21:21 11.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ДЗЕЦІ-СІРОТЫ НЕ ДАЧАКАЛІСЯ...

Чыноўнікі Мінскага райвыканкама ігнаруюць прамое прэзідэнцкае рашэнне аб зносе альбо перадачы дзецям-сіротам міліцэйскіх катэджаў, пабудаваных у раёне Заслаўскага вадасховішча.

Згодна з “высокім” рашэннем, міліцэйскія катэджы павінны былі знесці альбо перадаць дзецям-сіротам да 1 лютага. Прычым супрацоўнікі Мінскага раённага выканкама да 5 лютага мусілі трымаць справаздачу перад чыноўнікамі Мінскага аблвыканкама аб выкананні даручэння. Аблвыканкам, у сваю чаргу, павінен быў трымаць справаздачу перад Адміністрацыяй прэзідэнта.
Аднак міліцэйскія катэджы стаяць і дагэтуль. І сваіх уласнікаў яны не памянялі.
Карэспандэнт” “Тут і цяпер” пацікавіўся ў адказных чыноўнікаў Мінаблвыканкама далейшым лёсам міліцэйскіх катэджаў.
“Тэлефануйце ў райвыканкам, — адказалі там. — Яны павінны былі забяспечыць знос, таму і ўсе пытанні да іх. Мы толькі трымаем справу на кантролі”.
У Мінскім райвыканкаме ад каментарыяў пакуль устрымліваюцца.

 З ГІСТОРЫІ СПРАВЫ

“Дайце ўласнікам тры месяцы!..”

Пра гісторыю з міліцэйскімі дамамі ўжо падрабязна распавядалі сродкі масавай інфармацыі. У лістападзе мінулага года А.Лукашэнка на ўсю краіну заявіў пра тое, як былыя і дзеючыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў самавольна захапілі элітныя ўчасткі зямлі ў Мінскім раёне. Сярод названых “карупцыянераў” былы першы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Шчурко, намеснік міністра Віктар Філістовіч, экс-намеснікі міністра ўнутраных спраў Юрый Радзюкевіч, Леанід Глухоўскі і іншыя.
Паводле слоў А.Лукашэнкі, для будаўніцтва яны літаральна за капейкі прыдбалі сабе тэрыторыю былога лецішча дзіцячага садка ў ахоўнай зоне Заслаўскага вадасховішча.
“Дайце ўласнікам тры месяцы, каб яны знеслі свае пабудовы, — аддаў публічны загад Лукашэнка. — Калі не знясуць, то яны бязвыплатна павінны быць канфіскаваны пад дамы для дзяцей-сірот. Выконвайце!”
Амаль адразу пасля так званай антыкарупцыйнай нарады з’явіўся дакумент Мінскага аблвыканкама, згодна з якім Мінскі раённы выканаўчы камітэт “не пазней за 1 лютага 2009 года павінен забяспечыць знос будынкаў, размешчаных на вышэйзгаданых тэрыторыях”.

Пазней у прэсе былі надрукаваны дакументы, якія сведчылі аб тым, што міністр унутраных спраў генерал Уладзімір Навумаў асабіста хадайнічаў за тое, каб яго падначаленыя атрымалі права на будаўніцтва дамоў на тэрыторыі летняй дачы дзіцячага садка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Зусім нядаўна шэраг чыноўнікаў, у тым ліку і Навумаў, атрымалі вымовы ад А.Лукашэнкі.
Напрыканцы мінулага года Мінскі раённы выканаўчы камітэт падаў іск “аб прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення, пераходу права ўласнасці на зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх капітальныя будынкі”. Суд прыняў рашэнне не на карысць уладальнікаў маёнткаў — зямлю ў іх адабралі.

Па нашай інфармацыі, цяпер некаторыя ўласнікі дамоў у раёне дачнага пасёлка “Крынічны” вядуць перамовы з прадстаўнікамі ўлады аб тым, каб выкупіць ужо канфіскаваныя ўчасткі зямлі па рынкавай цане.
Канчатковай дамоўленасці з уладамі пакуль няма.

АСАБІСТАЕ МЕРКАВАННЕ

Алег ВОЛЧАК, былы следчы мінскай пракуратуры:
"НЕ ЎСЁ ТАК ПРОСТА..."
— Па законе ўладальнікі дамоў павінны іх знесці альбо за ўласны кошт, альбо за кошт дзяржавы. Пакуль, наколькі я ведаю, былых падначаленых Навумава суд пазбавіў толькі зямельных надзелаў. А вось асобнага судовага рашэння наконт таго, каб вызваліць зямлю ад забудоў, пакуль не было. Мяркуючы па ўсім, павінен адбыцца яшчэ адзін суд, пасля якога пры ўмове прыняцця адпаведнага рашэння ў пасёлак “Крынічны” прыедуць судовыя выканаўцы і будуць вырашаць, як зносіць пабудовы. Але пасля другога суду ва ўласнікаў будзе яшчэ 10 дзён на абскарджванне рашэння, потым — яшчэ тыдзень на дабравольнае выкананне. Але тут не ўсё проста: усё залежыць ад таго, якое рашэнне будзе прынята наверсе…

РЭТРА

А як раней жылі міліцэйскія генералы?

Ці атрымлівалі раней па блаце зямельныя надзелы?
А можа, самавольны захоп зямель пад лецішчы — гэта даўняя традыцыя ў МУС?
З такімі пытаннямі “Тут і цяпер” звярнулася да старшыні Вярхоўнага Савета 12-га склікання, заслужанага юрыста Беларусі, генерал-лейтэнанта Мечыслава Грыба.
Ён, дарэчы, таксама мае лецішча ў Ждановічах.

— З тымі, каго абвінавацілі ў самавольным захопе зямель, мы жывём на розных берагах вяслярнага канала, — удакладняе Мечыслаў Іванавіч. – Яны на правым беразе, а я — на левым.
Як раней міліцыянеры атрымлівалі зямельныя ўчасткі? Раней у Ждановічах Міністэрства ўнутраных спраў мела свае дзяржаўныя дачы, якія раздаваліся выключна кіраўнікам упраўленняў, намеснікам міністра і міністру. Больш нікому.
Калі мяне перавялі з Віцебска ў Мінск начальнікам упраўлення аховы парадку МУС, мне таксама выдзелілі дзяржаўную дачу. Я займаў там палову дома, другая палова належала другому начальніку. Зямлі было, можа, сотак дзве-тры. Мы там цыбулю вырошчвалі, салату. Калі я з’ехаў, дачу здаў – яна перайшла некаму іншаму.
У намеснікаў міністра і міністра былі асабістыя дачы. Ім належаў цэлы дом.
Потым гэтыя дачы прыватызавалі і выкупілі на законных падставах. Права выкупу меў той, хто там жыў. Зразумела, што ніхто не адмовіўся ад таго, каб займець дачу ва ўласнасць, бо цэны, мякка кажучы, былі проста сімвалічныя.
Тых міліцэйскіх генералаў, у якіх загадалі адабраць дамы, я не лічу вінаватымі. Хутчэй за ўсё, яны проста ахвяры: не пад дулам жа аўтамата альбо пад пагрозай зняволення яны прымусілі некага выдзеліць ім гэтыя ўчасткі. Яны набылі іх па тым законе, што дзейнічаў тады...
Ігар АНДРЭЕЎ, спецыяльна  для svabodaby.net  2009-02-11

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме