14:23 26.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Дэпутатам беларускага “парламента” панізілі заробкі на 300 тысяч рублёў
Тым не менш заробак у народных абраннікаў застаўся даволі высокім — каля 3 мільёнаў рублёў.
З 1 снежня ў Беларусі панізілі стаўку тарыфнага разраду з 91 тысячы да 77. У выніку снежаньскія заробкі бюджэтнікі атрымалі ніжэй за лістападаўскія. Як высветліла Еўрарадыё, “больш за ўсё” пацярпелі тыя чыноўнікі, чые заробкі самыя высокія. Сярод іх — дэпутаты. Яшчэ ў лістападзе, дзякуючы павышэнню стаўкі на 20%, яны атрымалі на 300-400 тысяч больш. Пра гэта Еўрарадыё расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі беларускага парламента Алег Вялічка. Паводле яго слоў, за снежань дэпутаты атрымалі, прыкладна, тры мільёны, не далічыўшыся ў параўнанні з лістападам каля 300 тысяч.
Алег Вялічка:“На мне гэта адбілася так, як і на ўсіх – спачатку заробак стаў вышэй, а потым ніжэй. Чакалася на 20%, а атрымалі толькі на 5%. Для майго заробку гэта была б дастаткова значная сума. Не гатовы зараз казаць, колькі гэта было б – 300 альбо 400 тысяч. Прынамсі, для мяне гэта было б адчувальна. Зараз у мяне заробак каля 3 мільёнаў”.
Па словах дэпутата, усе яго калегі і хацелі б дапамагчы бюджэтнікам і павысіць ім заробкі, але крызіс не дазваляе пакуль гэтага зрабіць.
Алег Вялічка:“Кожны дэпутат абедзвюма рукамі, і нагамі, і ўсім, чым толькі можна, за тое, каб павысілі заробкі. Я не кажу пра сябе – мы можам і з нашым заробкам сённяшнім з голаду не памерці. Канкрэтных бюджэтнікаў калі ўзяць – дактароў, настаўнікаў, сацыяльных работнікаў – для іх гэта прыбаўка была дастаткова сур’ёзнай. Але трэба аб’ектыўна падыходзіць да таго, што адбываецца сёння. Сёння трэба ў гэтым глабальным крызісе эканамічным і фінансавым выжыць перш за ўсё”.
У адрозненні ад дэпутатаў медыкі з-за паніжэння стаўкі страцілі каля 40 тысяч. Як прызналася медсястра першай катэгорыі 10 гарадской клінічнай лякарні Мінска Юля Азімка, для іх гэта стала даволі адчувальным.
Юля Азімка: “У медсястры напачатку быў аклад 219 тысяч 345 рублёў. Гэта ад катэгорыі залежыць, але ў медсястры 1 катэгорыі быў аклад такі. У наступным месяцы, пасля павышэння стаўкі да 91 тысячы, аклад стаў 268 тысяч 261 рубель. І цяпер, у гэтым месяцы, калі аднялі 15%, аклад стаў 231 тысяча 363 рублі”.
Дактары 2-й катэгорыі той жа бальніцы ў снежні не далічыліся каля 70 тысяч.
Юля Азімка:“Да павышэння ў яго быў аклад 470 940, пасля павышэння – 565 168, а калі знялі, стала 496 тысяч 789 рублёў”.
Значнай сумай падаюцца страчаныя грошы і настаўнікам, з іх невялікімі акладамі. Пра гэта расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай працы, настаўніца рускай мовы і літаратуры школы №7 Маладзечна Вольга Каралёва.
Вольга Каралёва:“373 тысячы быў аклад. А пасля павышэння 394. А цяпер ізноў стаў у межах 370 тысяч з нечым”.
Да таго ж, настаўніца прызналася, што цяпер, з гэтымі пераразлікамі, яна нават не можа канчаткова разабрацца, якім чынам і па якой сістэме ёй налічваюць заробак.
Вольга Каралёва:“Я цяпер як атрымала заробак, так ніяк і не магу разабрацца, што там да чаго. Там нейкія пераразлікі! Я толькі ведаю, што ў іх там сістэма вельмі складаная. Я неяк спрабавала разабрацца, мне бухгалтар тлумачыла, напрыклад, што пры павышэнні заробку ў нас памяншаецца нейкі каэфіцыент аўтаматычна. Таму хоць нам і павышаюць, а мы гэтыя павышэнні асабліва не бачым. Карацей, там такая сістэма, што я нават не спрабую разабрацца”.
2009-01-26 10:49:36, Зміцер Панямонаў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме