07:45 08.02.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чавусаў: Трэба кіравацца агульнымі інтарэсамі
"Спрэчкі наконт удзелу ў парламенцкіх выбарах ці іх байкоту наносяць беларускім апазіцыйным сілам вялікую шкоду," -- лічыць палітолаг Юрый Чавусаў. Па яго меркаванню, не трэба рабіць акцэнт на гэтых пытаннях.
"Галоўная задача зараз – знайсці тыя агульныя справы, якія дазволяць апазіцыі аб’яднацца," -- сказаў Юрый Чавусаў у размове з журналістам Генадзем Барбарычам.
РР: – Зараз у апазіцыі моцныя спрэчкі наконт удзелу ці байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў. Якая, на Ваш погляд, пазіцыя больш слушная?
-- На мой погляд, само супрацьпастаўленне гэтых дзвюх тактыкаў – тактыкі байкатавання і тактыкі ўдзелу ў гэтых выбарах -- не нясе карысці дэмакратычным сілам. Зараз любы сцэнар, абраны ў якасці адзінага, будзе аўтаматычна з’яўляцца найбольш стратэгічна выгодным. Тое ж разыходжанне паміж гэтымі двума цэнтрамі, якія ёсць у апазіцыі, з аднаго боку, зарэгістраваныя палітычныя партыі, з іншага – незарэгістраваныя парэшткі кампаніі Андрэя Саннікава, “Еўрапейская Беларусь” -- гэтым кангламератам, які зараз з’яўляецца цэнтрам байкоту. Само супрацьстаянне гэтых двух цэнтраў, якое ў “медыях” набывае маніхейскае значэнне барацьбы “свету” і “цемры”, з ўжываннем абсалютна непрымальных ў публічнай дыскусіі тэрмінаў, гэтае супрацьстаянне наносіць вялікую шкоду не проста еднасці дэмакратычных сілаў, яно пагражае нават іх існаванню. Бо зараз мы бачым, як апазіцыя змагаецца не з дзеючым палітычным рэжымам, а сама з сабой.
РР: -- Як Вы лічыце, ці здольная апазіцыя пераступіць праз свае амбіцыі і дамовіцца аб адзіным сцэнары дзеянняў?
--Усё выглядае так, што прыхільнікі байкоту будуць раскручваць свой сцэнар, а прыхільнікі абмежаванага ўдзелу ў выбарах – свой. І пагадненне паміж імі наўрад ці можа быць дасягнутае, калі толькі не ўмяшаецца нейкая трэцяя сіла. Гэта можа быць альбо драматычнае ўзмацненне рэпрэсій, альбо умяшанне нейкіх знешніх актараў, якія будуць уплываць на абранне адзінага сцэнару. З іншага боку, ёсць тыя рэчы, па якіх і той, і другі бок знаходзяць паразуменне. Гэта, напрыклад, неабходнасць кантролю за выбарчым працэсам, назіранне, вылучэнне ў выбарчыя камісіі і ацэнка самога ходу выбарчай кампаніі. Калі палітыкі, сродкі масавай інфармацыі, грамадзянская супольнасць перастануць рабіць акцэнт на пытаннях “байкот ці ўдзел”, а стануць рабіць акцэнт на тым, як рабіць кантроль за яўкай, як рабіць назіранне, як рабіць масавае вылучэнне ў выбарчыя камісіі -- шэсць тысяч камісій, а апазіцыя ніколі не пакрывала больш за тысячу ўчасткаў. Калі гэтыя пытанні стануць на вастрыні парадку дня, то і паміж дзвюма, здавалася б, непрымірымымі бакамі будзе знойдзена еднасць...
РР: -- Зараз з’явіліся меркаванні, што ўлада зноў шукае спосабаў пачаць дыялог з Захадам. Як гэта ўплывае на ўдзел ці няўдзел апазіцыі ў парламенцкіх выбарах?
-- Складанае пытанне. Справа ў тым, што частка апазіцыі, якраз тая, якая выступае за байкот, ужо пачала дзейнічаць у парадыгме будучых перамоваў Захаду з Беларуссю, разлічваючы, што ёсць магчымасць паўплываць на гэты гандаль, які паміж Беларуссю і Захадам будзе распачаты. З іншага боку, казаць пра тое, што сітуацыя вярнулася да стану 2008 года, калі адбыліся папярэднія выбары, нельга. І наўрад ці шляхам байкоту можна выгандляваць у гэтага рэжыму хоць нейкіх паслабленні ў выбарчым працэсе. Максімум, што можна зрабіць у межах гэтага гандлю, гэта вызваліць палітзняволеных. І гэта будзе толькі нагодай для пачатку новага працэсу дыялогу з Захадам. І наўрад ці там для апазіцыі вымалёўваецца які-небудзь сур’ёзны статус. Падобна на тое, што, калі дыялог Еўропы і Беларусі распачнецца, роля апазіцыі ў ім будзе яшчэ меншая, чым ў 2008 годзе.
РР: -- Перад мінулымі выбарамі ў парламент улады абяцалі Захаду, што некалькі прадстаўнікоў апазіцыі будуць прапушчаны ў парламент, але падманулі. Ці магчыма развіццё падзеяў па такому ж сцэнару?
-- У 2008 годзе вялікая колькасць саступак была зроблена да правядзення выбараў. Гэта, у першую чаргу, вызваленне палітвязняў, пасля -- рэгістрацыя “Руху за Свабоду”, змяненне выбарчага кодэксу, допуск дзвюх незалежных газет у сістэму распаўсюду. Рэжым палічыў, што гэта дастатковая плата за ўдзел дэмакратычных кандыдатаў у выбарчым працэсе, які падтрымліваўся заходнімі актарамі. Зараз сітуацыя трошкі іншая. Мы можам казаць, што вызваленне палітвязняў, у прынцыпе, магчымае. Але допуск нейкай кантраляванай апазіцыі ў Палату прадстаўнікоў – гэта іншае і вельмі складанае пытанне. Я бы нагадаў, што адзіны выпадак, калі брэндавыя апазіцыянеры, сябры апазіцыйных партыяў увайшлі ў Палату прадстаўнікоў, быў тады, калі апазіцыя ладзіла кансалідаваны байкот. Дык вось, гэтыя раскольнікі – прадстаўнікі, безумоўна, дэмакратычных арганізацыяў – спадар Навасяд і спадарыня Абрамава, якія ў парламент патрапілі менавіта дзякуючы таму, што ладзілася кампанія байкоту. Дык, магчыма, у дадзенай сітуацыі якраз-такі прыхільнікі стратэгіі байкоту могуць паўплываць на тое, што ва ўмовах байкоту допуск брэндавых апазіцыянераў у Палату прадстаўнікоў будзе больш верагодны, чым у 2008 годзе, калі апазіцыя ўдзельнічала ў выбарах...
РР: -- Атрымліваецца, што ўлада ўсё ж больш баіцца байкоту?
-- Улада не баіцца гэтых выбараў. Гэтым трэба кіравацца. Не перабольшваць ролю, з аднаго боку, выбараў, з іншага боку – апазіцыі. Гэтыя выбары ёсць кантраляванымі і ў рэжыме байкоту, і ў рэжыме ўдзелу апазіцыі ў іх. Калі адбываюцца выбары дэпутатаў мясцовых саветаў, мы ж не разважаем, якая роля. Усім зразумела, што гэта за органы і якую ролю іграюць гэтыя выбары. Так і з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Усё з імі зразумела. Пытанне: як скарыстаць гэтую сітуацыю, каб дэмакратычныя сілы выйшлі з выбарчай кампаніі больш моцнымі, а не больш слабымі. Гэта ўжо стала агульнай тэзай: ёсць зараз пагроза, што ж будзе з дэмакратычнымі сіламі пасля гэтых выбараў? Гэтым і трэба кіравацца. Але ёсць арганізацыі, якія думаюць, што шляхам будучых выбараў можна ўзмацніць свой стан, сваё становішча, сваю пазіцыю.
Па меркаванню Юрыя Чавусава, гэта памылковы спадзеў. Немагчыма ўзмацніць сваю пазіцыю пры агульным аслабленні дэмакратычных сілаў. Трэба кіравацца агульнымі інтарэсамі.
Размаўляў Генадзь Барбарыч, Радыё Рацыя
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |