20:16 12.01.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Чаго Вы чакаеце ад мясцовых выбараў-2010?
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына: "На жаль, папярэднія выбары паказалі, што амаль палова палітычных партый нават не змаглі прайсці працэс рэгістрацыі сваіх прэтэндэнтаў кандыдатамі. Няхай апазіцыя знойдзе дастатковую колькасць кандыдатаў у дэпутаты, каб быць прадстаўленай больш-менш раўнамерна па ўсёй краіне, а не толькі ў Мінску і Мінскім раёне. Калі вылучаць годных людзей, якія здольны ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, маюць вопыт у арганізацыі выбараў, — чаму не?”.
Аляксандр Класкоўскі, палітолаг:
"ГЭТА ПРЫСТУПКА ДА ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ"
— Калі казаць пра спецыфіку беларускай палітычнай сістэмы, то мясцовая ўлада мае такія мізэрныя паўнамоцтвы, што, канечне, у пэўнай ступені гэта з’яўляецца забавай, якая можа разглядацца толькі як трэнінг для партыйных структур. На мясцовых выбарах бачна, хто чаго варты. Нават у нашай скажонай і недарэчнай палітычнай сістэме партыі ствараюцца для выбараў. Інакш трэба запісвацца ў дысідэнты і не называцца партыямі.
Жаданне набраць пэўныя ачкі ў вачах Еўропы будзе змушаць уладу трошкі зменшыць градус брутальнасці. Тым больш тут і няма ніякай неабходнасці пускаць у ход увесь рэпрэсіўны арсенал, таму што аб’ектыўна і чалавечыя, і фінансавыя рэсурсы апазіцыі настолькі сціплыя, што шырокага франтальнага наступу не прадбачыцца. Каля 22 000 акруг і столькі ж месцаў у саветах. Нават, калі б апазіцыя выставіла ўсе свае наяўныя сілы, то яна б не здолела закрыць усе гэтыя акругі. Толькі ў сталіцы і ў некалькіх гарадах будзе адзначацца напружаная канкурэнцыя, а ў многіх акругах наогул будзе па адным кандыдаце. Але гэта дае апазіцыі шанцы, бо ёй даўно няма чым хваліцца, нават малымі перамогамі. І калі нават пара дзясяткаў дэмакратычных кандыдатаў пройдуць у нейкіх перыферыйных саветах, гэта ўжо будзе пэўны маральны капітал для апазіцыі. Такім чынам, мясцовыя выбары могуць разглядацца як прыступка да прэзідэнцкіх.
Дзмітрый Вінаградаў, кiраўнiк Мiнскай абласной арганiзацыi партыi БНФ, Мядзел:
"МЯСЦОВАЯ ВЫБАРЧАЯ КАМПАНІЯ ДЛЯ ПРАВІНЦЫІ АСНОЎНАЯ"
— Асабіста мне неахвота ісці на выбары, але людзі сустракаюць і кажуць: “Ты ж на выбары ідзі. Мы за цябе галасаваць будзем”. У правінцыі мясцовыя выбары больш важныя за прэзідэнцкія. Прэзідэнцкія што? Сядзіць недзе цар і бог, дае пенсію. А мясцовыя праблемы — яны навідавоку. Таму на выбары ісці прыйдзецца. Ды больш няма і каму. Змагаецца пакаленне, якое прыйшло ў палітыку ў 90-х гадах. Змены няма, хоць ты плач.
Валянціна Кудлацкая, сябра БСДП(Грамады), Верхнядзвінск:
"ШАНЦЫ ЁСЦЬ ЗАЎЖДЫ"
— Я не чакаю нейкіх вялікіх змен: таго, што апазіцыйныя сілы будуць дапушчаны да ўдзелу ў камісіях, што не будзе ніякіх перашкод падчас саміх выбараў. Але ігнараваць такія палітычныя падзеі не варта, таму што прыйдзе час, калі мы можам застацца незапатрабаванымі. Верхнядзвінскія сацыял-дэмакраты ўдзельнічаюць у кожных выбарах. І калі два скліканні таму мы мелі два дзясяткі ў мясцовым парламенце, у гэты раз іх было менш за палову. Тым не менш трэба наладжваць стасункі з людзьмі, якія прытрымліваюцца нашых поглядаў і потым будуць праваднікамі законных патрабаванняў да ўлады. Мы не чакаем, што ўсё будзе лёгка, аднак я адчуваю ўпэўненасць, што нашы людзі ўвойдуць у склад сельскіх, раённага саветаў. У грамадстве ўжо ёсць разуменне таго, што з’явіліся тыя, хто абараняе інтарэсы людзей. Зразумела, што галоўны той, хто лічыць, і ўсё ж такі пэўныя спадзяванні ёсць.
Віктар Каралькоў, сябра КХП-БНФ, Горкі:
"НАВОШТА ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ГУЛЬНЮ "Ў НАПЁРСТАК"?
— Я не разумею, пра якія выбары можа ісці гаворка, калі няма іх механізма. Натуральна, сам не пайду і ўсім скажу, каб не ішлі ні ў якім разе. Калі гуляюць напарстачнікі, навошта ствараць ім рэкламу? Махляроў трэба абыходзіць. Дзякуй Богу, не адзін я так думаю, а яшчэ шмат людзей. Той механізм, які нам прапануюць, адпрацаваны. І як ён будзе дзейнічаць, таксама зразумела.
Віктар Крываль, прадпрымальнік, сябра БСДП(Грамады), Узда:
"УСЁ БУДЗЕ ВЫРАШАЦЦА МЕНАВІТА НА МЕСЦАХ"
— Я ў гэтых выбарах удзельнічаць не буду, хоць лічу, што лёс рэжыму будзе вырашацца якраз на мясцовых выбарах, а не на прэзідэнцкіх ці парламенцкіх. Толькі калі людзі ў маленькіх гарадах і мястэчках, дзе і жыве асноўная маса беларусаў, зразумеюць і адчуюць патрэбу ў дэмакратыі, тады і будуць змены ў краіне.
І тым не менш калі два дэпутаты ў раёне будуць з ліку апазіцыі, дык гэта будуць блазаны. Я быў адзіным апазіцыйным дэпутатам райсавета з 34-х, але ад такога прадстаўніцтва больш шкоды, чым карысці. Вядома, можна вылучыцца, прайсці, дапамагчы ўладзе патрымаць шырму “дэмакратычнай краіны”. Па Еўропе такі захад, можа, пракаціць пару разоў, але тады ты будзеш гуляць на баку сённяшняй улады. Трэба было аб’ядноўвацца дэмакратычным сілам, каб запоўніць мясцовыя саветы людзьмі, якія б зрабілі гэтыя саветы рэальнай уладай. Тады б былі зрухі ў бок дэмакратызацыі. І зараз час яшчэ не ўпушчаны.
12 студзеня 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
8 ноября 2024
« | Ноябрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | ||||
4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 |
11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 |
18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 |
25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 |