15:15 04.10.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ці з'явіцца ў Мінску памятная шыльда пра Першы ўсебеларускі з'езд?
Ці з'явіцца ў Мінску памятная шыльда пра Першы ўсебеларускі з'езд? Дрыга пакуль упіраецца
Пасяджэнні з’езду праходзілі ў Мінскім гарадскім тэатры. Цяпер гэта будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Пытанне аб 100-й гадавіне Усебеларускага З’езду разглядаў Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Па выніках абмеркавання старшыня БСДП Ірына Вештард звярнулася з лістом да Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога Савета, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і дырэкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з прапановай ушанаваць памяць пра Усебеларускі З’езд мемарыяльнаю дошкаю на будынку Купалаўскага тэатра.
— Мы прапаноўвалі зрабіць сціплую інфармацыйную дошку без гарэльефаў і барэльефаў, — кажа І. Вештард. — Мы нават прапанавалі такі кароткі тэкст для яе: «5—18 (18—31) снежня 1917 г. у гэтым будынку праходзіў Усебеларускі З’езд, які паклаў пачатак сучаснай беларускай дзяржаўнасці».
— «Сучаснай беларускай дзяржаўнасці»? Гэта значыць, і радавод Рэспублікі Беларусь сацыял-дэмакраты выводзяць з Усебеларускага З’езду?
— Без усякіх сумненняў. Логіка падзей простая: не было б Усебеларускага З’езду — не было б Беларускай Народнай Рэспублікі; не было б БНР — не было б Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Выдатныя сацыялісты і дзеячы БНР Антон Луцкевіч, Тамаш Грыб, Аляксандр Цвікевіч ды іншыя глядзелі на БССР як на чарговы этап нацыянальнай рэвалюцыі, завяршэннем якога будзе незалежная дэмакратычная беларуская дзяржава. І мелі рацыю. Незалежная дзяржава збольшага ёсць, а дэмакратычную яшчэ трэба будаваць.
— І як паставіліся да прапановы сацыял-дэмакратаў Міністэрства культуры і мінскія гарадскія ўлады?
— Гарадскія ўлады маўчаць, а першая намесніца міністра культуры Ірына Дрыга напісала вось такі адказ: «Стварэнне і ўмацаванне мемарыяльных дошак на будынку тэатра, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і месцам правядзення рознага роду значных гістарычных мерапрыемстваў, прасторай творчай дзейнасці заснавальнікаў нацыянальнага тэатральнага мастацтва, чыя памяць таксама вартая ўшанавання, уяўляецца недастаткова абгрунтаваным».
З адказу спадарыні Дрыга я зразумела, што калі на будынку Купалаўскага тэатра ўсталёўваць мемарыяльныя дошкі ў гонар гістарычных падзей, якія ў ім праходзілі, і ў гонар заснавальнікаў нацыянальнага тэатральнага мастацтва, якія ў ім працавалі, дык можа не хапіць месца на сценах. І ўсталяванне дошкі ў гонар Усебеларускага З’езду ў гэтым святле выглядае недастаткова абгрунтаваным.
Мы не наіўныя людзі і разумеем, што адказы на такога роду прапановы, як наша, пішуцца не на міністэрскім і не на гарадскім узроўнях.
— Вас задавальняе гэты адказ?
— Цалкам задаволіў бы, калі б не адно «але». Пішучы нам адказ, спадарыня Дрыга нейк забыла, што на будынку Купалаўскага тэатра маецца мемарыяльная дошка ў гонар іншай гістарычнай падзеі — І Усебеларускага з’езду Саветаў, які праходзіў 2—3 лютага 1919 г.
Раней такая дошка, аформленая на рускай мове, вісела на фасадзе, справа ад уваходу ў тэатр. Пасля рэканструкцыі будынка дошку зрабілі беларускамоўнаю, трохі памянялі яе змест і змясцілі на сцяне з боку вуліцы Карла Маркса.
Мы нічога не маем супраць гэтай дошкі, але звяртаем увагу на дзве акалічнасці. Першая: усе з’езды Саветаў БССР, які праходзілі ў 1919—1937 гг., называліся ўсебеларускімі, хоць ні на адным з іх уся Беларусь прадстаўлена не была. Мусіць, бальшавікам рупіла даказаць, што і яны могуць правесці ўсебеларускі з’езд. А на з’ездзе 1917 года і сапраўды была прадстаўлена ўся Беларусь — і падрасійская яе частка, і паднямецкая. Заходнія паветы нашай краіны былі прадстаўлены на Усебеларускім З’ездзе дэлегатамі ад бежанцаў і вайскоўцаў.
Другая акалічнасць у тым, што на мемарыяльнай дошцы ў гонар І Усебеларускага З’езду Саветаў паведамлена не ўся праўда пра гэтую падзею. Напісана, што з’езд прыняў канстытуцыю Савецкай Беларусі і дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі з Расіяй. Маглі б дадаць, што Якаў Свярдлоў зачытаў таксама пастанову Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта аб прызнанні незалежнасці ССРБ. Але не толькі дзеля гэтага прыязджаў Свярдлоў («правая рука» Леніна) у Мінск. Галоўная яго мэта была ў тым, каб абрэзаць і ліквідаваць ССРБ. І ён дамогся ад тутэйшых бальшавікоў, якія панавалі на з’ездзе, каб яны згадзіліся з рашэннем Цэнтральнага Камітэта бальшавіцкай партыі ад 16 студзеня аб далучэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў да Расіі. І ён жа прадыктаваў рашэнне пра тое, што абрэзаная ССРБ, якая толькі што паспела нарадзіцца, будзе аб’яднана з Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Літвы. І 27 лютага, праз 24 дні пасля І Усебеларускага з’езду Саветаў, ССРБ перастала існаваць. Замест яе з’явіўся сумнавядомы, кароткачасовы Літбел, у вышэйшым кіраўніцтве якога не было ніводнага беларуса.
— Чым вы растлумачыце, што з’езд, які па сутнасці ўхваліў ліквідацыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, ушаноўваюць мемарыяльнай дошкай, а з’езд, які вырашыў устанавіць рэспубліканскі лад у Беларусі і стварыць Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў з прадстаўнікоў беларускага народа, такога гонару не ўдастоены?
— Дадайце: Усебеларускі З’езд выказаўся і за федэрацыю з Расіяй. А калі быць больш дакладнай — за федэрацыю з Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікай. Вось у чым сутнасць. Саветы ўдзельнікі Усебеларускага З’езду разглядалі як дэмакратычныя органы ўлады, у якіх прадстаўлены як мінімум ўсе сацыялістычныя партыі. А бальшавікі іх разглядалі як органы так званай дыктатуры пралетарыяту, а па сутнасці, як дадатак да органаў бальшавіцкай партыі. Партыйныя органы прымаюць рашэнні, а дэпутаты, абраныя адкрытым галасаваннем, іх дружна ўхваляюць.
— Якія высновы можна зрабіць з адказу спадарыні Дрыга?
— Дзве высновы. Беларусь, насуперак таму, што запісана ў Канстытуцыі, — не дэмакратычная краіна. Для сучаснай улады Усебеларускі З’езд, які выступіў за дэмакратычны рэспубліканскі лад у Беларусі, непрымальны. З другога боку, ушаноўваючы мемарыяльнай дошкай такую падзею, як І Усебеларускі з’езд Саветаў, і хаваючы ад публікі ўсю праўду пра яго рашэнні, улада тым самым дэманструе сваю прыхільнасць да бальшавізму і пэўную залежнасць ад усходняй суседкі.
— І што далей?
— Я думаю, дэмакратычным партыям Беларусі варт было б салідарна звярнуцца да Міністэрства культуры з прапановай усё ж ушанаваць Усебеларускі З’езд мемарыяльнай дошкай. І прапанаваць Міністэрству разгледзець гэтае пытанне на калегіі з запрашэннем зацікаўленых бакоў і сродкаў масавай інфармацыі. Гэта, па-мойму, прымусіла б чыноўнікаў даваць не адпіскі, а адказы па сутнасці. А ўжо сёння сацыял-дэмакраты звяртаюцца да дэмакратычных партый Беларусі з прапановай у снежні адзначыць 100-годдзе Усебеларускага З’езду адмысловай вечарынай.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме