09:32 30.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ЧАМУ НІВОДЗІН З ВАШЫХ КАНДЫДАТАЎ НЕ СТАЎ ДЭПУТАТАМ?

Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі:

— Па-першае, такога ў нашай партыі не было, колькі партыя існуе. Усяго толькі адзін дэпутат ад нашай партыі абраны. Гэта Віктар Міхасёў, у Баранскі гарадскі Савет дэпутатаў. Чацвёрты раз ён абраны. У мінулую кампанію было болей дэпутатаў ад нашай партыі...

І я скажу, чаму дэпутатам стаў толькі адзін кандыдат ад нашай партыі. Таму што гэтая кампанія была яшчэ менш дэмакратычнай, транспарэнтнай і свабоднай, чым кампанія 2007 года. У той кампаніі ў нас было абрана два кандыдаты, а ў гэтай — адзін. Гэта метадалогія Ярмошынай і Лазавіка. Бо яны расказваюць, што гэтая кампанія больш дэмакратычная, таму што ў мінулай кампаніі ўдзельнічала 7 партый, а зараз — 12. Гэта чыста колькасны падыход, але гэтая кампанія ўсё роўна менш дэмакратычная, таму няхай Ярмошына і Лазавік чытаюць Гегеля, асабліва ягоны закон аб пераходзе колькасці ў якасць.

Ігар ШЫНКАРЫК, старшыня выканкама Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

— У нас максімальны працэнт, які, па афіцыйных даных, атрыманы нашымі кандыдатамі, — 30 працэнтаў. У Аляксандра Валчаніна. У цэлага шэрагу нашых кандыдатаў — 20—25 працэнтаў. Я лічу, што ім проста напісалі такія працэнты, але яны павінны быць насамрэч у два разы болей...

Віктар КАРНЯЕНКА, намеснік старшыні руху “За Свабоду”:

— Па-першае, мы лічым, што выбараў, як і ўсе папярэднія разы, у Беларусі ўсё ж такі не было. Таму калі браць пад увагу гэты аргумент, то ўсё залежала ад волі ўладаў, якія кантралявалі гэты працэс. Зыходзячы з гэтага можна сказаць, што ніводзін з нашых кандыдатаў не адпавядаў інтарэсам улады. Гэта галоўны аргумент. Трэба прызнаць, што не ўсе кампаніі нашых кандыдатаў былі ўдалымі, паспяховымі, але большасць з іх заслугоўваюць станоўчай ацэнкі. Тое, пра што я казаў спачатку, актуальна для большасці кандыдатаў, якіх мы падтрымлівалі.

Рыгор КОСТУСЕЎ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Прычына адна: камусьці не захацелася, каб сябры нашай партыі сталі дэпутатамі. Такая практыка працягваецца з 90-х гадоў да гэтай пары. А людзі ў нас ёсць. Вельмі добрыя кандыдаты былі ад Партыі БНФ. Яны былі гатовы быць дэпутатамі. Наш кандыдат у Слоніме Шэга перамог у дзень галасавання, але сваю справу зрабіла датэрміновае галасаванне.
Апытанне праводзіў Віталь ГАРБУЗАЎ.
"Народная Воля" ()

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме