18:30 02.08.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаму Эўропа губляе Беларусь
Нядаўна прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў скасаваў абмежаваньні для грамадзянаў Беларусі, якія хочуць працаваць у Расеі. Беларускія грамадзяне цяпер маюць практычна тыя ж правы, што і грамадзяне Расеі. Праз гэта Расея атрымоўвае штосьці больш каштоўнае за беларускія заводы і фабрыкі -- беларускіх людзей. Дзясяткі тысяч беларусаў выяжджаюць на Ўсход.
Розьніца паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй у гатоўнасьці ўплываць на сытуацыю ў Беларусі сапраўды ўражвае. Урад Расеі здымае ўсе абмежаваньні на перамяшчэньне і працаўладкаваньне беларускіх грамадзян. Эўрапейскі Зьвяз ня можа пагадзіцца нават наконт спрашчэньня візавых працэдур. Расея арганізуе піяр-кампаніі супраць Лукашэнкі ў Беларусі і выкарыстоўвае свае тэлеканалы для тлумачэньня выгадаў інтэграцыі з Расеяй. Эўропа ня робіць амаль нічога заўважнага для прасоўваньня сваіх каштоўнасьцяў, лічачы іх відавочнымі. Расея дае мільярдныя субсыдыі для беларускай эканомікі, а Эўропа звычайна толькі фармулюе новы набор умоваў супрацоўніцтва, што не патрабуе асаблівых фінансавых выдаткаў.
Відавочна, што падыход Эўропы да Беларусі неэфэктыўны і патрабуе перагляду.
Некаторыя на Захадзе спадзяюцца, што хутка ў Беларусі адбудзецца рэвалюцыя, а потым усё астатняе наладзіцца. Але з дакладнасьцю прадказаць рэвалюцыю і яе наступствы немагчыма. Апошнія падзеі ў арабскім сьвеце, паказалі, што нават моцныя аўтарытарныя рэжымы могуць абрынуцца цягам некалькіх тыдняў, але гэтага ніхто ня мог прадказаць. Тыя, хто верыць у раптоўныя палітычныя зьмены, ня маюць ніякага пляну на выпадак дэстабілізацыі Беларусі. Але нават калі дапусьціць, што хутка адбудзецца мірная зьмена палітычнага рэжыму ў Беларусі -- гэта ня стане вырашэньнем усіх праблем. Беларусь сутыкнецца зь велізарнымі цяжкасьцямі, бо будзе вымушаная будаваць эфэктыўныя і незалежныя дзяржаўныя інстытуты практычна з нуля. Да таго ж зьмены мэнталітэту людзей запатрабуюць дзесяцігодзьдзяў часу. Менавіта таму дзіўна, што міжнародная супольнасьць амаль усе высілкі скіроўвае на аслабленьне рэжыму ў Беларусі і амаль цалкам ігнаруе далейшыя пэрспэктывы.
Незалежна ад таго, ці адбудуцца палітычныя зьмены ў Беларусі раней ці пазьней, Эўропа павінна прымаць больш актыўны ўдзел у працы са звычайнымі людзьмі зь Беларусі.
Канфэрэнцыі, палітычныя абмеркаваньні і фармуляваньне новых умоваў -- гэта танны спосаб зрабіць бачнасьць нейкай дзейнасьці. Сур'ёзныя інвэстыцыі, асабліва ў грамадзянскую супольнасьць, адукацыю і сродкі масавай інфармацыі, каштуюць сапраўдных грошай. Інвэстыцыі Эўропы ў беларускія праекты мізэрныя ў параўнаньні са сродкамі, якія выдаткоўваюцца на Блізкі Ўсход і Азію.
Можна прывесьці некалькі канкрэтных прыкладаў таго, што Эўропа можа зрабіць ужо цяпер, нават безь вялікіх сродкаў.
За навучаньне ва ўнівэрсытэтах ЭЗ беларусы павінны плаціць у некалькі разоў больш, чым «эўрапейскія» студэнты. З-за гэтага бясплатныя ўнівэрсытэты Расеі шмат для каго становяцца адзіным магчымым месцам для навучаньня за мяжой. ЭЗ павінен адкрыць свае ўнівэрсытэты для беларусаў, надаўшы ім статус "эўрапейскіх" студэнтаў. Унівэрсытэты не панясуць вялікіх стратаў, але гэта было б падмуркам для стварэньня новага пакаленьня адукаваных беларусаў. Безумоўна, некаторыя застануцца за мяжой пасьля вучобы, але шмат хто вернецца ў Беларусь.
Беларусь рэдка зьяўляецца ў навінах эўрапейскіх СМІ. Эўропа ня робіць шмат, каб прасоўваць свае каштоўнасьці і культуру ў Беларусі. Сярэдні беларус мае на выбар некалькі расейскіх каналаў, якія трансьлююць каштоўнасьці і культуру Расеі. Іншыя замежныя СМІ амаль адсутнічаюць у Беларусі, якая мяжуе з трыма краінамі ЭЗ. Гэтыя краіны дагэтуль ня могуць арганізаваць трасьляцыі для беларусаў, якія былі б даступныя хаця б у памежных рэгіёнах. Зноў жа, відавочная адсутнасьць жаданьня рабіць нешта сур'ёзнае з боку Эўропы.Дзяржавы шэнгенскай зоны дагэтуль ня могуць дамовіцца, як палегчыць візавы рэжым для грамадзян Беларусі. Для ўкраінцаў, расейцаў і малдаван працэдуры значна больш простыя і танныя. Гэта сумны напамін пра тое, якім неэфэктыўным можа быць прыняцьце рашэньняў у ЭЗ. Уладам РБ няма патрэбы ствараць жалезную заслону, бо за іх гэта робяць іншыя.
У сілу гістарычных прычын Расея мае моцны ўплыў на сытуацыю ў Беларусі. Але эўрапейскія краіны аб'ектыўна больш заможныя і моцныя за Расею. Замест таго, каб хавацца за рэшткамі жалезнай заслоны, Эўропа павінна прадэманстраваць сур'ёзнасьць сваіх плянаў у дачыненьні да будучыні Беларусі. Пры гэтым важна выразна адрозьніваць цяперашнія ўлады і беларусаў як эўрапейскую нацыю ня толькі ў дэклярацыях, але і ў канкрэтных дзеяньнях.
Блогі / Яраслаў Крывой
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме