13:45 14.12.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Даследаванне рэпрэсій – палітычны выклік нашай дзяржаве
Вынік гэтага выкліку — закрытыя архівы. Але нават у гэтых умовах у даследаванні тэмы рэпрэсій ёсць прагрэс. Прыклад таму — прэзентацыя зборніка матэрыялаў леташняй міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася 13 снежня ў Мінску.
Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная масавым рэпрэсіям у СССР, адбылася ў лістападзе 2017 года. І гэта была сапраўды знакавая падзея: першая і да мінулага года адзіная такая канферэнцыя праходзіла ў Беларусі 20 год таму — у 1997-м. І вось сёлета ў свет у выдавецтве Змітра Коласа выйшла кніга паводле матэрыялаў леташняга форуму «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці». Прэзентацыя выдання прайшла ў мінскай Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.
— Мы ў Гістарычнай майстэрні ездзім у экспедыцыі, і фактычна ў кожным інтэрв’ю можам сустрэць гэтую тэму. А колькі даследванняў мы на яе маем — кожны з вас ведае. Таму з’яўленне кнігі — важная падзея, — зазначыла дырэктарка Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян.
Ірына Кашталян
У зборніку прысутнічаюць артыкулы на розныя тэмы: тут і гісторыя канкрэтнага рэгіёна, і канкрэтных людей, і рэпрэсіі супраць вернікаў, і прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Словам, выданне будзе цікавым не толькі на навукоўцам, але і ўсім неабыякавым.Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 — 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў параўнаў зборнік з тым, што выйшаў па выніках канферэнцыі 1997 года. Тады і колькасць удзельнікаў (і, адпаведна, дакладаў) была меншая, і сам зборнік быў значна больш сціплым.
— Сённяшняя прэзентацыя — новы ўзровень якасці, — зазначыў гісторык.
Ігар Кузняцоў
Інтарэс да кнігі сваім крыху правакацыйным выступам падагрэў і сацыёлаг, гісторык, адзін з аўтараў выдання Аляксей Ластоўскі. Але — выключна дзеля ўтварэння навуковай дыскусіі.— Я перадусім сацыёлаг і мяне цікавіць культура памяці, як сучаснае грамадства працуе з такімі траўматычнымі падзеямі, — зазначыў Аляксей Ластоўскі.
Ён нагадаў, што Беларусь сярод постсавецкіх краін вылучаецца тым, што гэты рэгіён ва Усходняй Еўропе трапіў у абшар паміж двума таталітарызмамі — нацызмам і сталінізмам — і пацярпеў ад іх. У сувязі з гэтым паўстае праблема пераемнасці беларускай уладай савецкага ладу кіравання.
Калі адбыўся выбух зацікаўленасці тэмай рэпрэсій у другой палове 1980-х, Курапаты сталі першым месцам масавых расстрэлаў у публічнай прасторы СССР. І гэта стала ўдарам па савецкай сістэме і шмат у чым паспрыяла яе разбурэнню. І калі сучасная беларуская дзяржава ў асобе Лукашэнкі абвяшчае сябе спадкаемцай СССР, то даследванне рэпрэсій з’яўляецца палітычным выклікам нашай дзяржаве. Яго вынік — закрытыя архівы.
Аляксей Ластоўскі
Па словах Ластоўскага, сучасная культура памяці сутыкаецца з шэрагам праблем. Напрыклад, комплекс вялікіх лічбаў. Калі ў нашым рэгіёне ўстанаўліваецца колькасць ахвяр, якія пацярпелі ад нейкіх сіл, гэта вядзе да павелічэння лічбаў пацярпелых. Напрыклад, страты падчас Другой сусветнай вайны: «кожны чацвёрты» загінулы беларус пераўтварыўся ў «кожнага трэцяга». Гэта ж адбываецца і з даследваннем рэпрэсій: на думку сацыёлага, ёсць медыйны запыт накручвання гэтых лічбаў. Самы вядомы выпадак — Курапаты: лік расстраляных там у розных крыніцах вар’іруецца ад 7,5 тысяч да 250 тысяч чалавек.Другая праблема, з якой даводзіцца змагацца даследчыкам, — дыялектыка катаў і ахвяр. Усіх расстраляных мы называем ахвярамі, але яны маглі і прымаць удзел у рэпрэсіях, як, напрыклад, большая частка прадстаўнікоў НКУС. Шмат рэпрэсаваных (у тым ліку многія расстраляныя паэты) падтрымлівалі Сталіна, пісалі даносы, шчыра віталі камунізм. У той жа час мы згадваем пра ахвяр, але амаль не згадваем пра катаў. Што мы мусім з імі рабіць? Калі ў памяць ахвяр мы ставім крыжы, згадваем іх імёны, працы, то што рабіць з людзьмі, якія здзяйснялі злачынствы? Гэтае пытанне патрабуе маральна-этычных разваг, перакананы Аляксей Ластоўскі.
Яшчэ адна праблема — перасоўванне віны, калі мы цалкам пераносім яе на знешніх актараў. Гэта прымітывізацыя, якая дазваляе вырашыць праблемы ў мінулым, але не адпавядае рэчаіснасці. Мы не можам сказаць, што сталінскую сістэму ў Беларусі стварылі рускія. Мясцовае насельніцтва шмат у чым гэтаму спрыяла.
Не менш праблемнае пытанне — нацыяналізацыя ахвяр. Мы імкнемся звесці ахвяр да адзінай задавальняючай катэгорыі па нацыянальнай прыкмеце. Гэта адбылося і ў выпадку Курапатаў, калі спроба ўсталяваць крыж польскім афіцэрам, якія, магчыма, былі расстраляныя тут, выклікала абвінавачванні ў разбурэнні вобраза Нацыянальнага некропалю як беларускага месца памяці.
І апошняя праблема — селектыўнасць памяці. Калі мы згадваем загінулых падчас рэпрэсій, звычайна гэта выбітныя асобы, яркія людзі, якія пакінулі пасля сябе нейкія сведчанні, словам, культурная эліта. Але пры гэтым з культуры памяці выводзіцца значная частка людзей, якія таксама пацярпелі, але не былі часткай гэтай эліты — сяляне, працоўныя людзі, якія не былі высокаадукаванымі і не пакінулі пасля сябе культурнага шлейфу.
Злева направа: Аляксей Ластоўскі; Ігар Кузняцоў; Ігар Мельнікаў
Нягледзячы на выданне зборніка, беларускія даследчыкі канстатуюць: тэма камуністычных рэпрэсій выйшла з гістарычнага дыскурсу. І ў існуючых умовах — закрытых архівах, ігнараванні афіцыйнымі ўладамі гэтага пытання (усталяванне памятнага знака ў Курапатах многія расцэньваюць як жаданне ўладаў назаўсёды паставіць кропку ў гэтай тэме), сыходзе апошніх сведак тых падзей — спадзевы на яе вяртанне вельмі невялікія.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме