20:15 06.02.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму ня любяць апазыцыю
Усе экспэрты зьвяртаюць вялікую ўвагу на рэйтынг Лукашэнкі. Ён то павышаецца, то паніжаецца, і гэта дае падставу для нейкіх высноваў. Звычайна ў сьвеце, калі рэйтынг улады падае, то сымпатыі грамадзтва перацякаюць да апазыцыі.
Але фэномэн беларускага палітычнага жыцьця ў тым, што ўзровень падтрымкі апазыцыі фактычна не мяняецца ўжо 18 гадоў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году два дэмакратычныя кандыдаты, Пазьняк і Шушкевіч, набралі ў суме 23% галасоў. І паводле сьнежаньскага апытаньня НІСЭПД, давяраюць апазыцыйным партыям ці лічаць сябе ў апазыцыі да ўлады 20–21%. Прычым хістаньне рэйтынгу Лукашэнкі мала ўплывае на давер да апанэнтаў рэжыму. Апазыцыю ў Беларусі ня любяць яшчэ больш, чым Лукашэнку. Паглядзіце, як рэагуюць розныя інтэрнэт-форумы на дзеяньні і заявы апазыцыйных лідэраў. Суцэльная злосьць і нэгатыў.
Грунтоўных дасьледаваньняў гэтага фэномэну пакуль няма. Дзіўна, але апазыцыйныя лідэры за шмат прамінулых гадоў нават не спрабавалі заказаць сацыёлягам адмысловае глыбокае апытаньне на гэтую тэму.
На першы погляд, адказ на пытаньне, чаму беларусы ня любяць апазыцыю, ляжыць на паверхні: дыктатура, страх, інфармацыйная манаполія рэжыму на радыё і тэлебачаньне, прапагандысцкае замбаваньне насельніцтва.
Зразумела, гэтыя чыньнікі ўплываюць. Але сёньня каля паловы насельніцтва карыстаецца інтэрнэтам, дзе можна знайсьці любую інфармацыю. То бок інфармацыйнай манаполіі рэжыму сёньня дэ-факта няма. Нельга сказаць, што большасьць насельніцтва не знаёмая з асноўнымі ідэямі апазыцыйных арганізацый. Агульнае ўяўленьне пра іх, падаецца, людзі маюць. Тым ня менш гэта ніяк не паўплывала на падвышэньне даверу да апазыцыі.
Не прэтэндуючы на глыбокае тлумачэньне гэтага фэномэна, усё ж прапаную некалькі тэзісаў да згаданай праблемы.
Па-першае, сацыяльна-эканамічны праект, прапанаваны Лукашэнкам (дзяржаўны патэрналізм), прывабнейшы для большасьці беларусаў, чым тая альтэрнатыва, якую вылучае апазыцыя (рынкавыя рэформы). Асноўны ўплыў на беларускае грамадзтва зрабіла рынкавая трансфармацыя ў Расеі і Ўкраіне (а ня ў Польшчы і Літве). А само расейскае і ўкраінскае насельніцтва ацэньвае рынкавыя рэформы ў сваіх краінах у асноўным нэгатыўна. І нават калі сёньня шмат хто незадаволены Лукашэнкам, то гэта яшчэ ня значыць, што яны адмаўляюць тую сацыяльную мадэль, якія існуе ў Беларусі.
Па-другое, асноўны папрок на адрас апазыцыі з боку людзей, якія стаміліся ад Лукашэнкі, зводзіцца да трывіяльнага пытаньня: ну калі вы ўжо яго скінеце? Беларусы — вялікія халяўшчыкі. Яны хочуць, каб нехта за іх вырашыў іхнія праблемы. І калі апазыцыя ня здолела гэтага зрабіць, на яе сыплюцца абвінавачваньні: слабыя, бясьсільныя, імпатэнты, яны нічога ня могуць, адны паразы і інш. Але ж любая апазыцыя без рэальнай (а ня толькі ў інтэрнэце) падтрымкі грамадзтва — нішто.
Па-трэцяе, несыстэмны статус апазыцыі прыводзіць да таго, што няма сэнсу да яе зьвяртацца пры вырашэньні самых простых, бытавых праблем. У цяперашняй сытуацыі апанэнты рэжыму ня ў стане лабіраваць інтарэсы пэўных сацыяльных слаёў насельніцтва. Таму рацыянальныя беларусы прагматычна разважаюць: апазыцыянэры — прыемныя людзі, але які сэнс іх падтрымліваць? Лепш наладзіць кантакт з намэнклятурай, у крайнім выпадку напісаць скаргу прэзыдэнту — гэта хоць нейкі шанец вырашэньня праблемы.
Па-чацьвёртае, праект нацыянальнага адраджэньня ў варыянце БНФ аказаўся чужым для большасьці беларусаў. Этнакультурны нацыяналізм ня быў успрыняты насельніцтвам, бо патрабаваў пэўных высілкаў ад людзей (вывучэньне мовы). Праект нацыяналізму, прапанаваны Лукашэнкам (нацыя спажыўцоў без глыбокіх каранёў), быў для іх бліжэйшы.
Па-пятае, апазыцыя не змагла прапанаваць альтэрнатыўную мадэль адносінаў з Расеяй, якая б была больш эфэктыўнай за лукашэнкаўскую. Паколькі дачыненьні з РФ для Беларусі крытычна важныя, то той палітык ці палітычныя сілы, якія дакажуць здольнасьць выбіваць з Масквы ільготы, будуць падтрыманыя беларусамі. Пакуль ніхто з апазыцыянэраў не растлумачыў, якім чынам ён будзе лепш за Лукашэнку атрымліваць ад Расеі халяўныя рэсурсы, пры гэтым не трапляючы ў большую залежнасьць ад суседа — у параўнаньні зь цяперашнім статусам Беларусі.
Таму і захоўваецца такое дзіўнае статус-кво адносна апазыцыі.
Валер КарбалевічИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме