10:01 29.10.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ці верыце Вы ў гэта?

Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

"Беларусь рыхтуецца да важнейшай унутрыпалітычнай падзеі, — выбараў кіраўніка дзяржавы. Як дзеючы прэзідэнт хачу запэўніць, што зраблю ўсё  ад мяне залежнае, каб яны прайшлі ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і сусветнымі стандартамі".

Ці верыце Вы ў гэта?

Алесь БЯЛЯЦКІ, кіраўнік зліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна":

— Не, не веру. Таму што ён ужо не аднойчы маніў на гэты конт. Ён збіраўся правесці чэсныя, справядлівыя выбары ў 2006 годзе, парламенцкія — у 2008-м, але, як паказала практыка, нягледзячы на запэўніванні, выбары праходзілі з парушэннямі і фальсіфікацыямі.

Як будзе на гэты раз — пакажа час, пакуль мы назіраем. Хацелася б памыліцца, але падаецца, што калі і насамрэч у Беларусі пройдуць свабодныя, чэсныя і справядлівыя выбары, то гэта будзе насуперак спадзяванням некаторых зацікаўленых асоб.

Аляксандр ФЯДУТА, палітолаг:

— Нацыянальнае заканадаўства — так, сусветныя стандарты — не.

Анатоль СІДАРЭВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

— Па-першае, хочацца заўважыць, што не ад прэзідэнта краіны  павінна залежыць, па якіх стандартах будуць праходзіць выбары. Прэзідэнт у гэтым працэсе павінен быць фігурай нейтральнай. Такой заявы не дазволіў бы сабе ні Клінтан, ні Сарказі. Падобная заява Лукашэнкі сведчыць толькі пра тое, што насамрэч у Беларусі няма выбараў.

Ці веру я ў тое, што Лукашэнка зробіць усё ад яго залежнае ў сэнсе правядзення дэмакратычных выбараў? Як пісаў расійскі класік: "Свежо предание, да верится с трудом…"

Зінаіда БАНДАРЭНКА, народная артыстка Беларусі:

— Не, не веру. Бо словы ў дадзеным выпадку разыходзяцца са справай. Насамрэч ціск адчуваюць многія людзі, якія асмеліліся пайсці на гэтыя выбары, апаніруючы дзеючаму кіраўніку. З іншага боку, а што ён павінен гаварыць? Словы Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што ён згодны правесці выбары ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі, у першую чаргу разлічаны на заходнікаў. Але я не веру, што гэтыя выбары будуць адрознівацца па характары ад выбараў 2006 года.

Анатоль ПАЎЛАЎ, кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябра кампаніі "За справядлівыя выбары":

— Не, не веру. Па-першае, таму што папярэдняя гісторыя правядзення выбараў у Беларусі сведчыць пра тое, што выбары не адпавядалі сусветным стандартам. Па-другое, вынікі фарміравання тэрытарыяльных выбарчых камісій гавораць пра тое, што прэзідэнцкія выбары ў нас не будуць свабоднымі. А па-трэцяе, калі ў склад кожнай з участковых выбарчых камісій не будзе ўключана хаця б па адным прадстаўніку ад апазіцыі, то ні пра якія сусветныя стандарты і гаварыць не варта... І апошняе: пра якія сусветныя стандарты можна гаварыць, калі выступленні кандыдатаў і дэбаты паміж імі будуць трансліравацца ў запісе.
Віталь ГАРБУЗАЎ  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме