11:45 05.02.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму будучай “культурнай сталіцы” не патрэбна родная мова
Рашэнне аб скарачэнні шэрагу спецыяльнасцей у ВНУ краіны, асабліва ў тых, дзе рыхтуюць адмыслоўцаў у галіне беларускай мовы, закранула не толькі сталічныя навучальныя ўстановы, але і Магілёўскі ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова.
Беларускі філолаг альбо расійскі гастарбайтар
Будучы выпускнік адной з магілёўскіх сярэдніх школ Дзяніс Бародзіч, даведаўшыся пра гэтую інфармацыю, разгубіўся, бо хацеў стаць якраз беларускім філолагам у "куляшоўскім" універсітэце.
— Цяпер не ведаю, куды падацца, — кажа хлопец. — Рыхтаваўся ў наш універсітэт на беларускую філалогію. Бацькі і сябры былі гэтым выбарам задаволены, бо нікуды не прыйшлося б ехаць. Цяпер, магчыма, з кімсьці з сяброў пададзімся ў Расію на заробкі, як зрабілі летась некаторыя з маіх старэйшых сяброў. А можа буду там вывучаць ужо рускую мову.
Яшчэ адзін чалавек у горадзе, які відавочна расстроіўся, дазнаўшыся пра сумную моўную ўніверсітэцкую перспектыву, — Міхась Булавацкі. Выкладчык матэматыкі на беларускай мове ў тым жа ўніверсітэце ў 90-я гады працягвае свае асабістыя высілкі ў моўным напрамку. Ён аўтар і рэалізатар ідэі правядзення ў Магілёве штогадовага рэгіянальнага "Беларускага пяціборства" (пісьмовыя іспыты па пяці прадметах — матэматыка, фізіка, гісторыя, геаграфія, літаратура для школьнікаў старшых класаў; выконваюцца на беларускай мове). Нядаўна іспыты адбыліся ў 11-ты раз. Удзел у іх прынялі больш за 40 юнакоў і дзяўчат — вучняў 9—11 класаў з некалькіх раёнаў і абласнога цэнтра. Здавалася б, гэтаму факту можна толькі радавацца, тым больш што некалькі ўдзельнікаў "пяціборства" мелі намер паступаць ва ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова менавіта на беларускую мову або журналістыку з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы. Але вось як ацаніў сёлетнія інтэлектуальныя спаборніцтвы Міхась Булавацкі:
— Сёлета быў паказаны самы слабы вынік у веданні мовы — у сярэднім адна памылка на 10 слоў. Напрыклад, пяць гадоў назад была адна памылка на 30 слоў... Мовы вучням у школах відавочна не хапае. Амаль усе ўдзельнікі майго сёлетняга "пяціборства" былі з рускамоўных школ. Матэматыку і фізіку па-беларуску ім не выкладаюць. Вучні не ведаюць беларускіх тэрмінаў. Яны займаюцца своеасаблівай славатворчасцю — прыдумляюць словы па сваім меркаванні. Напрыклад, ёсць такое рускае слова "касательная". Па-беларуску яно гучыць як "датычная". А дзеці пачынаюць выдумляць сваё: "кранацельная", "датыкальная", "зачэпная"... У мяне назбіралася дванаццаць варыянтаў такой "творчасці". Наяўнасць беларускамоўных факультэтаў з паглыбленым яе вывучэннем на аддзяленні журналістыкі прымусіла б гэтых маладых людзей старанна рыхтавацца да паступлення. Цяпер такога інтарэсу, імкнення ў іх не будзе. Дык адкуль жа возьмуцца беларускія журналісты, беларускія выкладчыкі, беларускія навукоўцы пры такой вось дзяржаўнай палітыцы ў галіне адукацыі?! А потым улада будзе апраўдвацца тым, "што, маўляў, самі бачыце — няма жадаючых...". Сведчу, што гэта не так.
АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ПУНКТ ГЛЕДЖАННЯ
Выкладчыца беларускай мовы мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка 36-гадовая Таццяна:
— А спецыяльнасці ў асобных ВНУ, асабліва звязаныя з беларускай мовайй, закрываюць таму, што яны не запатрабаваны. Не набіраецца патрэбная колькасць студэнтаў, ну хоць ты трэсні! Чалавек 5-7 ад сілы, і тое ў большасці тыя, хто набраў занадта нізкія балы па выніках тэсціравання. Але ж ідуць у пед, бо там адназначна прымаюць па прычыне недабору на некаторыя спецыяльнасці. І атрымліваем мы потым нярэдка непісьменных настаўнікаў ці, прабачце, журналістаў.
Няродная мова
У любым выпадку, стаўленне да беларускай мовы ў Магілёве, трэба прызнаць, мае збольшага фармальны характар.
Усяго толькі два гады назад старшыня Магілёўскага аблвыканкама, а цяпер генерал-губернатар Пётр Руднік ганарыўся тым, што ў рэгіёне быў абвешчаны Год роднай мовы, і абяцаў дамагчыся развіцця і замацавання матчынага слова ў шырокім ужытку, пачынаючы з аблвыканкамаўскіх дакументаў і заканчваючы павелічэннем колькасці класаў з беларускамоўным навучаннем у школах. Аднак, нічога ўдалага з гэтай задумкі не атрымалася, як лічыць старшыня магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў.
— Ну, пакрасаваліся на працягу года білборды на гэтую тэму і іншая адпаведная рэклама ў гарадах вобласці, а рэальных зрухаў у пашырэнні ўжытку роднай мовы не адбылося, — кажа ён са скрухай у голасе. — Па гэтым шляху не пайшлі ні афіцыйныя ўстановы, ні камерцыйныя структуры, ні дзяржаўныя мясцовыя СМІ, ні школы (як быў у магілёўскай школе № 1 адзін беларускамоўны клас, так ён такім і застаўся з 4 вучнямі). Ніяк не змянілася ў жаданы бок гарадское вонкавае і ўнутранае афармленне. Нават пры ўездзе ў горад з боку мінскай трасы стаіць рускамоўны паказальнік "МОГИЛЁВ". На скаргу на гэты конт з боку гарадскіх актывістаў гарвыканкам адказаў, што ніякія рэгламенты не парушаны, бо "ў нас дзве афіцыйныя мовы".
Ну ўжо напоі можна было б і па-беларуску назваць!
Няпраўда і тое, што горад наш "гаворыць" на дзвюх мовах — раўнавартасных і роўнаўжывальных, як і павінна быць пры двухмо'ўі.
Калі наведвальнік Магілёва з любой іншай краіны ўжо праз некалькі крокаў ад свайго гатэля ўтаропіцца ў паказальнік цэнтральных вуліц горада, на якім пазначаны "Ленинская", "Первомайская", "Комсомольская", "Пионерская", "К.Маркса" і г.д., то ён можа палічыць, што прыехаў не ў беларускі горад. Дарэчы, наша галоўная пешаходная вуліца ёсць усё яшчэ Ленинская, хаця на многіх будынках са спецыяльна стылізаваных шыльдавых трафарэтаў тут даўно даводзіцца пра тое, што "Гістарычная назва вуліцы — Вялікая Садовая".
У абласным цэнтры амаль ні на адной шыльдзе на крамах, кавярнях, атэлье і салонах не ўбачыш роднае слова.
Вось некалькі прыкладаў таго, што і як тут называецца. Узяць хаця б кавярні "Жорж Симонэ"і "Да Винчи". А вось рэстараны — "Изба» і "ТрактирЪ". Гэтая ж улюбёная ў Магілёве стараруская літара «Ъ» красуецца і на расцяжцы "Тульский тирЪ". А пачынаецца вуліца з гатэля "Губернская гостиница". З вялікага спісу недарэчных увогуле (а на гэтай вуліцы — тым больш) назваў крам і розных салонаў варта вылучыць кнігарню "Буква". Цікава, што на іншым баку вуліцы ёсць яшчэ адна кнігарня пад назвай — вы не паверыце! — "Асвета"! Але адразу пад назвай пададзена і расшыфроўка вялікімі літарамі — "Книжный магазин".
Ці варта здзіўляцца, калі нават гомельскі вытворца прыстойных алкагольных напояў, які здолеў займець на Ленінскай вуліцы сваю фірмовую краму, не знайшоў іншага варыянта назвы для яе, як "Полесский сувенир"?! Побач з гэтым ужо амаль натуральна ўспрыймаюцца шыльды "Царское золото", "Тибет", "Олимп", "Ёлка".
Між іншым, у Магілёве ёсць тапанімічная камісія, куды звяртаюцца неабыякавыя да роднай культуры людзі. А цяпер здагадайцеся: што даюць гэтыя звароты?
Гарадское начальства сціпла "адбіваецца" наступным чынам: назвы крам ці кавярняў — справа іх гаспадароў. Ясна, што гэта адгаворка, не больш за тое. Бо ў нас няма нічога, што можна было б ажыццявіць па-за жаданнем улады. І калі б яна захацела ўплываць на гэта, то назаўтра ўсе назвы былі б зменены, а шыльды перапісаны. І калі б улада захацела палепшыць работу сістэмы адукацыі, то нікому не прыйшло б у галаву закрываць у Магілёве ажно дзве спецыяльнасці ва ўніверсітэце.
Вось і выглядае, што нашы дзяржаўныя мужы ведаюць і клапоцяцца толькі пра адну мову. І гэтая мова ў іх — небеларуская.
ДА ВЕДАМА
У 2013 годзе Магілёў павінен стаць "Культурнай сталіцай Беларусі і СНД". Такое рашэнне прыняла Міністэрства адукацыі краіны.
Віктар ВОЙТ
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |