17:15 30.12.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму апазыцыя ня стала чыньнікам перамен?
Вынікі 2013 году
Валер Карбалевіч: «2013 год ня быў годам выбарчых кампаніяў. Таму быў час спакойна разабрацца, што адбываецца, выпрацаваць нейкую стратэгію працы, нейкія праекты па падрыхтоўцы да выбарчай кампаніі. Што ўдалося? Зь якімі вынікамі апазыцыя заканчвае год?»
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі: «За тры гады пасьля Плошчы апазыцыя нарэшце акрыяла ў арганізацыйным пляне. Калі казаць пра канцэптуальныя, маральныя аспэкты, то сытуацыя больш складаная. Палітычны каляндар прымушае брацца за падрыхтоўку да наступных электаральных кампаніяў.
Адзін з вынікаў гэтага году — пэўнае структураваньне апазыцыі. Аформіліся дзьве асноўныя кааліцыі: «Народны рэфэрэндум» і «Талака». І не відаць прыкметаў, што паміж гэтымі кааліцыямі наладзіцца паразуменьне. Яны створаныя на аснове ня столькі ідэалягічных прынцыпаў, колькі прыватных сымпатыяў. Калі казаць пра праблему адзінага кандыдата, то ідзе спаборніцтва амбіцыяў. Апазыцыйныя лідэры прыводзяць свае аргумэнты на карысьць той ці іншай працэдуры выбару адзінага кандыдата. І ёсьць імавернасьць, што «адзіных кандыдатаў» будзе некалькі.
Карбалевіч: «Цікава, што калі мы разважаем пра апазыцыю, то ўсё зводзіцца да пытаньня: ці змагла яна аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата. Ці можна з такімі крытэрыямі падыходзіць да ацэнкі вынікаў працы апазыцыі за год?»
Юры Чавусаў
Юры Чавусаў: «Будаваньне кааліцыяў — гэта тое, што навідавоку. Вось я нядаўна паглядзеў „Мэдыябаромэтар“, які робіць Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Зь яго вынікае, што колькасьць узгадак пра апазыцыю для міжвыбарчага пэрыяду даволі высокая. Ёсьць адчуваньне, што апазыцыя выйшла з стану „грогі“ пасьля Плошчы.
Але ўзьнікае іншае пытаньне: што можна рабіць, акрамя прысутнасьці ў мэдыях? Пакуль апазыцыя не дала адказу, як яна зьбіраецца браць уладу. Але цягам 2000-х гадоў (да 19 сьнежня 2010 г.) такі адказ быў. Гэта мадэль „каляровых рэвалюцыяў“ на ўзор Югаславіі ці Ўкраіны. Сутнасьць стратэгіі была такая: наш кандыдат — Плошча. І яна была зразумелая шараговаму актывісту апазыцыі. Цяпер такой стратэгіі ў апазыцыі не назіраецца. Бо досьвед 19 сьнежня паказаў, што сабраць на Плошчы шмат тысяч людзей — недастаткова для перамогі.
Сёньня апазыцыя вырашае бягучыя пытаньні. Як бы гэта цынічна ні гучала, але мэта вызваленьня палітвязьняў дазволіла апазыцыі схавацца ад вырашэньня асноўнага пытаньня: барацьбы за ўладу.
Апазыцыя займаецца нарошчваньнем электаральнай падтрымкі. Але няма адказу на пытаньне: дзеля чаго нарошчваць электаральную падтрымку, калі выбараў у краіне няма?»
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме