04:00 08.04.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ЧАМУ ЗВОЛЬНІЛІ МІНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ НАВУМАВА?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 7 красавіка.
У панядзелак нечакана адпраўлены ў адстаўку міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў. Якія вынікі яго працы на гэтай пасадзе? Якія прычыны ягонага звальненьня? Ці зьвязана гэта з барацьбой клянаў альбо карупцыяй? Удзельнікі: генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы і палітычны аглядальнік .

                         Якія вынікі працы Навумава на міністэрскай пасадзе?

Валер Карбалевіч: “Пры аўтарытарным рэжыме кіраўнік сілавога ведамства мае большую палітычную вагу, чым, напрыклад, прэм’ер-міністар. І адстаўка такога кіраўніка — гэта заўсёды значная палітычная падзея. Уладзімер Навумаў — “доўгажыхар” на сваёй пасадзе. Амаль дзевяць гадоў ён прабыў міністрам унутраных спраў. Гэта шмат. У ЗША і Расеі два прэзыдэнцкія тэрміны складаюць восем гадоў.
Якія вынікі працы Навумава на пасадзе міністра ўнутраных спраў? Посьпехамі ці праваламі была адзначана ягоная дзейнасьць? Ці зьмянілася за гэты час роля Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) у сыстэме дзяржаўнай улады Беларусі?“

Мечыслаў Грыб: “За час кіраваньня Навумава павялічылася колькасьць структураў МУС у населеных пунктах, дзе іх раней не было. Таксама павялічылася колькасьць супрацоўнікаў міліцыі.
Значна былі ўмацаваныя спэцпадразьдзяленьні МУС па барацьбе з вулічнымі акцыямі пратэсту. Яны павялічыліся колькасна, у іх зьявілася больш дасканалае тэхнічнае ўзбраеньне. Пры Навумаву ўзмацнілася жорсткасьць разгону вулічных акцый, калі параўнаць зь ягонымі папярэднікамі на гэтай пасадзе.
Нельга сказаць, што дасягнуты вялікія посьпехі ў барацьбе са злачыннасьцю. Але дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што ўзровень злачыннасьці залежыць ня толькі ад працы МУС. Гэта праблема сацыяльная, і залежыць яна ад шмат якіх чыньнікаў.
За часы кіраваньня Навумава былі ліквідаваныя льготы супрацоўнікам МУС. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе супрацоўнікі МУС ня маюць ільготаў. Павялічыліся чэргі работнікаў міліцыі на жыльлё.

                         Адзнака — “двойка”
Грыб: “Размыта прафэсійнае ядро ў органах МУС. Неабгрунтавана адпраўляліся на пэнсію генэралы ў 50-55 гадоў, афіцэры — у 40-45 гадоў. На іх месца прыходзілі маладыя супрацоўнікі з больш нізкім узроўнем прафэсіяналізму. Кіраўніцтва некаторых упраўленьняў, асабліва ў правінцыі, мянялася кожны год. Усё гэта дрэнна адбівалася на барацьбе са злачыннасьцю”.

Аляксандар Фядута: “Я б ацаніў працу Навумава на “двойку” па пяцібальнай шкале ацэнак. Навумаў пазыцыянаваў сябе як прафэсіянал, які ня ўмешваецца ў палітычныя сваркі. Пэўны час яму гэта ўдавалася.
Сп. Грыб кажа, што ніколі раней вулічныя акцыі не разганяліся так жорстка. Ня згодзен з гэтым. Давайце ўзгадаем “Чарнобыльскі шлях” 1996 году, як білі праваабаронцу Шчукіна. Пасьля так званай “эвакуацыі” апазыцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 годзе рэжым не цырымоніўся з апазыцыяй.
Аднак, пазыцыянуючы сябе як прафэсіянал, сп. Навумаў ня змог пацьвердзіць гэта рэальнымі вынікамі працы. Ён не выконваў абяцаньні па расьсьледаваньні “гучных спраў”. Апошні прыклад: справа аб выбуху 4 ліпеня 2008 г. Хоць зьбіралі адбіткі пальцаў у неверагоднай колькасьці людзей, вынікаў няма“.

                         За што звольнілі Навумава?
Карбалевіч: “Наступнае пытаньне, якое цяпер шырока абмяркоўваецца ў палітычных колах: чаму звольнілі Навумава ці за што звольнілі? Афіцыйная фармулёўка — „паводле стану здароўя“. Наколькі яна можа задаволіць? Экспэрты называюць розныя прычыны: неэфэктыўнасьць працы, гульня з Эўропай, барацьба кланаў, карупцыйная справа з асабнякамі і інш. А якая ваша вэрсія?”

Грыб: “Магчыма, усе прычыны, якія вы пералічылі, маюць месца. Думаю, што гэтае звальненьне зьвязанае не са станам здароўя, а гэта палітычнае рашэньне. Найперш гэта жэст у бок Эўропы. Бо Навумаў разам зь Ярмошынай — апошнія зь дзейных чыноўнікаў, адносна якіх уведзены візавыя санкцыі.
Наступная прычына — невыкананьне абяцаньняў, пра што казаў сп. Фядута. Быў выбух у Віцебску. Затрымлівалі невінаватых людзей, а вынікаў няма. Не расьсьледаваныя справы аб зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў.
Нарэшце, справа аб выбуху 4 ліпеня 2008 г. Яна на асабістым кантролі прэзыдэнта. А вынікаў няма. Вось на апошняй прэсавай канфэрэнцыі Навумаў выказаў гіпотэзу, што, магчыма, выбух зьдзейсьніла тайная тэрарыстычная арганізацыя. Але тэрарысты звычайна суправаджаюць тэракты выстаўленьнем умоваў. У нашым выпадку гэтага няма“.

                         Адстаўка Навумава і карупцыя

Фядута: “Таксама лічу, што тут можа быць сукупнасьць прычын. Але спынюся на адной. Беларусь знаходзіцца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Думаю, ёсьць мажлівасьць таго, што Лукашэнка ў выбарах удзельнічаць ня будзе.
У зьвязку з гэтым трэба зьмяніць стаўленьне насельніцтва да міліцыі. Цяпер яно кепскае. Людзі ня лічаць міліцыянтаў сваімі абаронцамі. А яны ж атаясамліваюцца з уладай. Таму трэба да выбараў правесьці рэформу МУС і выправіць імідж міліцыі, сапсаваны за часы Навумава“.

Карбалевіч: “Давайце ўзгадаем той антыкарупцыйны выступ Лукашэнкі ў лістападзе 2008 г. Тады ён назваў у якасьці карупцыянэраў чатырох намесьнікаў міністра МУС, прычым два зь іх былі дзейныя намесьнікі. Ці ёсьць сувязь паміж цяперашняй адстаўкай Навумава і тым скандалам?”

Грыб: “Нейкая невялікая сувязь ёсьць. Але на вялікую карупцыю гэтыя факты ня цягнуць Проста знайшлі „ахвярных казлоў“, каб астатнія баяліся”.

Фядута: “Вось толькі што быў падпісаны кантракт на працяг працы яшчэ на пяць гадоў з старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю Ломацем. Цікава, што якраз у гэты час былі ўзбуджаныя крымінальныя справы адносна некалькіх высокіх чыноўнікаў гэтага ведамства. Гэта не перашкодзіла Ломацю працягваць працу. Хто ў нас карупцыянэр, вырашае адзін чалавек”.
07.04.2009 22:06

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме