11:01 04.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Дваццаць гадоў таму, 4 сакавіка 1990-га, адбыўся першы тур выбараў у Вярхоўны Савет БССР ХІІ скліканьня
Дваццаць гадоў таму, 4 сакавіка 1990-га, адбыўся першы тур выбараў у Вярхоўны Савет БССР ХІІ скліканьня. Тыя выбары адметныя з некалькіх прычынаў.
Па-першае, гэта былі першыя адносна свабодныя выбары ў беларускі парлямэнт.
Па-другое, ўпершыню за савецкім часам беларускі народ мог непасрэдна прагаласаваць за прадстаўнікоў нацыянальных сілаў (хаця мала хто верыў тады, што гэты Вярхоўны Савет абвесьціць Незалежнасьць). Годам раней, вясной 1989-га, на выбарах народных дэпутатаў СССР, у бюлетэні не патрапіў ніводны член БНФ -- усіх "фронтаўцаў" адсеклі на акруговых выбарчых сходах, якія фармаваліся парткамамі (Васіль Быкаў быў абраны на пленуме Саюзу пісьменьнікаў). А ў 1990-ым БНФ , які аб'яднаў вакол сябе дэмакратычна настроеныя сілы, выставіў сваіх кандыдатаў па большасьці акругаў.
Па-трэцяе, першы (і на гэты момант ў апошні) раз у выбарах ўзяла ўдзел такая вялікая колькасьць нацыянальнай інтэлігенцыі, у тым ліку і выбітных творцаў (вось толькі некаторыя прозьвішчы кандыдатаў у дэпутаты: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Уладзімер Някляеў, Сяргей Законьнікаў, Міхась Ткачоў, Яўген Будзінас, Аляксей Марачкін; не пералічваю тых, хто з прычыны сваёй грамадзкай дзейнасьці больш атаясамліваецца з палітыкай, чым з літаратурай альбо мастацтвам, як, напрыклад, Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі ці Вінцук Вячорка). Нацыянальная эліта пайшла ў народ і не грэбавала чарнавой палітычнай працай.
І, нарэшце, упершыню ў выбарах ў якасьці давераных асобаў і агітатараў ўдзельнічалі тысячы людзей, якія раней ставіліся да палітыкі індыфэрэнтна. Менавіта на плечы гэтых людзей ня толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах лёг асноўны цяжар працы – і, заўважу, рабілася яна не за грошы, а па ўласным перакананьні.
Градус дэмакратычнасьці
Ці былі тыя выбары больш дэмакратычныя ў параўнаньні з тым, што мы бачым у Беларусі сёньня?
БНФ ня быў зарэгістраваны і знаходзіўся ў паўпадпольлі, ён ня мог афіцыйна вылучаць сваіх кандыдатаў (гэта рабілася праз працоўныя калектывы і праз ТБМ), ня меў свайго памяшканьня. У Беларусі цалкам адсутнічала незалежная прэса (пра Інтэрнэт ніхто яшчэ ня чуў). У афіцыйнай жа прэсе дзейнічалі старыя табу (напрыклад, на тэрыторыі Беларусі ніводная газэта не ўзялася б друкаваць артыкул, дзе ставіцца пад сумнеў правільнасьць “сацыялістычнага выбару”. “Больш дэмакратыі – значыць, больш сацыялізму!” – гэта максымальнае, што тады дазвалялася). У сіле былі ЦК, абкамы, гаркамы і райкамы, на прадпрыемствах дзейнічалі парткамы кампартыі, ў іх руках быў магутны прапагандысцкі апарат і выпрабаваныя дзесяцігодзьдзямі прыёмы. Дэмакратычныя кандыдаты былі пастаўленыя ў жорсткія умовы ўжо ад моманту іх вылучэньня, яны маглі выпусьціць строга вызначаную колькасьць улётак; на агітацыю кожнаму кандыдату ў дэпутаты выдаткоўвалася 50 рублёў (гэта крыху больш за студэнцкую стыпэндыю).
З другога боку, людзі жадалі пераменаў. Хай і не так хутка, як хацелася б, але павялічыліся, а не звужаліся межы галоснасьці. Адкрыцьцё праўды пра Курапаты, дзеяньні нядаўна ўтворанага Народнага Фронту абуджалі нацыянальную сьвядомасьць.
Словам, градус “дэмакратычнасьці” ішоў у гару – і гэта, бадай, было галоўнае адрозьненьне таго часу ад сёньняшняга дня.
Людзі жадалі “чэснай гульні”
І яшчэ -- грамадзтва стала вельмі нэрвова рэагаваць на тое, што можна назваць парушэньнем правілаў “чэснай гульні”. Усялякі ціск х боку партапарату выклікаў зваротны эфэкт. Так, на выбары БНФ ішоў у блёку разам з ТБМ, Акадэміяй Навук (!), Беларускім экалягічным саюзам, Саюзам каапэратараў, Сялянскім саюзам, Рабочым саюзам і творчымі саюзамі (пісьменьнікаў, мастакоў і кінематаграфістаў). І калі Прэзыдыюм ВС БССР на чале зь Дземянцеем прыняў пастанову аб скасаваньні рэгістрацыі кандыдатаў ад ТБМ і некаторых іншых грамадзкіх арганізацый (бо яны вылучылі “фронтаўскіх”, дэмакратычных кандыдатаў), сход у Доме літаратара запатрабаваў ад ЦВК скасаваньня гэтай пастановы -- і ЦВК была вымушана дазволіць рэгістрацыю!
КДБ заставалася "баявым атрадам партыі", але "баявітасьці" у яго прыкметна паменшыла -- публікацыі пра сталінскія рэпрэсіі (Ленін яшчэ заставаўся недатыкальнай асобай) прымусіла супрацоўнікаў КДБ няспынна пераконваць грамадзтва, што "часы рэпрэсій незваротна мінулі", што "партыя асудзіла незаконныя мэтады", што "колішнія супрацоўнікі КДБ таксама былі ахвярамі рэпрэсій, і таму сёньняшнія афіцэры, як мала хто, зацікаўленыя ў дэмакратызацыі і пераменах".
Да прыкладу, у паэта Сяргея Законьнікава (у той час -- галоўны рэдактар часопісу "Полымя"), які балятаваўся па 184-ай Віцебскай - Першамайскай акрузе, адным з канкурэнтаў быў першы намесьнік старшыні КДБ БССР генэрал Эдуард Шыркоўскі. Раней Шыркоўскі ўзначальваў УКДБ па Віцебскай вобласьці і таму меў шмат знаёмых сярод мясцовага начальства. Як другая пэрсона ў сыстэме КДБ Беларусі, ён, здавалася б, мог разьлічваць на поўнае выкарыстаньне магчымасьцяў усяго віцебскага апарату КДБ – і ня толькі апарату.
Мог, але не разьлічваў.
Эдуард Іванавіч вельмі баяўся, каб, барані Божа, яго не абвінавацілі, што ягоныя падначаленыя нейкім чынам ціснуць на канкурэнтаў ці іх давераных асоб. Ён разумеў, што такія дзеяньні віцябляне ўспрымуць вельмі нэгатыўна. І сапраўды: калі ўявіць, што ў той час нехта быў бы выкліканы ў КДБ на допыт ці “прафіляктыку” -- гэта надало б яму ўсебеларускую вядомасьць, імідж ахвяры і практычна гарантаванае абраньне, а сам Шыркоўскі атрымаў бы вядомасьць “ворага перабудовы”, што магло б нэгатыўна адбіцца на кар’еры.
Паказальны вынік першага тура выбараў па той акрузе -- першае месца ўзяў Законьнікаў (6 662 галасы), другое -- супрацоўнік тэлезавода, якога падтрымлівалі ўлады (3 663 галасы). Шыркоўскі атрымаў 3 536 галасоў і ў другі тур не патрапіў. Думаю, ён ня вельмі сумаваў з гэтай прычыны (праз некалькі месяцаў яго прызначылі старшынём КДБ Беларусі), але яшчэ доўга, сустракаючы мяне ў фае Дома ўраду, ён браў за руку, чырванеў, і зусім нядобрымі словамі прыгадваў кіраўніцтва віцебскага тэлезавода, якое "разгарнула супраць мяне нячэсную кампанію, не саромелася заявіць, што я не буду жыць праблемамі Віцебшчыны, хаця я шмат для Віцебшчыны зрабіў. Хай жа гэта будзе на іх сумленьні, калі ў гэтых людзей сумленьне яшчэ засталося!". (Уявіце, што сёньня кіраўніцтва нейкага прадпрыемства адкрыта агітуе супраць першага намесьніка старшыні КДБ, а генэралу нічога не застаецца, як апэляваць да сумленьня...).
Паклёп бяз права абвяржэньня
Словам, калі падсумаваць асаблівасьці паводзінаў камуністычнай ўлады на тых выбарах, яны палягалі ў наступным: зьняць дэмакратычнага (сёньня сказалі б – апазыцыйнага) кандыдата з выбараў ці арыштаваць яго, ці аштрафаваць -- баяліся. Але выліць на яго бруд -- не саромеліся (падазраю, часта не без дапамогі таго ж КДБ).
І калі ўлёткі “фронтаўскіх” кандыдатаў жорстка кантраляваліся (мы не маглі выйсьці за межы тых самых 50 рублёў), дык партапарат выкарыстоўваў свае паліграфічныя магчымасьці напоўніцу. Як правіла, іх улёткі былі падобныя на вось гэтую, якую раскідалі па Віцебску:
"Задумайцеся, людзі! Сёньня да ўлады актыўна рвуцца прадстаўнікі так званага "Беларускага народнага" фронту. Кіраўніцтва БНФ -- гэта група людзей, якія, спэкулюючы на праблемах беларускага народа, прыкрываючыся прыгожымі і безадказнымі лёзунгамі, імкнуцца любымі шляхамі захапіць уладу. Пра гэта некалькі дзён назад афіцыйна заявіў іхні па-экстрэмісцку настроены лідэр З. Пазьняк. Так пачыналася і ў рэспубліках Прыбалтыкі. Зараз іх лёзунг, хоць і старанна завуяліраваны -- "Чым горш, тым лепш". Гэта меў на ўвазе М.С. Гарбачоў, калі гаварыў пра сілы, якія "раскалыхваюць наш карабель". Іх асноўная мэта -- аддзяленьне Беларусі ад СССР і рэстаўрацыя капіталізму". У студзені гэтага года рукамі "баевікоў" Народнага Фронту Азэрбайджану забіты наш зямляк – Аляксандар Канаплёў. Сёньня льецца кроў у Армэніі і Азэрбайджане. Там экстрэмісты з народных франтоў забіваюць людзей за тое, што яны належаць да іншай нацыянальнасьці. Першы крок да гэтага зрабіў БНФ, калі абвясьціў у сваёй праграме цэнз аседласьці. Галасуючы за народных кандыдатаў, памятайце, што стаўленікі БНФ – гэта ня тыя людзі, якія забясьпечаць вам дастатак і спакой у доме." (пераклад з расейскай).
Абвергнуць падобныя сьцьвярджэньні пра "кроў" ці "цэнз аседласьці" не было ніякай магчымасьці, бо "Навіны БНФ" выходзілі падпольна і невялікім накладам, а доступ да афіцыйнага друку быў абмежаваны адной публікацыяй тэзісаў перадвыбарчай праграмы ў мясцовай газэце і падвяргаўся ідэалягічнай цэнзуры. Зрэшты, у дачыненьні да "фронтаўскіх" кандыдатаў і гэтая, гарантаваная законам, норма часта не выконвалася. Так, газэта "Вячэрні Менск" адмовіла ў публікацыі кандыдату ў дэпутаты Зянону Пазьняку, які балятаваўся па адной з менскіх акругаў.
Сапраўдны "інфармацыйны прарыў" адбыўся 25 лютага, калі пасьля 100 -тысячнага мітынгу на плошчы перад Домам ураду, шматтысячная калёна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі накіравалася да будынку тэлебачаньня на вуліцы Камуністычнай. Улады былі вымушаныя прадставіць прамы эфір Зянону Пазьняку, Вінцуку Вячорку і Аляксею Марачкіну – на паўгадзіны. Але больш лідэраў БНФ да прамога эфіру ў часу выбарчай кампаніі ўжо не дапускалі.
У першым туры 4 сакавіка былі абраныя дэпутатамі шэсьць фронтаўскіх кандыдатаў, у тым ліку Зянон Пазьняк і аўтар гэтых радкоў. Практычна ўсе кандыдаты, якіх падтрымліваў БНФ, выйшлі ў другі тур. Чаму ж толькі дваццаць з іх былі абраныя ў наступным туры?
Мне падаецца, што галоўнай прычынай была адсутнасьць магчымасьці патлумачыць праграму БНФ і абвергнуць хлусьню, якая татальна лілася на кандыдатаў ад БНФ праз афіцыйныя СМІ.
11 сакавіка, праз тыдзень пасьля першага тура і за тыдзень да другога, Вярхоўны Савет Літвы абвясьціў Незалежнасьць. Гэтая падзея была імгненна скарыстаная прапагандысцкай машынай, каб давесьці, што БНФ хоча аддзяліць БССР ад СССР, выкарыстоўваючы "вопыт іншых народных франтоў”, праз “кроў”. На непадрыхтаваную аўдыторыю такія прыёмы дзейнічалі, а патлумачыць сваё стаўленьне да сувэрэнітэту як ажыцьцяўленьня шэрагу крокаў у палітыцы і ў эканоміцы лідэры БНФ не маглі, бо ня мелі доступу да СМІ.
Акрамя таго, у апошні працоўні дзень перад другім турам ў мясцовых газэтах былі зьмешчаныя паклёпніцкія артыкулы супраць кандыдатаў ад БНФ. Потым шмат каму зь іх удалося дамагчыся абвяржэньня ў наступных нумарах – але гэта было ўжо пасьля галасаваньня.
У выніку, дзесяткі дэмакратычных кандыдатаў не дабралі да перамогі зусім невялікую колькасьць галасоў (напрыклад, таму ж Сяргею Законьнікаву не хапіла 35-ці). Перакананы: калі б у актывістаў БНФ быў доступ да СМІ , нас у Вярхоўным Савеце было б не 27, а мінімум на сотню болей. Разам з "незалежнымі", дэмакратычна арыентаваныя дэпутаты мы склалі б парлямэнцкую большасьць, і гісторыя Беларусі пайшла б па іншым шляху.
І ўсё ж, тыя выбары 1990 года ўпершыню за шмат дзесяцігодзьдзяў стварылі Вярхоўны Савет, у якім нацыянальныя сілы мелі сваё прадстаўніцтва -- дэпутацкую Апазыцыю БНФ. Наперадзе была першая сэсія, фармаваньне Прэзыдыюму і камісіяў ВС, праца над Дэклярацыяй аб сувэрэнітэце, распрацоўка эканамічнай канцэпцыі і законапраектаў, і нарэшце -- 25 жніўня 1991- га, калі была адноўленая Незалежнасьць Беларусі.
Сяргей Навумчык 04.03.2010 08:45
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме