12:45 10.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ДАКЛАД аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі
Унутранае становішча краіны
Змены, унесеныя ў выбарчае заканадаўства, паказаваюць, што ўсе гэтыя выбары будуць адбывацца не ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі – свабодна, справядліва і празрыста. Мінімізаваны функцыі назіральнікаў, сродкі на вядзенне выбарчай агітацыі з бюджэту не выдзяляюцца зусім, выбары адбываюцца ў адзін тур (перамагае той, хто набраў адносную большасць галасоў незалежна ад фрэвенкцыі – працэнта яўкі выбаршчыкаў), падаваць заявы аб перападліку галасоў могуць толькі члены камісій і кандыдаты ў дэпутаты, скаргі назіральнікаў і кандыдатаў у дэпутаты разглядаюць акруговыя выбарчыя камісіі, забараняецца заклікаць да байкоту і зрыву выбараў, а таксама выносіць на рэферэндум пытанні, звязаныя са зменай і адменай мытаў. Унесеныя ў выбарчае заканадаўства змены супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Дэмакратычныя палітычныя партыі ў дадзенай сітуацыі можна параўнаць з рухам дысідэнтаў ці гурткамі па інтарэсах, якія выступаюць супраць існуючага рэжыму. У сілу сваёй палітычнай маргіналізаванасці яны не валодаюць дастатковымі чалавечымі, інфармацыйнымі і мабілізацыйнымі рэсурсамі для ўплыву на цяперашні недэмакратычны рэжым. Партыі, якія вызнаюць дэмакратычныя каштоўнасці, рэжым абвясціў унутранымі ворагамі, “пятай калонай”. Звычайны беларус, які мае сталае месца працы альбо вучобы, лічыць за лепшае не звязвацца з імі, каб не пацярпець за сваю дзейнасць. Таму сучасныя партыі складаюцца пераважна з людзей, якія не маюць афіцыйнага месца працы або працуюць за межамі краіны, а таксама з незалежных у эканамічным плане ад дзяржавы актывістаў (прадстаўнікі дробнага бізнэсу, менеджэры, журналісты, актывісты няўрадавых дэмакратычных арганізацый), працэнт якіх куды меншы ў параўнанні з першымі дзвюмя групамі.
У краіне пастаянна парушаюцца правы чалавека. Існуе крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Пад пастаянны прэсінг і пераслед трапляюць актывісты дэмакратычных партый, арганізацый, прафсаюзаў, а таксама незалежныя журналісты. У краіне дагэтуль ёсць 9 палітвязняў1, сярод якіх сацыял-дэмакрат Мікалай Статкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Паводле ацэнак міжнародных праваабрончых арганізацый, наша краіна не з’яўляецца свабоднай.
Тым часам Беларусь уваходзіць у такія ўтварэнні, як Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, а таксама Мытны саюз.
Мытны саюз – гэта ўтварэнне, у якое ўваходзяць Беларусь, Казахстан і Расія. Ідэя Мытнага саюзу стала рэакцыяй расійскай улады на палітыку Еўрапейскага Саюза, які прыняў праграму Ўсходняга партнёрства, мэтай якой было пашырэнне свайго ўплыву на дзяржавы былога Савецкага Саюза, што пасля яго распаду ўтварылі буфер паміж ЕС і Расіяй. Праграмай Усходняга партнёрства Еўрасаюз паставіў сабе за мэту ўцягненне Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны ў працэсы еўраінтэграцыі. Праз падпісанне пагаднення аб асацыятыўным сяброўстве ў ЕС для жыхароў дадзеных краін адмяняюцца візы, здымаюцца мыты на імпартаваныя тавары, а таксама адкрываюцца рынкі для тавараў з гэтых краін. Асацыяванае членства ў ЕС, як і ў Мытным саюзе, мае на ўвазе свабоднае перамяшчэнне рабочай сілы, капіталаў, тавараў і паслуг. Аднак у адрозненне ад Мытнага саюза ў еўраінтэграцыі прысутнічаюць сфармаваныя дэмакратычныя традыцыі, павага да правоў чалавека і захоўваецца нацыянальная адметнасць кожнай дзяржавы, яе культурная самабытнасць.
Эканамічная сітуацыя
Тое, што нафта і газ у краіну паступаюць у Беларусь з Расіі па ўнутрырасійскіх коштах, – з’ява часовая З 2017 года кошты будуць падвышацца да агульнасусветных. Гэта звязана як з уступленнем краіны ў Мытны саюз, так і з вычарпаннем старых радовішчаў газу ў Расіі і з неабходнасцю распрацоўкі новых, на што патрэбны велізарныя грошы.
Вядома, што атамная станцыя будзе будавацца паводле эксперыментальнага расійскага праекту (дагэтуль падобныя рэактары нідзе не выкарыстоўваліся) і на расійскія крэдыты. Умовай будаўніцтва станцыі таксама з’яўляецца закупка ўранавага паліва (ТВЭЛаў) для функцыявання АЭС выключна ў Расіі. Акрамя таго, на станцыі будуць працаваць пераважна расійскія спецыялісты, і яна ў большай частцы будзе належаць расіянам, бо асаблівасць атамных станцый заключаецца ў тым, што любая краіна, на тэрыторыі якой размешчана АЭС, на ўвесь час яе існавання па ўсіх артыкулах застаецца залежнай ад краіны, якая яе пабудавала.
І ўсё ж, нягледзячы на мільярдныя расійскія ўліванні, наша эканоміка ўжо некалькі гадоў перажывае крызіс. Цяжкая эканамічная сітуацыя ў краіне ўзнікла таму, што кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад правядзення рынкавых рэформ і прыватызацыі. Дзяржаўная ўласнасць складае ў краіне, паводле падліку незалежных экспертаў, каля 70%. За 2013 год не было прыватызавана ні аднаго дзяржаўнага прадпрыемства, а ў 2012 годзе усяго адно – Аршанскі авіярамонтны завод. Яго ўласнікам сталі ўкраінцы.
Так званая беларуская мадэль характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю працы і якасцю прадукцыі. У некаторых галінах вытворчасці прадукцыйнасць працы адстае ў разы ў параўнанні з еўрапейскімі паказчыкамі. У Беларусі вялікія затраты энергіі і сыравіны на вытворчасць адзінкі прадукцыі. Усё гэта робіць прадукцыю нашых прадпрыемстваў неканкурэнтаздольнай на знешніх рынках. Гэтым тлумачыццазатаварванне складоў і двароў заводаў і фабрык. Напрыклад, у першым квартале 2013 года складскія запасы прадукцыі складалі амаль 80% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.
З прычыны ваенных дамоваў з Расіяй наша краіна вымушана ўтрымліваць адно з самых вялікіх войскаў у пераліку на 100 тысяч грамадзян у рэгіёне. Не сакрэт, што беларуская армія фактычна выконвае ролю шчыта для Расіі на заходнім рубяжы, бо істотных ваенных баз і вайсковых частак абарончага прызначэння на тэрыторыі заходніх абласцей Расіі проста няма. Пад выглядам супольных Расія праводзіць вучэнні сваіх армейскіх падраздзяленняў заходняга напрамку на тэрыторыі нашай краіны, што выклікае занепакоенасць суседніх з Беларуссю краін Еўрасаюза.
Так званая шматвектарная палітыка беларускага рэжыму правалена па ўсіх напрамках. Супрацоўніцтва з Венесуэлай ператварылася ў анекдот, аднак для самой Венесуэлы склалася зусім неанекдатычная сітуацыя, калі Беларусь дагэтуль не выплаціла ёй за пастаўкі нафты 2,8 мільярда даляраў ЗША.
Калі на пачатку свайго панавання кіроўная група абапіралася на падтрымку сацыяльных нізоў, дык з цягам часу яе сацыяльная база змянілася. Працягваючы сацыяльную дэмагогію і палітыку папулізму, рэжым ў сапраўднасці абапіраецца цяпер на буйных ўласнікаў, чыё існаванне і працвітанне, у сваю чаргу, залежаць ад улады.
Мы становімся сведкамі камерцыялізацыі медыцыны і адукацыі. Узровень адукацыі вельмі нізкі: ніводная з ВНУ Беларусі не трапляе ў рэйтынг 500 самых прэстыжных ВНУ планеты, хоць кошт навучання ў некаторых універсітэтах перасягнуў, напрыклад, кошт навучання ў знакамітай Сарбоне.
У краіне дагэтуль не вырашана жыллёвая праблема. Толькі афіцыйна больш за 800 тысяч чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых ўмоваў. Многія тысячы людзей жывуць у бараках і фабрычна-заводскіх інтэрнатах без перспектывы паляпшэння свайго становішча.
Дзякуючы гастарбайтарам у краіне падтрымліваецца адносна высокі стандарт спажывання, становіцца магчымай аплата навучання студэнтаў у ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, медыцынскіх, камунальных ды іншых паслуг. З другога боку, вялікая колькасць працоўных мігранатаў дазволіла ўладзе пазбегнуць у краіне вострай сацыяльнай напружнанасці. Таму намер улады ўвесці падатак на тых, хто не працуе ў Беларусі, можа прывесці для непажаданых наступстваў.
Нягледзячы на тое, што апошнія паўгода ў краіне назіраецца прырост насельніцтва, прадстаўнікі тытульнай нацыі не пакрываюць натуральны прырост насельніцтва. Гэта ім дапамагаюць зрабіць рускія, украінцы, узбекі, таджыкі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія прыехалі ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. Калі рускія і ўкраінцы свабодна інтэгруюцца ў беларускае грамадства, то з прадстаўнікамі Азіі і Каўказа ў сілу адрознай культуры, рэлігіі і менталітэту ўзнікаюць непаразуменні. У Беларусі ўжо маюцца факты міжэтнічных канфліктаў, ёсць і першыя людскія ахвяры.
Нарэшце, Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па такім паказчыку, як колькасць суіцыдаў і. У 2012 годзе 1944 чалавекі скончылі сваё жыццё самагубствам, што перавышае колькасць ахвяраў, загінулых у ДТЗ.
Дзяржаўныя чыноўнікі пастаянна заяўляюць аб быццам бы тоеснасці беларускага і рускага народаў (“мы адзін народ”) і тым самым імкнуцца пераканаць беларусаў у справядлівасці свайго русіфікатарскага праімперскага курсу. Справаводства ва ўсіх дзяржаўных установах і арганізацыях русіфікаванае. Кіраўнікі краіны і чыноўнікі ўсіх рангаў публічна выступаюць толькі на рускай мове. Беларуская мова, калі іншы раз і выкарыстоўваецца, дык толькі дзеля экзотыкі або дзеля таго, каб абразіць апанентаў улады.
Усё гэта пералічанае паказвае, што ўлада ўзяла курс на выкараненне ўсяго беларускага, пачаўшы гэтае выкараненне з дзяцей і моладзі.
Аналіз палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі прыводзіць да высновы, што ў нашай краіне назіраецца сістэмны крызіс, які ахапіў усе сферы грамадскага жыцця: палітычную, эканамічную і духоўную. Даводзіцца канстатаваць, што Беларусь не з’яўляецца самастойнай дзяржавай. Наша краіна ператварылася ў паўкалонію Расіі. Кіроўная групоўка нашай краіны цалкам залежыць ад афіцыйнай Расіі і дзякуючы ёй утрымлівае ўладу. Беларусь паступова ператвараецца ў краіну трэцяга свету.
Калі ж казаць коратка, пытанне перамен зводзіцца да пытання часу і канкрэтных умоў ажыццяўлення гэтых перамен. Агульны ж вектар развіцця даўно паказаны класікамі сацыялістычнай думкі: ад несвабоды да свабоды, ад свабоды меншай да свабоды большай. І ніякі рэакцыйны рэжым, ніякі тэрор не здольны адмяніць гэты напрамак развіцця чалавецтва, у тым ліку беларускага народа.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме