14:00 07.03.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Да 80-годзьдзя з дня нараджэньня Міхася Чарняўскага (відэа)













«Вогнепаклоньнік, сябар Расамахі, чалавек-інстытут». Да 80-годзьдзя з дня нараджэньня Міхася Чарняўскага

7 сакавіка споўнілася 80 гадоў з дня нараджэньня Міхася Чарняўскага.

Міхась Чарняўскі — дасьледнік паваеннага антыбальшавіцкага супраціву, грамадзкі, палітычны і культурны дзяяч Беларусі, археоляг і гісторык, пісьменьнік, дацэнт катэдры археалёгіі і дапаможных гістарычных дысцыплінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў БНФ ды ініцыятар адраджэньня беларускай сацыял-дэмакратыі. Памёр 20 студзеня 2013 году.

«І выберу Радзіму». Дакумэнтальны фільм тэлеканалу «Белсат» пра Міхася Чарняўскага:

У 2015 годзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе» выйшла трэцяе выданьне кнігі Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м. У абноўленым выданьні першы аповед прысьвечаны Міхасю Чарняўскаму. (Арыгінал артыкулу на сайце Свабоды 18 студзеня 2015 году)

Міхась Чарняўскі

7.3.1938, вёска Круці, цяпер Мядзельскі раён — 20.1.2013, Менск. Пахаваны ў Круцях.

Мы пазнаёміліся ў 1974-м, калі спадар Міхась, ужо вядомы археоляг, кандыдат гістарычных навук і ўдзельнік «Акадэмічнага асяродку» — нефармальнага клюбу патрыятычнай інтэлігенцыі, быў выгнаны з Інстытуту гісторыі і зарабляў на хлеб ляўкасьнікам (грунтоўшчыкам палатна) на вытворча-мастацкім камбінаце Саюзу мастакоў. Пра новую «пасаду» ён гаварыў з мудрым гумарам чалавека, непахісна ўпэўненага і ў сваёй праўдзе, і ў тым, што ўсё будзе добра і мы да гэтага дажывём.

Чарняўскі не памыліўся: імпэрыя, як ён і прадказваў нам, студэнтам-гісторыкам, калі эсэсэсэраўскі гмах яшчэ здаваўся непахісным, ляснулася, і мы дажылі да незалежнай Беларусі.

Ён ня проста прарочыў, а набліжаў гэты дзень. Зьбіраў, здавалася б, ужо не патрэбныя нікому аскепкі гісторыі, выхоўваў — ня толькі ў навуцы — вучняў, шукаў і падтрымліваў аднадумцаў.

Калі ў мяне, маладога настаўніка гісторыі, зьявіўся шанец перайсьці на працу ў наваполацкую гарадзкую газэту, Чарняўскі прачытаў мне цэлую лекцыю пра тое, якія магчымасьці гэта можа адкрыць для нацыянальнай справы. І не памыліўся. Досыць згадаць нашае літаратурнае аб’яднаньне «Крыніцы», адкуль выйшаў не адзін дзясятак вядомых літаратараў, якія тады, у маладосьці, пры канцы 1980-х здолелі ператварыць суполку пры газэце ўва ўплывовы дэмакратычны клюб. З «Крыніцаў» пачалася вядомасьць Ірыны Жарнасек, Вінцэся Мудрова, Алега Мінкіна, Сержука Сокалава-Воюша, Валянціны Аксак, Алеся Аркуша, Лявона Баршчэўскага, які стаў нашым дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі гістарычнага 12-га скліканьня.

Кладучы цаглінку за цаглінкай у падмурак новага Адраджэньня, Міхась Чарняўскі працаваў, як цэлая ўстанова.

Дасьледаваў каменны і бронзавы век у Беларусі. Вывучаў сярэднявечны Мядзел і — разам зь Зянонам Пазьняком — замак у Лоску, дзе была славутая друкарня. Пісаў манаграфіі і кнігі для дзяцей (памятаю, як мае сыны Раман і Багдан упадабалі «Стралу Расамахі»). Рызыкуючы трапіць за краты, вывез з Зэльвы і захоўваў да лепшых часоў, а затым апублікаваў «Споведзь» Ларысы Геніюш. Ствараў «Мартыралёг» і БНФ. Адраджаў нацыянальную сацыял-дэмакратыю…

З прыходам незалежнасьці спраў адно паболела.

Спадар Міхась браў удзел у падрыхтоўцы да друку новых навуковых шматтомнікаў і энцыкляпэдыяў, працягваў пісаць дзіцячыя кнігі, змагаўся за беларускамоўнасьць гістфаку БДУ, засноўваў арганізацыю «Вэтэраны Адраджэньня», адкрываў праўду пра паваеннае антысавецкае моладзевае падпольле на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне…

Насуперак шматлікім скептыкам Чарняўскі заўсёды сьцьвярджаў, што пункту невяртаньня да мовы, да сваіх гістарычных падмуркаў мы не дасягнулі, а таму Беларусь ня страціла дэмакратычнай эўрапейскай пэрспэктывы. Іншая рэч, што за яе захаваньне трэба кожны дзень змагацца.

Ягоны сыход стаўся цяжкай агульнанацыянальнай стратаю.

Калі на пахаваньні заплакала дуда Зьмітра Сасноўскага, а ўсьлед за ёю не стрымалі сьлёз і сам славуты музыка, і загартаваныя, вядомыя ўсёй Беларусі людзі, — гэтая страта адчулася яшчэ глыбей…

Клічучы замуж будучую жонку Сьвятлану, Міхась папярэдзіў: «Давядзецца выбіраць, выберу не цябе, а — Беларусь».

«І выберу Радзіму» — назваў свой прысьвечаны Чарняўскаму фільм ягоны сябар, рэжысэр Валеры Мазынскі.

У фільме гучыць песьня «Ах, якія былі Пагоні», прысьвечаная лісоўчыкам — лёгкай ліцьвінскай кавалерыі, што праславілася ў войнах з Расеяй на пачатку ХVІІ стагодзьдзя, а затым пасьпяхова ваявала па ўсёй Эўропе. Тэкст і мэлёдыя створаныя Міхасём Чарняўскім, якому хапала таленту і на песьні.

Ах, якія былі Пагоні! Ах, якія былі баі!Быццам птушкі, ляцелі коніНа чатыры канцы зямлі!Мы Масковію шабляй мералі,Дзідай мералі ціхі Дунай.Даляцелі б і да Амэрыкі,Толькі вельмі ж далёкі край…Не чакайце, шляхотныя пані –Кавалеры ў стэпе ляжаць.Будуць вечніцца нашы расстаньніБез магілы, сьлязы і крыжа.Хмарка лёгкая качыцай шэрай,Прыплыві на радзімы парог,Жменькай дожджу пастукай у дзьверы,Прашапчы, што вярнуцца ня змог.Ах, якія былі Пагоні…

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме