11:00 14.12.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ДЭЛЕГАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ ПРЫНЯЛА ЎДЗЕЛ У КАНГРЭСЕ ПАРТЫІ ЕЎРАПЕЙСКІХ САЦЫЯЛІСТАЎ У ПРАЗЕ
7–8 снежня 2009 года ў Празе адбыўся 8-ы Кангрэс Партыі Еўрапейскіх Сацыялістаў, у якім прыняла ўдзел і дэлегацыя Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамады).
На другі пяцігадовы тэрмін Прэзідэнтам ПЕС быў абраны былы Прэм’ер-міністр Даніі Пол Ніруп Расмусан. Асноўныя напрамкі дзейнасці ПЕС уключаюць змяненне палітычных прыярытэтаў у Еўропе цягам бліжэйшых пяці год, узмацненне ўплыву ПЕС у Еўрапейскіх інстытутах, узмацненне сацыялістычнай сям’і. Сярод іншых план дзеянняў прадугледжвае: выпрацоўку доўгатэрміновай стратэгіі развіцця для Еўропы; рэфармаванне фінансавай сістэмы; актыўную працу ў галіне змены клімату; выпрацоўку праграмы для перамогі на наступных Еўравыбарах і вылучэнне канкурэнтнага кандыдата на пасаду Прэзідэнта Еўрапейскай Камісіі; падтрымка левых еўрапейскіх партый, якія знаходзяцца ў апазіцыі ў сваіх краінах, для перамогі на нацыянальных выбарах і ўваходжання ў нацыянальныя ўрады.
На кангрэсе былі прынятыя дзве рэзалюцыі: “Людзі найперш: прагрэсіўны план дзеянняў для Еўропы”, “Новы шлях наперад – мацнейшая ПЕС”, – а таксама два звароты: да ўрадаў краін свету аб прыняцці адказных рашэнняў падчас Кліматычнага Форуму ў Капенгагене; аб рэгуляванні сусветных фінансаў (у сувязі з сусветным фінансава-эканамічным крызісам).
Падчас Кангрэсу першы намеснік старшыні БСДП Ігар Маслоўскі прыняў удзел у круглым стале, прысвечаным палітыцы Еўрапейскага Саюзу добрасуседства, дзе былі прадстаўленыя акрамя Беларусі дэлегацыі з Украіны, Малдовы, Расіі, Арменіі. Пітэр Шыдар (Аўстрыя) старшынстваваў на пасяджэнні, прынялі ўдзел таксама сустаршыні Камітэта Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу па СНД, Каўказе і Чорным моры Аляксандра Добалі (Венгрыя), Марыё Налпацян (Арменія), а таксама былы дэпутат Еўрапарламенту Ян Марынус Віерсма (Нідэрланды), намеснік міжнароднага сакратара Шведскай сацыял-дэмакратычнай партыі Марцін Сандгрэн. Усе дэлегацыі далажылі пра існую сітуацыю ў адпаведных краінах. Ігар Маслоўскі падчас свайго выступу адзначыў, што Кангрэс ПЕС і гэты круглы стол могуць даць дадатковы імпульс для далейшага развіцця стасункаў не толькі ў межах палітыкі добрасуседства, але і паміж асобнымі партыямі і ПЕС.
Першы намеснік старшыні партыі І. Маслоўскі правёў перамовы з Генеральным сакратаром Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу Луісам Аялам (Чылі), намеснікам міжнароднага сакратара Шведскай сацыял-дэмакратычнай партыі Марцінам Сандгрэнам; міжнародным сакратаром Панэлінскага сацыялістычнага руху Паўлінай Лампса (Грэцыя); кіраўніком дэлегацыі Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Нідэрландаў Кірстэн Мэйер; міжнародным сакратаром Чэшскай сацыял-дэмакратычнай партыі Катажынай Прудкавай; з старшыней Армянскай Сацыялістычнай Партыі Арменам Рустамянам; Аляксандрай Добалі (Венгрыя).
У рабочым парадку адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Саюзу Левай Дэмакратыі (SLD, Польшча), Сацыял-Дэмакратыі Польскай (SDPL, Польшча), Літоўскай сацыял-дэмакратычнай Партыі (LSDP, Літва).
Нягледзячы на занятасць, з дэлегацыяй БСДП сустрэўся Старшыня Чэшскай сацыял-дэмакратычнай партыі Іржы Пароубэк.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме