11:26 27.11.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму Лукашэнка ненавідзіць нацыяналістаў
Новая агрэсіўная зьнешнепалітычная дактрына Расіі, якая прадугледжвае прымяненьне сілы для абароны «русского мира», усталяваньне кантролю над ім, стала выклікам для Беларусі, у тым ліку для дзейнага рэжыму. На гэта трэба неяк рэагаваць.
Незалежныя экспэрты цьвердзяць, што адзіным рацыянальным рашэньнем Лукашэнкі ў сытуацыі пагрозы з усходу была б палітыка нацыянальнага адраджэньня на этнакультурнай глебе. То бок трэба рыхтаваць народ на выпадак рэалізацыі Масквой у Беларусі ўкраінскага сцэнару. І нейкія асобныя спробы рухацца па гэтым шляху былі зробленыя. Лукашэнка выказаў сымпатыю да беларускай мовы, нават частку выступу напярэдадні Дня Незалежнасьці зрабіў па-беларуску.
Але далей за рыторыку справа пакуль не ідзе. І, мусіць, чакаць, што Лукашэнка возьме курс на нацыянальнае адраджэньне, не выпадае. На гэта ёсьць некалькі прычын.
Найперш, расейская пагроза сёньня выглядае не як рэальная, а хутчэй як патэнцыйная. Расея моцна загрузла ва ўкраінскім балоце, і ёй нейкі час будзе не да Беларусі. Тым больш што расейскім інтарэсам тут пакуль ніхто і нішто не пагражае.
Але больш важна тое, што ў беларускім нацыянальным адраджэньні Лукашэнка бачыць для сябе і сваёй улады большую пагрозу, чым у магчымай расейскай экспансіі. І ягоныя выказваньні ў педунівэрсытэце мінулым тыднем адносна нацыяналізму выглядаюць шчырымі. Нагадаю, ён, выступаючы перад выкладчыкамі і студэнтамі заявіў:
«Я ненавіджу нацыяналістаў, таму што гэта радыкальныя людзі, якія абавязкова, як ва Ўкраіне, прывядуць да катастрофы ў грамадзтве. Я іх неяк спрабую трымаць на прывязі, каб яны не сарваліся і не наламалі дроў. Яны ж працэс беларускай мовы — роднай, сакавітай (гэта сапраўды так) — ператвараюць у прадмет раздраю ў грамадзтве, чаго быць не павінна. Мова не павінна быць прадметам, нагодай і прычынай гэтага раздраю».
Чаму ж такая непрыязь да нацыяналістаў?
Па-першае, ён ня хоча дражніць Маскву, якая вельмі хваравіта ўспрымае любыя праявы нацыяналізму ў суседніх краінах, бо на постсавецкай прасторы любы нацыянальны рух аб’ектыўна носіць антырасейскі характар. Вось украінскі нацыяналізм крамлёўскія прапагандысты абвясьцілі фашызмам.
Па-другое, доўгі час галоўным палітычным апанэнтам Лукашэнкі быў БНФ. Менавіта ў змаганьні зь ім дзейны прэзыдэнт фармаваў рэжым асабістай улады. Узгадаем рэфэрэндум 1995 году па пытаньні мовы і сымбаляў. Акрамя пэўнай асабістай траўмы, якую Лукашэнка атрымаў падчас гэтага супрацьстаяньня, ёсьць і рацыянальныя палітычныя матывы, каб адрынуць ідэю беларускага адраджэньня. Бо калі цяпер зьвярнуцца да нацыяналізму, то такім чынам ён дэзавуіруе сваю перамогу ў сярэдзіне 1990-х гадоў, прызнае, што ягоны апанэнт меў рацыю.
Па-трэцяе, ягоны традыцыйны электарат — гэта расейскамоўныя людзі, якія нігілістычна ставяцца да беларускасьці. І ў выпадку развароту да этнакультурных каштоўнасьцяў ня выключана, што дзейны кіраўнік страціць свой стары электарат, але не прыдбае новы, які можа не паверыць у вобраз Лукашэнкі-нацыяналіста.
Па-чацьвёртае — і гэта, бадай, самае галоўнае. Ініцыяваны дзяржавай працэс нацыянальнага абуджэньня стварае новую атмасфэру ў грамадзтве. Яму абавязкова спадарожнічае палітызацыя насельніцтва. І гэта пужае Лукашэнку. Бо дэпалітызацыя соцыюму — гэта адзін з важных фактараў панаваньня рэжыму. Нават выбары ўлады імкнуцца правесьці па-за палітычнай прасторай. Народу тлумачаць, што палітыка — не яго справа, бо палітык у краіне адзін. А нацыянальны пад’ём гэты канструкт разбурае.
Беларускае адраджэньне кансалідуе і мабілізуе грамадзтва. Яно будуе грамадзянскую супольнасьць, стварае гарызантальныя сувязі, стымулюе салідарнасьць паміж людзьмі. Замест абывацеляў зьяўляюцца грамадзяне. А Лукашэнку патрэбнае атамізаванае грамадзтва, якое зьвязваюць у соцыюм толькі адны дзяржаўныя інстытуты. І яму ня трэба грамадзтва як самастойны суб’ект, які бярэ на сябе адказнасьць за лёс краіны. Бо невядома, у які бок рушыць гэтая кансалідаваная і мабілізаваная грамада.
Нарэшце, нацыянальны ўздым стымулюе маральнае адраджэньне. Ён абуджае чалавечую годнасьць і гонар. Што супярэчыць існаваньню аўтарытарнага рэжыму. Бо дыктатура — гэта пэрманэнтнае прыніжэньне ўсіх, нават міністраў, набліжаных да кіраўніка. Не выпадкова кіеўскі Майдан называюць «рэвалюцыяй годнасьці».
Ня думаю, што Лукашэнка гэткім чынам, такімі словамі фармулюе для сябе пералічаныя пагрозы. Але як палітык з надзвычай разьвітым адчуваньнем небясьпекі і інстынктам самазахаваньня ён на ўзроўні пачуцьцяў разгледзеў небясьпеку для сваёй улады. Адсюль і такая рэакцыя.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме