10:00 19.08.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Да кандыдатаў ад апазіцыі існуе перадузятае стаўленне

Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2016” падрыхтавала чацвёртую прамежкавую справаздачу па выніках парламенцкай выбарчай кампаніі, якая ахоплівае перыяд рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і абскарджання адмоваў у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты па 17 жніўня 2016 года.

Пераважная большасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый была вылучана шляхам партыйнага вылучэння. Вылучэнне шляхам збору подпісаў ажыццяўляла невялікая частка прэтэндэнтаў ад апазіцыйных арганізацый, пры гэтым большасць іх ініцыятыўных груп не здавала сабраныя подпісы выбаршчыкаў у акруговыя выбарчыя камісіі (АВК). Праўладныя кандыдаты вылучаліся ад працоўных калектываў, альбо камбінуючы збор подпісаў з вылучэннем ад працоўных калектываў, а часам выкарыстоўваючы ўсе тры спосабы вылучэння – амаль усе вылучаныя падобным спосабам прэтэндэнты былі зарэгістраваныя кандыдатамі.

Насуперак заявам кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), адмовы ў рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў засталася пашыранай практыкай абмежавання выбарчых правоў грамадзянаў. Нягледзячы на зніжэнне агульнай колькасці адмоваў ў рэгістрацыі кандыдатаў у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі, для апазіцыйных партый і аб'яднанняў адмовы ў рэгістрацыі засталіся пашыраныя як у колькасным вымярэнні (агульная лічба адмоваў), так і ў працэнтным вымярэнні (доля адмоваў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў, якія былі вылучаныя ад апазіцыйных арганізацый).

Найбольш пашыранымі падставамі для адмовы ў рэгістрацыі сталі прэтэнзіі да дэкларацый аб даходах і маёмасці прэтэндэнтаў. Для прэтэндэнтаў, што вылучаліся шляхам збору подпісаў, засталася пашыраная практыка адмовы ў рэгістрацыі на падставе праверкі сабраных подпісаў выбаршчыкаў.

Працэдура праверкі подпісаў выбаршчыкаў, што былі пададзеныя для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў, засталася непразрыстай для грамадскасці. Гэта праявілася як у нядопуску назіральнікаў да назірання за гэтым кампанентам працы АВК, так і ў адсутнасці прадстаўнікоў апазіцыі ў большасці АВК, што падрывае давер да вынікаў працэдуры праверкі. Тыя нешматлікія прадстаўнікі апазіцыйных партый, якія былі ўключаныя ў АВК і ТВК, таксама былі пазбаўленыя магчымасці паўнавартасна кантраляваць працэс праверкі подпісаў, здадзеных праўладнымі кандыдатамі.

У шэрагу выпадкаў падставамі для адмовы ў рэгістрацыі сталі прэтэнзіі да копій дакументаў, што пацвярджаюць месца працы і адукацыю асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты. Гэтая катэгорыя дакументаў на бягучых выбарах упершыню патрабуецца пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паколькі іх прадастаўленне было прадугледжанае зменамі ў Выбарчы кодэкс, якія былі ўнесеныя ў 2013 годзе. Такім чынам, змены, унесеныя тады ў Выбарчы кодэкс, не спрасцілі працэдуры рэгістрацыі кандадатаў у дэпутаты, а ўскладнілі яе.

АВК дэманстравалі перадузятае стаўленне да кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыйных партый і аб'яднанняў у параўнанні з кандыдатамі, лаяльнымі дзеючай уладзе. У шэрагу выпадкаў гэта прывяло да адмовы ў рэгістрацыі моцных кандыдатаў, вылучаных ад арганізацый-удзельніц кампаніі "Права выбару-2016", якія вялі актыўную дзейнасць на тэрыторыі выбарчых акругаў і мелі вялікія шанцы здабыць падтрымку выбаршчыкаў. Гэткая практыка з боку АВК стварыла няроўныя ўмовы для кандыдатаў і пазбавіла выбаршчыкаў магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у парламенце на аснове роўных і справядлівых умоваў.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016” Алесь Сілкоў лічыць, што чацвёрты этап парламенцкай выбарчай кампаніі паказаў, што ўлада дзейнічае па прынцыпу Мусаліні “Сябрам – усё, ворагам - закон”:

Праверка дакументаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты акруговыя камісіі праходзіла пад дэвізам «зняць з перадвыбарчай гонкі любым шляхам». Шмат хто з дэмакратычных прэтэндэнтаў у дэпутаты быў незарэгістраваны па надуманных прычынах. Я маю на ўвазе Алеся Лагвінца, Мікалая Казлова, Вадзіма Левана і Юрыя Казавекіча. Абскарджванне іх нерэгістрацыі не прынесла ніякіх вынікаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што паляпшэння правапрымяняльнай практыкі правядзення выбарчай кампаніі няма, - гаворыць Алесь Сілкоў.

З больш падрабязнымі вынікамі назірання чацвёртага этапа парламенцкай выбарчай кампаніі можна азнаёміцца ў далучаным файле .

У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2016

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме