01:15 24.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ДЗІРКА Ў ПЛОЦЕ

Вынікі “выбараў” у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў яшчэ афіцыйна не абвешчаны, але я табе ўпэўнены, што дэпутатам Мінскага гарадскога Савета па Карбышаўскай выбарчай акрузе стала галоўная доктарка маёй “роднай” 27-й паліклікнікі Рыжова. Ці Рыжкова? А мо Рыжыкава? Няважна, як яе прозвішча, але стала дэпутатам. Калі я памыліўся – з мяне паўлітра якаснай гарэлкі.

Я здзейсніў тытанічны высілак і такі з’явіўся на выбарчы ўчастак, што ў доме 40 па вуліцы Сядых, каб прагаласаваць за таварыша па партыі Аляксея Сігаева.

Не быў там ад крывавай нядзелі 19 снежня 2010 г. За гэты час, як вядома, усе школы ў Менску абгарадзілі. Тую школу, што ў доме 40 па вул. Сядых, абгарадзілі па-дурному. Раней у школу з праезду, што злучае вул. Каліноўскага з вул. Сядых, можна было трапіць па шырокай асфальтаванай дарожцы. Вось па той дарожцы я і пайшоў. Ды ўпёрся ў жалезную агароджу. Мусіў ісці назад на праезд і шукаць уваход у школьны двор.

Знайшоў уваход у школьны двор бліжэй да вул. Сядых. Народ працерабіў сцежку да школы праз вельмі непаглядныя спартыўныя пляцоўкі. Можна ўявіць, колькі бруду прыліпае да абутку пешаходаў у непагадзь.

Ужо аддаўшы свой голас за таварыша Сігаева ды выйшаўшы на школьны ганак, я ўбачыў, што шлях у школу можна было скараціць. Проста праваруч ад той брамы, за якой пачынаецца асфальтаваная дарожка, што ўпіраецца ў агароджу, ёсць дзріка ў плоце. Звычайная дзірка, праз якую пройдзе кожны грамадзянін, не надзелены вялікім жыватом. Пра школьнікаў маўчу. Ад школьнага ганка да дзіркі вядзе простая, як страла, сцежка, вытаптаная ўздоўж агароджы. Зноў жа, можна ўявіць, якая тут “каша” пад нагамі ў дажджлівае надвор’е.

На праезд я выйшаў праз тую дзірку ў плоце.

Ідучы да “свайго” стала, на выбарчым участку я зазіраў, як густа-часта запоўненыя старонкі, што ляжалі перад сябрамі (сяброўкамі, калі на тое) выбарчай камісіі. Не густа і не часта. На “маім” аркушы было ўсяго чатыры подпісы. А мусіла б быць каля трыццаці.

Ва ўлады сур’ёзныя праблемы з прыходам выбаршчыкаў на ўчасткі. Пра гэта сведчыць не толькі пераход ад мажарытарнай сістэмы з абсалютнай большасцю да сістэмы з адноснай большасцю, не толькі адсутнасць фрэвэнкцыі (устаноўленага законам працэнту прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі, каб выбары лічыліся сапраўднымі). Пра гэта сведчыць і тое, што гэтымі днямі кантора мадам Ярмо эсэмэскамі зазывала выбаршчыкаў на ўчасткі. Такога раней не было.

Пайшоўшы на зазыванне выбаршчыкаў эсэмэскамі, дзядзька Лу і мадам Ярмо такім чынам не толькі прызналі наяўнасць праблемы. Яны пацвердзілі тым самым, што сваёй палітыкай ператварылі галасаванне ў спектакль, які не цікавіць большасць грамадзян. Нават буфетамі цяпер не завабіш большасць выбаршчыкаў на ўчасткі.

Ідучы з участка на вул. Каліноўскага, я думаў: а што ж будзе ў наступным годзе? Зноў кантора мадам Ярмо будзе зазываць выбаршчыкаў на ўчасткі эсэмэскамі? І тут мне цюкнула ў галаву: а яшчэ зазываламі будуць “дэмакратычныя” кандыдаты на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі, спарынг-партнёры дзядзькі Лу.

Яны, зазывалы і спарынг-партнёры, хораша папрацавалі на дзядзьку Лу ў 2010 г. Не выключана, што апрабаваны ўладаю сцэнар будзе паўтораны і ў 2015-м. Зноў на першую пасаду ў краіне будуць плішчыцца і жук, і жаба.

Здаецца, законам жуку і жабе пастаўлены бар’ер: каб стаць кандыдатам на пасаду Прэзідэнта патрабуецца сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Але ў плоце, якім улада абараніла пасаду Прэзідэнта, тая ж улада зрабіла дзірку. І праз тую дзірку на выбарчую пляцоўку ў 2010-м пралезлі людзі, якія ані блізка не сабралі запаветныя 100 тысяч подпісаў.

Хто, апроч Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава, сабраў патрэбную колькасць подпісаў. Яраслаў Раманчук? Сумнеўна. Пагатоў такую колькасць подпісаў не сабралі ні Мікола Статкевіч, ні Віталь Рымашэўскі, ні іншыя прэтэндэнты.

На што быў разлік гэтых дзеячаў? Настойваць на тым, што патрэбная колькасць подпісаў сабраная, а факт іх нерэгістрацыі кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта патлумачыць падкопамі і злой воляй злачыннага рэжыму. А злачынны рэжым узяў і зарэгістраваў, бадай, усіх, хто квапіўся быць кандыдатам на пасаду Прэзідэнта. Улада выбіла карты з рук амбітных, але слабасільных палітыкаў. А заадно стварыла ілюзію палітычнага плюралізму, альтэрнатыўных выбараў. І ператварыла гэтых палітыкаў у сваіх спарынг-партнёраў, зазывалаў на выбарчыя ўчасткі.

Ідучы з выбарчага ўчастка я й думаў: цікава, ці паўторыцца сцэнар 2010 года ў годзе наступным? Бо што ні кажы, а ва ўлады ёсць сур’ёзная праблема з прыходам выбаршчыкаў на ўчасткі. Адмаўляцца ад мажарытарнай сістэмы з абсалютнай большасцю дзядзьку Лу не з рукі: які ж ён тады “ўсенароднавыбраны”? Маляваць працэнт прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі пры ўсім умельстве можна толькі да пэўнай мяжы. І тут нічога не застаецца, як зазываць грамадзян эсэмэскамі ды пакарыстацца паслугамі зазывалаў з дэмакратычнага абозу. Дзірка ў плоце для іх зроблена.

Анатоль Сідарэвіч
23 сакавіка 2014 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме