01:46 25.06.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму Ўкраіна не Беларусь?
Для чалавека, які нарадзіўся і вырас у Беларусі, які сфармаваўся як журналіст у Беларусі, пераезд ва Ўкраіну абарочваецца культурным шокам.
Немагчыма ў двух словах патлумачыць, чым Украіна адрозьніваецца ад Беларусі і чым падобная. Усё ж такі гэта вельмі розныя дзяржавы, вельмі па-рознаму арганізаваныя грамадзтвы, вельмі розныя палітычныя традыцыі.
Агульныя рысы, зразумела, есьць, паколькі ўсе мы вышлі з савецкай імпэрыі. Беларуса ва Ўкраіне можа шакаваць тое, што дзяржава там вельмі слабая, беларус прызвычаіўся да таго, што ўсё ці амаль усё ў яго жыцьці залежыць ад органаў мясцовай улады, ад ЖЭКа, нарэшце, ад прэзыдэнта — ад усталяваньня спадарожнікавай антэны на даху дому да працы і нават асабістага жыцьця. Беларус, трапляючы ва Ўкраіну, часам губляецца і нават раздражняецца, калі бачыць гэтую вольніцу.
Аднак гэтая слабасьць дзяржавы не азначае, што людзі ва Ўкраіне жывуць горш, чым у Беларусі — нават наадварот. Для беларуса, які прызвычаіўся зьвязваць свой дабрабыт зь дзяржавай, дзіўна, што дзяржава ва Ўкраіне слабейшая, але людзі ў масе сваёй багацейшыя, чым у Беларусі.
«Свабодаў ва Ўкраіне на парадак больш»
Што тычыцца палітычнай сытуацыі, то свабодаў ва Ўкраіне на парадак больш, чым у Беларусі. Тое самае тычыцца і журналістыкі — магчымасьцяў самарэалізацыі ва Ўкраіне значна больш. І гэта тычыцца ня толькі палітычнай журналістыкі, але і тых, хто піша пра культуру, пра шоў-бізнэс. Ва Ўкраіне шоў-бізнэс ёсьць, у Беларусі — няма. Як і палітыкі.
Таму калі раней можна было сустрэць шмат беларусаў у Маскве, то зараз шмат беларускіх журналістаў атабарыліся ў Кіеве — беларусы ў тэле- і радыёэфіры. І ў кожным вялікім тэлевізійным музычным праекце беларусы калі не перамагаюць, то абавязкова ўваходзяць у тройку фіналістаў.
Зразумела, Украіна — недэмакратычная краіна, а калі дакладней, украінская ўлада — недэмакратычная. Яна больш легітымная, чым беларуская, бо парушэньні і фальсыфікацыі падчас любых выбараў ва Ўкраіне несувымерна меншыя, чым у Беларусі. У Беларусі выбараў проста няма, ад прэзыдэнцкіх да мясцовых. Ва Ўкраіне яны захаваліся і перамога Януковіча ні ў каго не выклікае сумневаў.
У парлямэнце ў партыі ўлады няма канстытуцыйнай большасьці, там прысутнічае некалькі рэальна апазыцыйных партый.
Судны дзень прэзыдэнцкіх выбараў
Хаця сытуацыя ва Ўкраіне абвастраецца, і гэта зьвязана з пэрспэктывай прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Для Януковіча гэтыя выбары вельмі важныя, калі ён іх прайграе, вялікія шанцы на тое, што ён памяняецца месцамі зь Юліяй Цімашэнкай. Справа тут нават ня ў ім асабіста, а ў «калектыўным Януковічы». Параза цяперашняга прэзыдэнта прывядзе да калясальнага перападзелу ўласнасьці і таму атачэньне Януковіча будзе змагацца за яго перамогу не на жыцьцё, а на сьмерць.
Паліттэхнолягі тут спрабуюць разыграць карту партыі Свабоды, каб Януковіч мог казаць, што калі ня я, то да ўлады прыйдуць нацыяналісты і краіна абрынецца ў грамадзянскую вайну. Дарэчы, вельмі падобна на Лукашэнку, які шмат гадоў выкарыстоўваў жупел «Народнага фронту».
«Мы, беларусы, у душы таксама эўрапейцы»
Украінскае грамадзтва больш арыентаванае на Эўропу, чым беларускае. Для ўкраінцаў пытаньне выбару паміж Эўропай і Расеяй — яны арыентаваныя на Эўразьвяз, і ня толькі культурна, ідэалягічна, але і эканамічна, што нельга сказаць пра Беларусь. Мы, беларусы, у душы, зразумела, таксама эўрапейцы, але позірк многіх з нас зьвернуты на Маскву ў чаканьні сталай эканамічнай дапамогі.
Расея цісьне на Ўкраіну, каб уцягнуць яе ў мытны саюз, але цісьне ня так, як у свой час ціснула на прэзыдэнта Лукашэнку. Лукашэнку Расея заўсёды карміла, падкупляла, выкарыстоўвала ў асноўным пернік, каб уцягнуць Беларусь у арбіту сваіх інтарэсаў. Але памятаючы пра многія гады схемы «нафта ў абмен на размовы», памятаючы, што за кожны крок Лукашэнкі Масква плаціла звышцану, адносна Кіева абраная іншая тактыка — тактыка бізуна. Украіна ў 4 разы больш за Беларусь і яе не заманіш штогадовымі падарункамі ў 3-5 мільярдаў даляраў. Да таго ж у Маскве лічаць, што жорсткая лінія адносна Ўкраіны будзе больш эфэктыўнай, бо краіна знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы.
Пакуль украінскае кіраўніцтва не ідзе на саступкі Маскве, пакуль у Януковіча, прэм’ера Азарава і партыі ўлады ў цэлым пераважае праэўрапейская рыторыка. Але што будзе далей, сказаць цяжка, бо Януковічу, каб перамагчы ў 2015 годзе, трэба шмат грошай. Эўропа яму такіх грошай ня дасьць, там могуць даць інвэстыцыі, якія разьлічаныя на дзесяцігодзьдзі. Аднак Януковічу грошы патрэбныя тут і зараз.
Так што існуе імавернасьць, што ён пойдзе на пэўныя саступкі. Аднак зрабіць яму гэта будзе складана, бо, паўтаруся, праэўрапейскія памкненьні ва ўкраінцаў выражаныя больш яскрава, чым у беларусаў, і кожны крок Януковіча ў бок Расеі будзе выклікаць бурную рэакцыю значнай часткі ўкраінскага грамадзтва.
Моц слабoй дзяржавы
Украіна неаднародная ў адрозьненьні ад Беларусі. Беларуская ўлада — гэта ўлада дыктатара, улада аднаго чалавека. Ва Ўкраіне гэта амаль немагчыма, яна неаднародная і этнічна, і эканамічна, у ёй заўсёды будуць моцныя розныя групоўкі. У гэтым і моц Украіны, і яе слабасьць. Гэтая разнастайнасьць дазваляе розным групоўкам і зьнешнім сілам разгойдваць сытуацыю, правакаваць канфлікты.
Ва ўсіх ёсьць адчуваньне, што для Ўкраіны зараз наступае момант ісьціны, што краіна знаходзіцца на гістарычных ростанях, перад выбарам паміж эўрапейскім і эўразійскім шляхамі.
Але для журналіста працаваць ва Ўкраіне значна цікавей, чым у Беларусі. Ва Ўкраіне бурнае палітычнае жыцьцё, часам можа і занадта, ва Ўкраіне шмат герояў, шмат актораў. І заўсёды ёсьць пра што гаварыць і што абмяркоўваць.
Павел Шарамет — заснавальнік папулярнага інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан». Да нядаўняга часу быў вядучым праграмы на ўкраінскім тэлеканале TVI.
Павел ШараметИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме