15:46 23.01.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Дабранач, Беларусь!
Фізычныя законы дзейнічаюць — нават пасьля такіх буйных катаклізмаў, як 19 сьнежня 2010 году. Колькасьць навінаў, якія тычацца палітыкі, урэшце пачала скарачацца. На флягманах палітычнага Байнэту — «Хартыі-97» ды «Беларускім партызане» — зьяўляецца больш камэнтароў і меней інфармацыйных сюжэтаў, бо цікавую інфармацыю аб палітычным полі Беларусі з кожным днём знайсьці ўсё цяжэй. Абыякавая рэакцыя грамадзтва на бойку вакол мэтазгоднасьці байкоту дэманструе, што людзям палітыка робіцца нецікавай. Яшчэ ёсьць пэўныя пробліскі, кшталту гвалту, які нарабіла плётка наконт магчымага затрыманьня главы МУС Куляшова ў Францыі, аднак гэта — хутчэй выключэньне. Да таго ж, раней было так: «яны» былі дрэнныя, «мы» (г. з. — дэмсілы) — добрыя ў большасьці камэнтароў. Цяпер, побач з цкаваньнем Куляшова, у інтэрнэт-камэнтарах ідзе цкаваньне Віктара Івашкевіча ды Андрэя Дзьмітрыева зь іх «страшэнна далёкай ад народу» палемікай аб фармаце ўдзелу ў выбарах. Усё паступова прыходзіць у беларускую прыкрую раўнавагу — «дзевачкі», якія падчас прэзыдэнцкай кампаніі рэпосьцілі на сваіх старонках Вконтакте навіны пра Някляева ды Саньнікава, цяпер зноў зьмяшчаюць фотачкі коцікаў. Цікавіцца палітыкай зрабілася заняткам немадняцкім. Калі ўздымаеш раптам тэму стасункаў з Расіяй, страйкаў на фабрыках, палітзьняволеных — падчас глямурнай размоўкі ў кавярні — усе навокал прыціхаюць ды павольна пераводзяць размову на іншыя, больш актуальныя ды сучасныя тэмы. І, што самае прыкрае — менавіта так была заўсёды.
Спрадвечны закон палітычнага сну
Ажываньне беларускага грамадзтва заўсёды пачынаецца за 5-6 месяцаў да прэзыдэнцкай кампаніі. Падчас агітацыйнага пэрыяду палітыкі, актывісты, палітолягі, здольныя прадказаць дзеяньні бакоў, пераносяцца ў цэнтар грамадзкай увагі, на кароткі час робяцца для гэтай краіны больш важнымі, чым хакеісты ды поп-музыкі. Пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў заўсёды ідуць арышты, кандыдаты адпраўляюцца ў турмы, грамадзтва праз два-тры тыдні адчувае, што тэма лёсу тых, хто пацярпеў падчас кампаніі, — не хвалюе, не чапляе, і што наогул жыцьцё больш складанае ды прыгожае, чым нейкая там палітыка. Частка апазыцыі абяцае ўзяць рэванш падчас наступных выбараў (у мясцовыя саветы, у палату прадстаўнікоў, і г. д.), аднак на момант іх правядзеньня грамадзтва проста забывае пра тое, што ў краіне ёсьць нейкая апазыцыя. Такім чынам, улада атрымлівае 5 гадоў бясьпечнага існаваньня. Тыя, хто ўдзельнічае ў актыўным палітычным жыцьці (і з-за гэтага церпяць наступствы), атрымліваюць урок разуменьня ўласнай краіны ды ўласнага народу. Падчас наступных выбараў абойма кандыдатаў ды паплечнікаў звычайна кардынальна зьмяняецца — ці то не з-за гэтага разуменьня?
Сыход у сьпячку зацягнуўся
Як я ўжо адзначаў у адным з папярэдніх тэкстаў, катаклізм 19 сьнежня 2010 году трохі зьбіў прывычны альгарытм сну-актыўнасьці-сну. Масавы беларускі чытач — глядач — форумны камэнтатар, заставаўся пакрыўджана-актыўным ажно да пачатку маразоў, амаль год (супраць некалькіх тыдняў, якія працягваў адсочваць палітыку пасьля папярэдніх кампаніяў). Паспрыяў гэтаму ня столькі характар дзеяньняў улады на плошчы (хаця дагэтуль ніколі нічога падобнага не рабілася), аднак эканамічны крызыс, які грымнуў неўзабаве і як быццам пацьвердзіў рацыю затрыманыхпакараныхназваных «пятай калонай» ды «ворагамі». Заснуць народу не далі кошты, заробкі, уся гэта сацыяльная тэма, якая шчыльна падыходзіла да палітыкі. Хлопец, які ў «Фэйсбуку» выказваўся з нагоды акцыі «Стоп-бэнзін» ці зьмяшчаў крэатыўны дэматыватар з партрэтамі галоўных дзейных асобаў беларускага крызісу, успрымаўся дзяўчаткамі «Фэйсбуку», як сэксуальна прывабны, гэта гарантавала паўторнасьць зваротаў да тэмы. Месяцы ішлі, сытуацыя ў краіне лепшай не рабілася, аднак з боку апанэнтаў улады не паўстала асобы кшталту Аляксея Навальнага ў Расеі — сучаснага, маладога ды сьмелага. Апазыцыя паводзіла сябе так, як паводзіла заўсёды, навучаная адсутнасьцю грамадзкай цікаўнасьці да сябе — круглыя сталы, канфэрэнцыі і г. д. Паступова ўсе прызвычаіліся, што з таго боку добрых навінаў чакаць няма чаго. Урэшце, нават тыя хлопчыкі, якія працягвалі выказвацца ў «Фэйсбуку» па коштах на бэнзін ды зьмяшчаць дэматыватары, адчулі, што дзяўчаткі больш не пішчаць. І што наогул выглядаюць яны з дэматыватарамі, як тыя лузэры, якія енчаць пра цяжкасьць жыцьця ды несправядлівасьць сьвету. Палітыка зноў пачала рабіцца ня моднай. Палітычны ўдзел — як гэта было ва ўсе папярэднія гады, — стаў набываць фарбы актыўнасьці для «батанаў» ды «псіхаў».
Пабачымся ў 2015?
Нам, як і ў 2001-м, і ў 2006-м гадах абяцаюць рок-н-рол падчас парлямэнцкай кампаніі. Аднак хутчэй за ўсё выбары пройдуць роўна так, як праходзілі ў папярэднія гады: так, што іх не заўважаць нават журналісты, якія цікавяцца палітыкай і спэцыяльна пішуць пра яе. Страйкі на заводах застануцца прыватнай справай страйкоўцаў: пра іх даведаюцца тыя некалькі соцень, якія працягнуць чытаць навіны пра гэтыя страйкі ў інтэрнэце. Прасьцей за ўсё (каб не было траўмаў) нам, цікаўным, жадаючым нешта зьмяніць, разьвітацца з уласным народам да 2015 году: наступны момант, калі народу спатрэбяцца тыя, хто будзе нешта разумець, ды — тым больш — нешта рабіць у палітыцы, настане праз чатыры гады. Тым жа, хто хоча і робіць нешта ўжо цяпер, дам адну параду: засвойвайце навуку фатаграфаваньня коцікаў. Вучыцеся размаўляць аб Алсу ды шлюбе Пугачовай з Галкіным. Разважайце ў сябе ў «Фэйсбуку» пра тое, як трэба смажыць армянскі лаваш ды каштаваць францускае віно. І вось калі на дзесяць гастранамічных, астралягічных, эратычных ды хакейна-папсовых навінаў у вас у статусе будзе трапляцца адна навіна пра парлямэнцкія выбары, ёсьць шанец, што ў гэтай краіне падчас палітычнай сьпячкі гэтую навіну будуць чытаць.
Блог Віктара Марціновіча
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |