15:48 10.03.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму беларускія жанчыны менш ідуць у палітыку чым мужчыны?
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ірына ВЕШТАРД распавядае, чаму ва ўрадзе і парламенце беларускія жанчыны пакуль знаходзяцца на другіх ролях.
Сярод міністраў у Беларусі ўсяго дзве жанчыны. А ў сілавых структурах іх няма нават сярод намеснікаў кіраўнікоў, паведамляюць naviny.by.
Беларускія жанчыны самі не хочуць ісці ў палітыку ці іх туды не пускаюць?
Ірына Вештард:Найперш хачу сказаць, што ў такой сітуацыі ёсць доля гістарычных абставін, якія склаліся ў далёкія часы, калі жанчыну лічылі дамашнім чалавекам, які павінен ствараць утульнасць у хаце ды даглядаць дзяцей. Жанчыны заўсёды былі больш занятыя, таму ў іх суадносна менш і часу, каб займацца палітыкай. Бо ёй трэба працаваць і на працы і пасля яе. Не дарам жа кажуць пра гендэрную роўнасць і гендэрную палітыку. Але я асабіста лічу, што ў жанчын павінны быць у палітыцы такія ж магчымасці, як і ў мужчын. А гэта азначае, што наша грамадства трэба выхоўваць так, каб за жаночай паловай быў не толькі абавязак клапаціцца пра хатнія справы. Іншая справа, як гэтым роўным правам будуць карыстацца. Але ментальна мужчына павінен выхоўвацца, усведамляючы, што ён у сям’і павінен выконваць хатнія абавязкі на роўных з жанчынай. Тады будуць і значна большыя магчымасці ў жанчын для ўдзелу ў палітыцы. Адным словам, выхаванне павінна быць крыху іншым.
РР: Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына неяк сказала, што беларускім жанчынам трэба не “па плошчах шастаць”, а “сядзець дома і гатаваць боршч”.
Ірына Вештард:Я б рашуча не пагадзілася з Ярмошынай. У законах нідзе на напісана, што тым жа жанчынам можна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю ў меншай ступені, чым мужчынам. Навошта адразу скасоўваць знак роўнасці? Кожны чалавек сам павінен вырашаць, як яму паступаць у той ці іншай сітуацыі. Права павінна быць нададзена ўсім аднолькавае. А можа жонка ў палітыцы праявіць сябе лепш чым муж? Можа яна смялейшая за мужыкоў-палітыкаў? Дык чаму яна павінна займацца баршчом, які раіць варыць Ярмошына? Так ставіць пытанне няправільна. І ў адказе на гэтае пытанне якраз і палягае адказ, чаму ў Беларусі жанчыны ў меншай ступені прадстаўлены ў палітыцы, чым мужчыны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме