22:30 20.10.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЧАМУ ЛУКАШЭНКА РАЗМАЎЛЯЕ З ЭЎРОПАЙ ТАКІМ ЖОРСТКІМ ТОНАМ?
У панядзелак Аляксандар Лукашэнка падчас уручэньня яму даверчых грамат амбасадараў заявіў, што не зьбіраецца рабіць крокі насустрач Эўразьвязу. Чым патлумачыць такую жорсткую пазыцыю Менску? Чаму беларускі бок не імкнецца прадэманстраваць ляяльнасьць? Якім будзе адказ Эўропы?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць: палітычны аналітык зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў з Варшавы.
Чым патлумачыць такую жорсткую пазыцыю Менску?
Валер Карбалевіч: “Месяц таму падчас візыту ў Літву Лукашэнка заяўляў, што напярэдадні важнага рашэньня Эўразьвязу пра лёс візавых санкцыяў у дачыненьні да вышэйшых беларускіх чыноўнікаў ён не зьбіраецца рабіць крокі насустрач Эўропе. У панядзелак, прымаючы даверчыя граматы ад шэрагу эўрапейскіх амбасадараў, Лукашэнка паўтарыў гэтую тэзу ў яшчэ больш жорсткай форме. Маўляў, не спадзявайцеся на саступкі, прымайце нас такімі, якія мы ёсьць. Чым патлумачыць такі жорсткі тон напярэдадні важнага рашэньня ЭЗ у беларускім пытаньні?”
Аляксандр Фядута: “Лукашэнка ўпэўнены, што ў ЭЗ няма іншага выйсьця, акрамя таго як прыняць Беларусь такой, якая яна сёньня ёсьць. Ён лічыць, што кожная саступка Эўропе будзе ўспрынятая як праява слабіны. Ён хоча дэманстраваць сілу, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. І праблема ЭЗ — ці пагодзіцца ён на гэта”.
Каміль Клысінскі: “Дыялёг Беларусі з ЭЗ — гэта вялікая гульня. І кожны бок правярае пазыцыю партнэра. Лукашэнка ўпэўніўся, што ЭЗ займае мяккую пазыцыю, патрабаваньні эўрапейцаў агульныя, неканкрэтныя. У ЭЗ няма агульнай канцэпцыі дачыненьняў зь Беларусьсю, там 27 цэнтраў прыняцьця рашэньняў. І гэта дапамагае кіраўніку Беларусі дасягнуць сваіх мэтаў бяз значных саступак у галіне дэмакратыі і адначасова атрымоўваць грошы, інвэстыцыі, поле для манэўру ў перамовах з Расеяй. І пакуль гэта атрымоўваецца”.
Ці пойдзе Лукашэнка на саступкі?
Карбалевіч: “Можна было паводзіць сябе зусім па-іншаму. Напрыклад, праяўляць дэманстратыўную ляяльнасьць, жаданьне інтэгравацца ў Эўропу, усё абяцаць, хоць потым нічога не выконваць. Дарэчы, Лукашэнка ўмее гэта рабіць і шмат разоў паводзіў сябе так, калі лічыў гэта мэтазгодным. А вось гэтым разам — усё наадварот. Чаму?”
Фядута: “У ЭЗ ёсьць варыянты паводзін датычна Беларусі. Эўропа магла б заняць больш жорсткую пазыцыю. Гэта ў Лукашэнкі няма іншага выйсьця. Але ён лічыць, што любая праява ветлівасьці ці ляяльнасьці будзе азначаць саступку ЭЗ.
Лукашэнка ня можа зрабіць рэальныя крокі па шляху дэмакратызацыі, як патрабуе ЭЗ, бо гэта будзе азначаць паслабленьне ціску на апазыцыю і грамадзтва. Тая жорсткасьць, якую ён выкарыстоўвае ў размовах з Эўропай, насамрэч адрасаваная не ЭЗ, а апазыцыі”.
Клысінскі: “Думаю, адрасатаў такіх заяваў шмат. Гэта і ЭЗ, і апазыцыя, і намэнклятура, якая павінна атрымаць сыгнал, што нічога ў краіне не зьмяняецца. Таксама гэта адрасавана Расеі, каб паказаць ёй, што ён пасьпяхова вядзе дыялёг з ЭЗ.
Рэальных дэмакратычных зьменаў Лукашэнка рабіць не зьбіраецца, тым больш за год да прэзыдэнцкіх выбараў. Але да 16 лістапада, калі ЭЗ будзе прымаць рашэньне ў беларускім пытаньні, беларускія ўлады павінны будуць зрабіць нейкія крокі насустрач. Напрыклад, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, зарэгістраваць адну партыю. Гэта не аслабіць рэжым, але будзе ўспрынята ЭЗ як крокі насустрач”.
Дэмакратыя ці геапалітыка?
Карбалевіч: “А якім будзе адказ Эўропы? Магчыма, сапраўды, нягледзячы на зьнешнюю браваду, бескампраміснасьць, Лукашэнку давядзецца рабіць саступкі?
Зразумела, у палітыцы, дыпляматыі рэагуюць больш не на заявы, а на справы. Дык вось як са справамі? У пытаньнях дэмакратыі ніякіх пераменаў няма. У пытаньнях геапалітыкі, здаецца, таксама. Вось мінулым месяцам на тэрыторыі Беларусі адбыліся самыя вялікія ў гісторыі беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, што выклікала нездавальненьне Польшчы і Літвы. Як ЭЗ прарэагуе на ўсё гэта?”
Фядута: “Частку эўрапейскага істэблішмэнту, напрыклад, сп. Саляну, магчыма, задаволяць касмэтычныя захады беларускіх уладаў, якія не закранаюць асноваў рэжыму. І гэта будзе азначаць, што ЭЗ гатовы гуляць у гульню, прапанаваную Лукашэнкам”.
Клысінскі: “Калі казаць пра гэтыя вучэньні. Польскія журналісты пыталіся ў мяне, ці будзе вайна. Наконт рашэньня 16 лістапада можна з упэўненасьцю сказаць, што будзе працяг мараторыю на візавыя санкцыі на 6—9 месяцаў”.
Фядута: “Думаю, выбар ЭЗ будзе на карысьць дэмакратыі, а не геапалітыкі. Бо палітыка ў Эўропе зьяўляецца справай публічнай. І якія б ні былі лабісты ў Лукашэнкі, што б ні казала Нямеччына, Італія ці Саляна, міністры кожнай краіны будуць прымаць рашэньні, зважаючы на меркаваньне сваіх выбарцаў. Працягнуць мараторый — гэта саламонава рашэньне. Хіба што адзін Саляна зацікаўлены ў поўным скасаваньні санкцый”.
Валер Карбалевіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме