00:15 11.04.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Дэкрэт аб дармаедах можа быць зменены
Магілёў, 5 красавіка. У Савет міністраў Беларусі ўнесены праект зменаў дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», гаворыцца ў адказе намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова на зварот грамадзян.
Якія менавіта змены плануюцца, Мінпрацы не паведамляе.
У канцы 2015 года Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта 10 тысяч подпісаў, сабраных пад патрабаваннем адмены дэкрэта № 3, бо ён супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь. Фактычна краіна ўвяла абавязковую працоўную павіннасць на непрацоўных грамадзян, сцвярджалі аўтары звароту.
Як гаворыцца ў адказе намесніка міністра, дэкрэт не прадугледжвае прымусовую працу грамадзян, а ўводзіць абавязак па выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.
«Дэкрэтам устаноўлена, што толькі на падставе рашэння суда ў выпадку нявыплаты або няпоўнай выплаты грамадзянінам ў адпаведным падатковым перыядзе збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў можа быць прыменены адміністрацыйны арышт», — адзначае намеснік міністра, адзначаючы пры гэтым, што адміністрацыйна арыштаваныя абавязкова прыцягваюцца да выканання грамадска карысных работ.
Такім чынам, на думку Кавалькова, палажэнні дэкрэта не ўваходзяць у супярэчнасць з Канстытуцыяй Беларусі.
Як вынікае з адказу намесніка міністра, на 1 студзеня 2016 года ў краіне на ўліку па беспрацоўі знаходзіліся 49,2 тыс. чалавек, а наймальнікамі былі заяўленыя звесткі аб наяўнасці 28,7 тыс. працоўных месцаў.
Пры гэтым, як піша намеснік міністра, любы закон не заўсёды ўлічвае асаблівасці канкрэтных сітуацый і складаных момантаў у жыцці асобных грамадзян.
«Каб не дапускаць такі ўсярэднены і фармальны падыход да грамадзян, артыкулам 43 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь мясцовым саветам дэпутатаў або паводле iх даручэння мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзенае права даваць асобным плацельшчыкам — фізічным асобам, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зыходзячы з іх маёмаснага становішча, льготы па рэспубліканскіх падатках, зборах (пошлінах), што поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты», — адзначае Кавалькоў.
Хоць намеснік міністра сцвярджае, што дэкрэт не ўводзіць прымусовую працу, менавіта прымусовай працай і з'яўляецца абавязак паводле суда выкананне якіх бы там ні было работ, заявіў БелаПАН першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, нагадаўшы, што 4 красавіка набылі моц змены, згодна з якімі можна арыштоўваць «дармаедаў». Ён таксама адзначыў, што Падатковы кодэкс рэгулюе магчымасць давання льгот па гэтым зборы, а гэта азначае, што гэта ўсё-такі «не збор, а менавіта падатак на дармаедаў».
«Пакуль правапрымяняльнай практыкі ў гэтым пытанні няма. Пакуль ніхто не пацярпеў за сваё «дармаедства». Ну а калі першых людзей будуць кідаць за краты, будзе цікава паглядзець, як яны прымусяць чалавека, якога арыштуюць на 10-15 сутак, працаваць. Бо гэтыя людзі таксама могуць адмовіцца», — сказаў Барысаў.
Разам з тым ён адзначыў, што сабраныя подпісы, мабыць, у нейкай ступені паўплывалі на магчымыя змены дэкрэта № 3. «Праўда, іх сутнасць невядомая, але тое, што можна вызваляць грамадзян ад збору за «дармаедства» паводле рашэння мясцовых улад, гэта ўжо станоўчы момант», — заявіў сацыял-дэмакрат.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме