16:17 15.07.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Чаму я павінна здымацца? Я самы моцны кандыдат з усіх!» — інтэрв'ю з Таццянай Караткевіч









Імаверная кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч распавяла «Нашай Ніве», на што яна разлічвае на выбарах і што плануе рабіць пасля іх.

Караткевіч размаўляе з жыхаркай вёскі Гута Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласці

«НН»: Як вы ўвогуле прыйшлі да рашэння ісці на выбары?

Па-першае, гэта маё рашэнне, якое выспела не так даўно. А ідэя была Уладзіміра Пракопавіча [Някляева – НН]. Ён казаў пасля парламенцкай кампаніі: а што ўсё Някляеў, вось Караткевіч сядзіць!

«НН»: Можа, ён пажартаваў?

Ну, ён такі чалавек, што складана зразумець… (смяецца). Але я думаю, што ён думае, пра што кажа.

«НН»: І пасля словаў Някляева вы вырашылі, што трэба ісці ў кандыдаты?

Гэтае рашэнне ўзнікла з падтрымкі. Я была ў спісе, чатыры арганізацыі [«Гавары праўду!», БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і рух «За свабоду!» — НН] мяне абмяркоўвалі, мае плюсы і мінусы. Асноўнае, на чым палягае выбар маёй кандыдатуры, гэта тое, што ідэя мірных пераменаў можа больш эфектыўна быць агучана жанчынай. А я пагадзілася, бо ёсць каманда, якая мяне падтрымлівае. Гэта супольная праца, калектыўнае рашэнне.

«НН»: А вас не палохае адсутнасць палітычнай вагі? Для большасці народу вы проста чарговы невядомы прадстаўнік апазіцыі?

Дык з гэтага і пачынаецца палітыка. Я ведаю, што мае рэйтынгі малыя. Але я не збіраюся сыходзіць. У нас ёсць стратэгія на два гады наперад. Тым больш, палітычны досвед ёсць, гэта і праца ў межах «Народнага рэферэндуму», і ўдзел у парламенцкай кампаніі. У палітыцы важна не спыняцца, калі ёсць мэты.

«НН»: Вы самі лічыце сабе найлепшым «кандыдатам у кандыдаты»?

Я хацела б, каб Уладзімір Някляеў ішоў, але ён сказаў, што не будзе ўдзельнічаць.

«НН»: А чаму яго ідэю пра адзінага кандыдата не падтрымалі?

Мы, каманда «Гавары праўду!», яго заўсёды падтрымлівалі. Ён хацеў бы, канечне, каб яго незавершаны гештальт завяршыўся: кангрэс, адзіны кандыдат… Але, калі Мілінкевіч адмовіўся, то Някляеў сам не захацеў ісці ў кандыдаты.

«НН»: Чаму кампанію не пачалі раней?

Як толькі я даведалася, што буду кандыдатам, адразу пачала кампанію.

«НН»: Але ж чаму кандыдата не абралі раней?

Менавіта таму, што мы не засяроджваемся на персоне. Такіх людзей, як Караткевіч павінна быць больш. Мы ўсе працавалі на ідэю «Народнага рэферэндуму». Увогуле, я хацела б, каб сённяшняя дыскусія — «А чаму Караткевіч?», «А хто яна такая?» – скончылася на этапе рэгістрацыі кандыдатаў, каб пачалі казаць, што трэба зрабіць, каб дамагчыся мірных пераменаў.

«НН»: То бок, кандыдата абралі толькі ў маі свядома?

Не, так атрымалася, бо чакалі рашэння Някляева, доўга думаў Мілінкевіч… Плюс існуе ж бюракратыя ўнутры арганізацыі… Але тое, што кандыдат з’явіўся позна я не лічу памылкай. Як ёсць, так ёсць.

«НН»: Але вы казалі, што вам не хапае часу, бо ўлада перанесла выбары на месяц раней.

Мы трошкі не паспяваем, бо планавалі больш паездзіць, напрыклад, трапіць у некаторыя гарады некалькі разоў.

«НН»: Дык, можа, гэта памылка вашай кааліцыі, што трэба было падумаць аб гэтым раней?

Мы ў той рэчаіснасці, якая ёсць, і рэагуем на яе досыць мабільна. Цяпер я праехала 11 тысяч кіламетраў, і ганаруся тым, што раблю, бо ніхто з палітыкаў, нават дэмакратычных актывістаў, не спускаецца да нізоў.

«НН»: Вы казалі, што улада перанесла выбары, бо баіцца канкурэнцыі? Вы самі ў гэта верыце?

Так. Яны вельмі моцна баяцца згубіць, тое, што маюць.

«НН»: Але на тле ўкраінскіх падзей, на тле сённяшняй Расіі пазіцыі Лукашэнкі толькі ўмацоўваюцца, хіба не?

Не. Людзей у рэгіёнах не надта цікавіць Украіна. Іх больш цікавіць уласны дабрабыт. А ён пагаршаецца.

«НН»: І вы сур’ёзна разлічваеце на перамогу?

Я стаўлю максімальныя мэты. І калі мы зараз іх не дасягнем, будзем працаваць далей: парламенцкая кампанія, «Народны Рэферэндум».

«НН»: Але вы ідзеце за перамогай ці каб проста максімальна засвяціцца з дапамогай выбараў?

Я іду, каб аб’яднаць людзей вакол парадку дня мірных пераменаў. І хачу, каб пераможца, калі гэта буду не я, ведаў, чаго патрабуе народ: павагі, новых эканамічных магчымасцяў, веры ў будучыню. Гэта для мяне важна.

«НН»: А на якую лічбу вы разлічваеце? Колькі за вас прагаласуюць? Якую лічбу будзеце лічыць прымальнай?

Ад 10 да 25% - і я буду лічыць, што шмат чаго зрабіла.

«НН»: За каго будзеце самі галасаваць?

За Таццяну Караткевіч, калі яна будзе ў спісе.

«НН»: Што будзеце рабіць пасля выбараў?

Заклікаць на Плошчу я не буду. Я не магу гарантаваць людзям бяспеку. Але калі народ выйдзе на мірны пратэст, я выйду да людзей. Мірны пратэст – гэта калі пасля галасавання людзі выйдуць у горад, прайсціся, сустрэцца з сябрамі, пазначыўшы сябе сімволікай свайго кандыдата, сцяжкамі і гэтак далей. Хтосьці смялейшы можа зрабіць плакаты.

Увогуле, мы прадумваем розныя сцэнары паводзінаў, у залежнасці ад сітуацыі. Дакладна казаць пакуль рана, ўсе планы могуць змяніцца.

«НН»: А чаму вы адмовіліся зняцца? Ці проста, ці ў падтрымку Статкевіча?

Я самы моцны кандыдат з усіх. Чаму я павінна здымацца? Я прадстаўляю кааліцыю дэмакратычных сілаў. І ў нас ёсць абавязкі перад людзьмі, мы павінны выконваць свае абяцанні перад людзьмі, якія падпісваліся за «Народны Рэферэндум».

«НН»: Якія абяцанні?

Дамагчыся мірных пераменаў.

«НН»: Калі вы пойдзеце на выбары і прайграеце — гэта наблізіць мірныя перамены?

Гэта палітыка. Ты тады палітык, калі ўдзельнічаеш у палітычных працэсах. Калі мы адмовімся ўдзельнічаць — гэта палітычная смерць. Я лічу, мой удзел у кампаніі — гэта і ёсць падтрымка Статкевіча, а не зняццё ў знак салідарнасці з ім.

«НН»: Як вы ставіцеся да крытыкі? Пра вас кажуць рознае: і што вы «генератар штампаў», і «праект Дзмітрыева», зноў жа сайт karatkevich.party з вашымі цытатамі…

На сайт мы і самі заходзілі, каб падняць сабе настрой. Вельмі шкада, што яго зачынілі. Што ж да іншага… Пра штампы пайшло пасля майго інтэрв’ю з Калінкінай, калі я хвалявалася, і гэта было відавочна. Трэба было быць больш гнуткай, больш крэатыўнай… Тое інтэрв’ю мяне прымусілі праглядзець шмат разоў, разабраць, што не так. Але ж я выйшла на публічную прастору, я гатова да крытыкі.

«НН»: А хто займаецца вашым піярам? Страйкбол з кандыдатам — гэта выклікае ўсмешку.

Чаму? Я люблю актыўны адпачынак. У каго гэта выклікае ўсмешку?

«НН»: Як мінімум, у мяне.

А мне людзі тэлефануюць і пішуць, хочуць трапіць на гульню. Вам смешна, іншым цікава.

«НН»: А гэты слоган з вашых улётак: «Я за то, чтобы вы не стыділісь показывать своі холодільнікі»?

Што з ім не так?

«НН»: Каму іх паказваць?

Сёння людзі ацэньваюць свой дабрабыт вельмі простымі рэчамі: колькі яны могуць патраціць у краме, ці поўная ў іх лядоўня… І мне часта людзі кажуць, што грошай не хапае, і праз пару дзён лядоўня проста пустая, яе можна адключаць.

«НН»: Гэта я разумею. Але адкажыце, каму людзі павінны паказваць тыя лядоўні?

Я вас пачула, і перадам капірайтэрам, каб яны разгледзелі гэтае пытанне.

Гутарыў Улад Швядовіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме