэі адзінага кандыдата. А таму Колас заклікаў усіх сябраў палітычных партый націснуць на гэтых лідэраў, каб яны ўсё ж кансалідаваліся вакол агульнай ідэі. «А лепш — пераабраць лідэраў, якія не здольныя на кансалідацыю», — заявіў ён.

Напрыканцы пасяджэння выступіў Уладзімір Някляеў. З адной ідэяй: аб’яднаць Кангрэс за незалежнасць з рухам за незалежнасць Беларусі, які ён зараз стварае. Някляеў нагадаў, што Кангрэс паставіў сабе амбітную задачу — сабраць мільён подпісаў у абарону незалежнасці краіны. Але пакуль што ёсць Кангрэс, і ёсць ягоны выканаўчы орган — Рада Кангрэса. Аднак у гэтага Кангрэса няма «рук і ног», тых, хто будзе гэтыя подпісы збіраць. Някляеў і прапанаваў стварыць Кангрэсу тыя рукі і ногі ў выглядзе руху за незалежнасць.

Раней выступоўцы чыталі "з паперкі", зараз — з ноўтбукаў

З гэтай прапановай не пагадзіўся «айцец-заснавальнік» Кангрэсу Алег Трусаў. Маўляў, сам Кангрэс — гэта дыскусійная пляцоўка. Ён не прымае рашэнняў, нават праекты заяваў і рашэнняў Рады Кангрэсу на ім не галасуюцца. Усе рашэнні прымае тая самая Рада Кангрэса ў складзе 17 чалавек. Някляеву было прапанавана ў пісьмовым выглядзе выкласці свае прапановы Радзе, якая збярэцца «праз тыдзень-два», абмяркуе ягоную прапанову і выкажацца па ёй — «так» ці «не». Сам Трусаў супраць, каб Кангрэс ператвараўся ў нейкую палітычную суполку. «Я супраць, але 16 астатніх могуць быць за», — крыху абнадзеіў Трусаў Някляева.

Так што нейкіх глабальных вынікаў ад Кангрэсу чакаць не трэба. Бо ёсць бюракратыя («выкласць прапановы на паперцы»), бо рашэнні Кангрэсам не прымаюцца, і нават не зацвярджаюцца, ды й зацвярджэнне нейкіх прапановаў Радаю Кангрэсу вельмі выглядае на показку: «Мы падумалі, і я вырашыў». Вырашыў Трусаў запрасіць Гайдукевіча — запрасіў. Рашэнне было слушным, але, як я зразумеў, аднаасобным. Вырашыць Рада падтрымаць Някляева — падтрымае. Калі, зразумела, той дашле прапановы ў трох экзэмплярах. А калі не — дык пра збор мільёна подпісаў за незалежнасць, акрамя Някляева, ніхто і не згадае.

І не трэба. Затое на наступнай сэсіі ўвосень абмяркуюць адукацыю і Балонскі працэс. А што будзе вынікаць з заяваў Рады Кангрэса, — падаецца, мала каго хвалюе. Галоўнае — заявіць пра свае патрабаванні, а адказнасць за іх выкананне можна ўскласці на «злачынны рэжым».

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме