22:23 10.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ДАПАМОЖАМ КАПІТАНУ МІЛІЦЫІ ПУГАЧОВУ АТРЫМАЦЬ КАМПЕНСАЦЫЮ

Я не ведаў Яны Паляковай, але тое, як здзекаваліся з яе і міліцыя, і пракуратура, і суд, тое, што ўрэшце здарылася з ёю, застанецца ў маёй памяці на ўсё астатняе жыццё.
Як вядома, салігорскі суд не толькі асудзіў Яну Палякову да двух з палавінаю гадоў “хіміі”, але і абавязаў яе выплаціць маральную кампенсацыю капітану міліцыі Пугачову. Таму самаму, на дзеянні якога Яна Палякова падавала скаргі, а пракуроры ўпарта гэтыя скаргі ігнаравалі.
Капітан міліцыі Пугачоў апынуўся ў цяжкім становішчы. Цяпер ён не зможа атрымаць законны мільён рублёў.
ДАПАМОЖАМ КАПІТАНУ ПУГАЧОВУ! ПЕРАШЛЕМ ЯМУ ПА СОТНІ, ПА ДВАЦЦАЦЬ РУБЛЁЎ. ХТО КОЛЬКІ МОЖА. НЯХАЙ ЧАЛАВЕК ПАРАДУЕЦЦА.

Мне невядома, хто прадстаўляў у салігорскім судзе інтарэсы Пугачова. Але яго адвакатам на ўсю краіну выступіў нехта Ксенафонт Суперфасфатаў. У духу сумнавядомага часопіса «Политическое обозрение» ён напісаў, а “Советская Белоруссия” надрукавала фельетон, у якім Яна Палякова выстаўлена грантасмокам, утрыманкаю замежных  фондаў, паклёпніцай, якая, палежваючы і папіваючы эспрэсо, вырашыла выставіць на ўсеагульную ганьбу нявіннага капітана Пугачова…

Я здагадваюся, хто схаваўся пад псеўданімам Ксенафонт Суперфасфатаў, пазнаю яго прымітыўны стыль. Пажадаўшы Ксенафонту Суперфасфатаву, каб і на яго пахаванне людзі збіралі грошы, я заклікаю грошы, якія пойдуць на выплату кампенсацыі капітану ПУГАЧОВУ, дасылаць рэдактару «Советской Белоруссии» ПАЎЛУ ЯКУБОВІЧУ. Гэта ён апублікаваў ганебны фельетон Суперфасфатава. Гэта ён прычыніўся да пераследу Яны Паляковай.

Адрас: Павел Ізотавіч Якубовіч
рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия»
вул. Б. Хмяльніцкага 10А
220013 г. Мінск
Сваю адну тысячу рублёў я ўжо даслаў гэтаму публіцысту і мысліцелю.

Анатоль Сідарэвіч

P.S. Валянцін Акудовіч на Радыё Свабода заклікаў апазіцыю еўрапеізаваць гэтую ўладу, на руках занесці яе за Буг і еўрапеізаваць. Мой адказ Валянціну будзе на anatolsidarevic.livejournal.com
     

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме