20:45 25.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ДЗЕНЬ ВОЛІ. ДЗЕВЯНОСТАГАДОВЫ СІМВАЛ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
Створаная ў сакавіку 1918 года, Рада БНР за сваю 90-гадовую гісторыю мела як дасягненні, так і зведала некалькі крызісаў.
У першыя гады існавання Рады (1918—1920) спрэчкі ўзнікалі вакол стаўлення да акупантаў, якія змянялі адзін другога: нямецкіх, бальшавіцкіх, польскіх. Так, у снежні 1919 года – за часамі польскай прысутнасці – Рада БНР раскалолася на Народную і Найвышэйшую. Найвышэйшая Рада выступала за супрацоўніцтва з палякамі, сябры Народнай разглядалі тых як акупантаў і заклікалі да барацьбы з імі. Наступ бальшавіцкіх войскаў прывёў да эміграцыі двух частак Рады і да яе аб’яднання.
У 1925 годзе ў Берліне, на 2-й Усебеларускай канферэнцыі, скліканай з ініцыятывы старшыні урада БНР Аляксандра Цвікевіча і яго аднадумцаў, была прынята рэзалюцыя аб прызнанні савецкага Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. У той жа час прэзідыум Рады БНР на чале з Пятром Крачэўскім і Васілём Захаркам не прызналі рашэнняў Берлінскай канферэнцыі і засталіся на эміграцыі.
Ад гэтага часу Рада БНР канчаткова стала прадстаўніцтвам беларускага народу ў вольным свеце. Пагатоў падзеі 1930-х пацвердзілі рацыю Крачэўскага і Захаркі. Большасць дзеячоў Рады БНР, што засталіся або выехалі ў БССР, былі рэпрэсаваныя і знішчаныя.
Гітлераўская Германія, рыхтуючыся ў другой палове 1930-х да вайны з СССР, трымала перад вачыма і нацыянальнае пытанне на “ўсходніх тэрыторыях”. Звярнулі ўвагу і на Раду БНР, старшыня якой Васіль Захарка жыў у Празе. У 1939 годзе яму было прапанавана супрацоўніцтва. Захарка, прааналізаваўшы сітуацыю, ад якіх-кольвечы кантактаў адмовіўся і нават напісаў некалькі артыкулаў, у якіх падверг крытыцы новых акупантаў Беларусі. Са смерцю Васіля Захаркі ў сакавіку 1943 года дзейнасць Рады БНР прыпынілася.
З заканчэннем Другой сусветнай на эміграцыі – на тэрыторыі Германіі, Аўстрыі і Італіі – апынуліся дзясяткі тысяч нашых землякоў, якія не жадалі вяртацца ў СССР (былыя ваеннапалонныя, андэрсаўцы), ці, наадварот, уцякалі з “бальшавіцкага раю”. Яны лічылі, што БССР зноў патрапіла пад бальшавіцкую акупацыю, таму толькі на Захадзе – у вольным свеце – можна выказаць сапраўдныя мэты і памкненні беларускага народа.
Пытанне было ў адным: хто будзе выступаць ад імя беларускага народа.
Грамадскі дзеяч Мікола Абрамчык, які ў свой час быў блізкім супрацоўнікам Васіля Захаркі, прапанаваў аднавіць Раду БНР. Апроч таго, ён меў на руках тэстамент, паводле якога перад сваёй смерцю Захарка перадаваў яму свае паўнамоцтвы.
Лічыцца, што дзейнасць Рады БНР была адноўлена на сходзе беларускага актыву ў беларускім лагеры для перамешчаных асоб у Остэргофене (Баварыя) ў канцы 1947 года. Тады ж была адноўлена і дзейнасць Урада БНР.
З такім алгарытмам аднаўлення не пагадзілася частка эміграцыі, а менавіта паплечнікі Радаслава Астроўскага – прэзідэнта створанай за немцамі Беларускай Цэнтральнай Рады. Яны лічылі, што Рада БНР спыніла сваю дзейнасць у 1925 годзе, а быць прадстаўніком беларусаў на эміграцыі павінна БЦР, якой свае паўнамоцтвы дэлегавалі ўдзельнікі 2-га Усебеларускага Кангрэса ў Мінску (чэрвень 1944), і менавіта БЦР ёсць прадаўжальнікам ідэй Рады БНР узору 1918-1925 гадоў.
Цікава, што першы старшыня Народнага сакратарыята БНР Язэп Варонка, які ад 1922 года жыў на эміграцыі ў Чыкага, пасля Другой сусветнай так і не ўзяў ніякага боку – ні адноўленай Рады БНР, ні БЦР. Тым не менш, кожны з бакоў даводзіў сваю рацыю, прыводзячы аргументы на сваю карысць і разам з тым адмаўляючы апанентам у праве на існаванне. Што праўда, колькасна членаў Рады БНР было значна болей, чым бэцээраўцаў. І менавіта з імі наладзілі супрацоўніцтва амерыканскія спецслужбы.
Абсалютная большасць беларускіх арганізацый у ЗША, Англіі, Канадзе і Аўстраліі мусілі дэклараваць сваю прыхільнасць да той ці іншай палітычнай платформы. І гэта пры тым, што існаванне Рады БНР і БЦР на эміграцыі мела хутчэй сімвалічнае значэнне. Будучы ўрадамі ў выгнанні, яны не маглі весці афіцыйную дзейнасць у той ці іншай краіне.
У 1991 годзе, калі Беларусь канчаткова набыла незалежнасць, Рада БНР павінна была акрэсліць сваё стаўленне да афіцыйнага Мінска. Старшыня Рады БНР Язэп Сажыч у 1993 годзе наведаў з прыватным візітам беларускую сталіцу. Разглядалася нават пытанне аб складанні паўнамоцтваў. Але Сажыч, пабачыўшы няяснасць палітычнай сітуацыі, схільнасць пэўных колаў да аб’яднання з Расіяй, вырашыў не распускаць Рады. А ў 1994 годзе да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, і дзейнасць Рады БНР набыла новы сэнс.
Праўда, сённяшняя Рада БНР – хутчэй даніна традыцыі, прыгожы сімвал. Тым не менш, яна працягвае сваю дзейнасць, рэгулярна збіраецца на пасяджэнні, прымае адозвы, адсочвае сітуацыю ў Беларусі.
Старшыні Рады БНР: Янка Серада (1918), Язэп Лёсік (1918, у снежні 1919 г. пасля расколу ўзначаліў Найвышэйшую раду), Пятро Крачэўскі (са снежня 1919 г. старшыня Народнай Рады, з 1921 па 1928 гг. – Рады БНР), Васіль Захарка (1928—1943), Мікола Абрамчык (1947—1970), Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1971—1982), Язэп Сажыч (1982—1997), Івонка Сурвіла (1997— ).
Алег ГАРДЗІЕНКА
Алег Гардзіенка (1977). Гісторык. Працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1999—2004), адкуль сышоў з ідэалагічных прычын, у кампанію БелаПАН. Цяпер – вэб-рэдактар . Займаецца даследаваннем гісторыі беларускай эміграцыі на Захадзе. Аўтар кнігі “Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі” (2009).
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме