11:01 11.06.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ці здольная праеўрапейская апазіцыя стварыць адзіны спіс на парламенцкія выбары?












«Калі хтосьці камусьці будзе замінаць, то гэта людзі не зусім нашыя»: ці здольная праеўрапейская апазіцыя стварыць адзіны спіс на парламенцкія выбары?

Аляксандр Лукашэнка сваім указам 11 верасня датай выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ад вынікаў гэтай кампаніі залежыць лёс часова прыпыненых санкцый і пытанне легітымізацыі беларускага парламента, які ўжо 20 гадоў як нелегітымны.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе ажыццяўляцца з 3 ліпеня па 1 жніўня. Пры гэтым рэгістрацыя, прадстаўленне ў адпаведную камісію дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп павінна быць ажыццёўлена не пазней за 7 ліпеня.

Прадстаўнікі Еўрасаюза і Дзярждэпа ЗША падчас нядаўніх візітаў у Беларусь так і казалі, што справа выбудоўвання адносінаў з Беларуссю залежыць ад таго, як пройдуць выбары.

Для Захаду толькі дэмакратычная краіна можа быць паўнавартым партнёрам. А дэмакратычнай краіна можа быць толькі тады, калі ў ёй уладу ўраўнаважвае адказная апазіцыя.

Аляксандр Лукашэнка акрэсліў крытэр, якім мусіць валодаць кандыдат у дэпутаты — «быць прыхільнікам беларускай незалежнасці».

Між тым у Беларусі Цэнтрвыбаркамам па-ранейшаму кіруе Лідзія Ярмошына, а ў камісіях будуць засядаць вылучэнцы аднаго боку. Гэта значыць, сістэма падліку галасоў застанецца нязменнай.

У такіх умовах апазіцыя можа чагосьці дасягнуць, толькі калі выступіць адзіным фронтам, калі ў яе будзе адзіны спіс кандыдатаў.

Але як яго стварыць? Мы запісалі думкі лідараў рухаў і рэгіянальных актывістаў, каб вы самі маглі рабіць высновы.

Ігар Барысаў, першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):


Я думаю, аб'яднацца немагчыма. Тут патрэбна супольнае бачанне сітуацыі. Каб адзін фармат для ўсіх быў. А то кожны пераследуе выключна свае мэты, не думаючы пра будучыню краіны. У той жа час усе цудоўна разумеюць, што выбараў няма і не будзе, наўрад ці яны адбудуцца адкрытымі. І тое, што Ярмошына застаецца на пасадзе, — гэта сігнал, што нічога змяняцца не будзе. І ў такіх умовах не блага, калі будзе некалькі кандыдатаў на месца ад апазіцыі. Нават узяць стандартныя сем хвілін дэбатаў на аднаго. Пяць чалавек ад дэмакратаў — і вось ужо 35 хвілін людзі будуць гаварыць пра сітуацыю ў краіне, якая адрозніваецца да афіцыйнай. Хацелася б, вядома, каб быў адзіны спіс, а пакуль яго няма. Бо ёсць шэраг арганізацый, якія зарэгістраваныя, а ёсць аргкамітэты і лідары, яркія вядомыя, але не маюць арганізацыйных структур, і як гэта спалучыць? Пакуль гэтае пытанне не будзе вырашана, гаварыць пра нейкае канчатковае аб'яднанне не выпадае.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны:


Па-першае, калі хтосьці камусьці будзе замінаць, то гэта людзі не зусім нашыя. Я разумею яшчэ, каб галасы лічыліся…

Таму я маркую, што ўсе патрыёты мусяць падавацца, а ўжо потым будзем рабіць сход зарэгістраваных кандыдатаў. Трэба сабраць як мага болей патрыётаў, каб яны праводзілі кампанію па-беларуску — гэта будзе адказ рускаму свету, каб адразу па некалькі чалавек ішлі на месца. А потым трэба сабраць агульны сход тых, каго зарэгіструюць, і выпрацаваць супольную праграму, дзе кожны зможа дадаць штосьці сваё. Напрыклад, ТБМ прапануе зрабіць парламент беларускім, каб усе законы прымаліся па-беларуску, іншыя прапануюць іншыя пункты, і з адзінай праграмай пойдзем на выбары. Зараз трэба вылучыць максімум людзей.

І не Статкевічу з Шушкевічам вызначаць, хто дэмакрат, а хто не. Народ вырашыць.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі:


Адзіны спіс патрэбны падчас выбараў, але выбараў няма. Таму ўзгоднены спіс — вось што актульна. А любымі высілкамі дамагацца аднаго кандыдата будзе неэфектыўна. Трэба паспрабаваць зрабіць узгоднены спіс, вызначыць моцных кандыдатаў, стварыць ім умовы для правядзен- ня кампаніі — фінансаванне кампаніі ўзмацніць, пікеты, яшчэ што. Вось так трэба дзейнічаць.

Андрэй Дзмітрыеў, лідар кампаніі «Гавары праўду»:


На гэтых выбарах адзіны спіс не з'яўляецца самамэтай, варта аддаць усё ў рукі мясцовых акругаў. Бо лідары лезуць са сваёй каардынацыяй, сваімі старымі крыўдамі і эмацыйнымі траўмамі, так бы мовіць.

Трэба проста сказаць людзям на месцах: вы што, балатуецеся ў адной акрузе?

Ну дык самі і вырашайце, як вам лепей гэта рабіць: разам і каардынавацца разам ці здымацца камусьці. Я ўпэўнены, што на месцах людзям прасцей разабрацца, калі ім не ўстаўляюць палкі ў колы лідары. А дзе насамрэч патрэбна агульная каардынацыя, гэта ў іншых чатырох кірунках. Першае — супольнае правядзенне сустрэч з выбарцамі і пікетаў. Я тут з досведу кампаніі 2012 года ведаю, што большасць людзей будуць абыякавымі, а грамадская ўвага нізкай. Таму трэба супольна рыхтавацца да дэбатаў, каб усе бачылі, што вось прагрэсіўныя сілы, якія выступаюць за перамены, хай яны па-рознаму іх бачаць, але яны разам. А вось з другога боку ўлады, якія кажуць, што ўсё добра, давайце яшчэ пачакаем. Ну і вылучэнне людзей ва ўчастковыя камісіі і супольнае назіранне. Вось гэтыя чатыры кірункі. Гэта не ідэальны сцэнар, але практычны, мы думаем так. А прымусовы адзіны спіс — гэта прыводзіць толькі да новых сварак, якіх і так забагата.

Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні руху «За свабоду»:


Сёння ніякім чынам ужо нельга скласці адзіны спіс. Гэта трэба было пачынаць рабіць яшчэ год, два гады таму. Нават на прыкладзе правацэнтрысцкай кааліцыі — нам давялося ўзгадняць тры свае спісы на гэтую кампанію, што запатрабавала шмат часу і кампрамісаў. А што тады гаварыць пра супольны спіс? Цяпер праца ідзе ў тым кірунку, каб не перашкаджаць адзін аднаму. Сёння стала дзейнічае нарада дэмакратычных сілаў. Мы маем уяўленне па ўсім спектры: структуры левых сіл, правых, Партыі БНФ.

Агулам скажу, што каля 180 кандыдатаў налічваюць усе спісы. Гэта значыць, што ў 50 акругах не будзе перасячэнняў дэмакратычных кандыдатаў. А там, дзе ёсць некалькі, то яны будуць каардынаваць сваю дзейнасць — супольна выступаць на пікетах і на зборы подпісаў. Таксама недзе патрэбны некалькі кандыдатаў ад дэмакратаў для арганізацыі дэбатаў, бо калі ўмоўны кандыдат ад уладаў адмовіцца ад дэбатаў, а ў яго там толькі адзін канкурэнт, то адной заяўкі можа не хапіць для іх правядзення.

Іван Шэга, хірург са Слоніма, сябра Сойму Партыі БНФ:


На гэтую кампанію ў рэгіёнах няма сродкаў. Да таго ж людзі сёння дублююцца ў розных спісах, іх менш. Нават тут, у нас у Слоніме, ёсць дэмакратычнае згуртаванне, ад якога буду балатавацца я, але тут яшчэ адзін таварыш ад Хрысціянскай дэмакратыі хоча. І цяжка ўгаварыць чалавека зняцца. Людзі не хочуць ісці на кампраміс. Але я думаю, што ўсё стане на месца да выбараў. Мы стварылі моцную каманду, незалежную ад цэнтральных лідараў.

Мікалай Статкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты:


Адзіны спіс і аб'яднанне магчымыя. Але пакуль ёсць розныя чыннікі, унутраныя і вонкавыя, якія гэтаму замінаюць. Найперш, гэта амбіцыі, жаданне раскручваць свае арганізацыі і партыі. Але парламенцкія партыі і 20 гадоў без парламенцкіх выбараў — гэта смешна. Знешнія чыннікі — улада, якая працуе супраць аб'яднання. Сёння мы працуем на аб'яднанне і пераадольванне эгаістычных меркаванняў. І пачынаць тут трэба нават не з адзінага спісу, а з супольнага палітычнага аб'яднання, якое аб'яднае ўсіх і рашэнні якога будуць мець абавязковы характар. Гэтага баяцца ўлады.

Павал Севярынец, лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:


Па-першае трэба сказаць, што спіс дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ужо гатовы і «палатка» сфарміраваная незалежна ад таго, што будзе рабіць дэмакратычная супольнасць. І тут трэба вырашаць: альбо байкатаваць, альбо браць удзел. У нас у партыі ёсць прыхільнікі як аднаго, так і другога падыходу. І таму мы прынялі рашэнне, што як структура БХД не ўдзельнічае, але асобныя сябры могуць выкарыстоўваць гэтую кампанію для працы з людзьмі.

Калі б былі выбары, гэта б мела значэнне. Захад мог бы выставіць умову Лукашэнку: праводзіш свабодныя выбары, а мы здымаем санкцыі. Але такога няма, санкцыі прыпыненыя. Таму выглядае, што справа ідзе да легітымізацыі гэтай Палаты прадстаўнікоў. А гэта небяспека легітымізацыі тых антыканстытуцыйных і антыбеларускіх дакументаў, якія праводзяцца праз Палату прадстаўнікоў.

Паводле "Нашай Нівы"

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме