07:25 14.05.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ці патрэбны апазіцыі адзіны кандыдат на будучых прэзідэнцкіх выбарах?
“Народная Воля” вырашыла высветліць гэтае пытанне ў вядомых людзей.
Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, палітычны аналітык:
— Без варыянтаў — адзіны кандыдат патрэбны. Але ён мусіў быць вызначаны яшчэ ўчора. Наяўнасць адзінага кандыдата значна ўзмацняе шанцы апазіцыі на дастойны, калі можна так сказаць, выступ у прэзідэнцкай кампаніі.
Сілы ў будучай прэзідэнцкай кампаніі будуць няроўнымі, палітычная сістэма нашай краіны не разлічана на канкурэнцыю ў прынцыпе, яна вынішчае канкурэнцыю. У такой сітуацыі можа выратаваць толькі максімальная канцэнтрацыя намаганняў, рэсурсаў, інтэлекту, крэатыву. Толькі гэта можа прывесці да жаданага выніку, калі на гэты вынік ад пачатку настроены апаненты ўлады. А сёння выглядае, што такога выніку перад сабой яны не ставяць.
Валерый ШЧУКІН, дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання:
— У той сітуацыі, якая склалася ўнутры апазіцыі зараз, адзіны кандыдат не патрэбны. Ніводны з цяперашніх больш-менш вядомых апазіцыйных лідэраў не будзе абраны прэзідэнтам нават на дэмакратычных выбарах. Іншая справа, што ў нас няма ні выбараў, ні сумленнага падліку галасоў. Я б на месцы Лукашэнкі ўвогуле ніякімі махінацыямі займацца не стаў — апазіцыянераў і так не выберуць. Гэтую выбарчую кампанію апазіцыя будзе праводзіць, як чарговую трэніроўку. І не больш за тое...
Генадзь БУРАЎКІН, паэт:
— Я думаю, што патрэбны. Апазіцыя павінна выйсці на прэзідэнцкія выбары адзіным сціснутым кулаком. А вось калі пальцы будуць расціснуты, то іх даволі лёгка паламаюць па адным.
Раман ЯКАЎЛЕЎСКІ, палітычны аглядальнік:
— Сэнс весці размову пра адзінага кандыдата быў пасля першага канкрэса дэмакратычных сіл, калі апазіцыя намагалася кансалідавацца. На сённяшні дзень пытанне аб адзіным кандыдаце не падаецца актуальным. Яго вызначэнне ўнутры апазіцыі проста немагчыма. Вакол гэтага зараз проста ідуць нейкія незразумелыя гульні. Яскравы прыклад: апазіцыя нават унутры незалежніцкага блоку між сабой дамовіцца не можа. У чым бяда беларускай апазіцыі сёння? Усе хочуць быць прэзідэнтамі, а вось прэм’ер-міністрам — ніхто. Таму я лічу, што надыходзячае мерапрыемства пад назвай “прэзідэнцкія выбары” — гэта чарговыя выбары, ці перавыбары Лукашэнкі.
Андрэй КІМ, маладзёжны актывіст:
— Адзіны кандыдат патрэбны. Але гэта павінен быць чалавек, які сапраўды зможа аб’яднаць вакол сябе людзей, якому сапраўды павераць. Пытанне ў іншым — абранне адзінага малаверагодна. Сярод людзей, якія на сённяшні дзень заявілі аб удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдатаў, я такога чалавека не бачу. Сярод тых, хто заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях, людзі, якія, на маю думку, не змогуць атрымаць падтрымку грамадства, альбо тыя, хто ўжо праявіў сябе нерашуча ў мінулых кампаніях. Таму адзінага кандыдата трэба шукаць.
Іосіф СЯРЭДЗІЧ, галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”:
— Пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл можна гаварыць. Але не гэта, лічу, галоўнае. Ніхто, нават самы моцны прэтэндэнт, не стане пераможцам, калі выбары будуць праходзіць па той схеме, па якой яны адбываліся ўжо не аднойчы. Таму інтэлектуальнай эліце і ўсім дэмакратычным сілам трэба ультыматыўна ставіць пытанне перад уладамі, каб прэзідэнцкія выбары ў нас былі арганізаваны так, як яны былі арганізаваны нядаўна ва Украіне. Адным з палажэнняў Выбарчага кодэксу павінна стаць такое: ва ўсе выбарчыя камісіі па прадстаўніку ад кожнага кандыдата на пасаду прэзідэнта. З датэрміновым галасаваннем пакончыць раз і назаўсёды. Ад’язджае чалавек за межы краіны, інфармацыю, за каго ён вырашыў прагаласаваць, у канверт — і па пошце ў камісію па месцы жыхарства. Урны — празрыстыя. Падлік галасоў — публічны. Свабодны доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ўжо з сённяшняга дня.
* * *
Уладзімір КОЛАС: «Сёння самае галоўнае пытанне — хто стане капітанам каманды і хто найлепшым чынам здолее арганізаваць змаганне за перамогу»
Ініцыятыва Рады беларускай інтэлігенцыі фактычна прымусіць лідэраў дэмакратычных партый і рухаў абраць сярод сябе адзінага кандыдата на прэзідэнцкую пасаду падзяліла экспертаў на два лагеры. Адны вітаюць такую ініцыятыву, другія сцвярджаюць, што “адзіны” ўвогуле не патрэбны, маўляў, на выбары трэба ісці шырокім фронтам. Прагучалі і намёкі, што Рада мае свайго прэтэндэнта — адсюль і спроба актывізаваць пошук адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл.
Але найлепшая інфармацыя пра тое, што адбываецца, як кажуць, з першых вуснаў. Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас расказаў, як адбываецца працэс выбару адзінага кандыдата ў прэзідэнты, якія шанцы мае кожны з прэтэндэнтаў і да чаго можа прывесці сённяшняя “непрыстойная валтузня”.
— Рада інтэлігенцыі паспрабавала выступіць у якасці пасрэдніка па выбары адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. Якіх вынікаў удалося дасягнуць?
— Гэтая справа аказалася не такая простая, як здавалася. Зразумела, людзі, якія прымаюць рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта, цяжка ад яго адмаўляюцца. Таму пакуль мы вырашылі правесці шэраг “круглых сталоў”, на якіх прэтэндэнты паспрабуюць дасягнуць кансенсусу і проста дамовіцца паміж сабой. Калі ж гэтыя “круглыя сталы” выніку не дадуць, будзем думаць, што рабіць далей. У тым ліку разглядаецца працэдура, прапанаваная Радай беларускай інтэлігенцыі, калі рашэнне па кандыдаце будзе даручана прымаць экспертнаму савету, у склад якога ўвойдуць найбольш аўтарытэтныя і вядомыя асобы Беларусі.
Але, наколькі мы ведаем, аргкамітэт ствараемай партыі БХД таксама прапанаваў сваю працэдуру вызначэння адзінага кандыдата, сутнасць якой у тым, каб мерацца ініцыятыўнымі групамі, прыхільнікамі, рэсурсамі. Гэта альтэрнатыўны шлях. Які з гэтых працэдур будзе ў выніку абраны, я не ведаю. Але лічу, што галоўнай мэтай гэтага працэсу павінна быць дасягненне кансалідацыі, а такое спаборніцтва — меранне тым, што вымераць пакуль што немагчыма, — наадварот будзе працягваць вось гэтую сітуацыю канкурэнцыі, рэўнасці, варожасці і бойкі паміж сабой замест змагання за агульную мэту.
— Як фарміраваўся пул прэтэндэнтаў і што трэба было зрабіць для вылучэння?
— Натуральным шляхам. Гэта тыя, хто заявіў пра свае намеры ісці ў прэзідэнты. Дарэчы, не было такіх “гарадскіх вар’ятаў” (прынамсі, пакуль што). Так, гэтыя людзі знаходзяцца на розных узроўнях вядомасці, досведу і прафесіяналізму, але нават моладзь паказала сябе даволі годна. Аднак трэба памятаць, што ўсе мы знаходзімся ў пэўнай рэзервацыі, дзе нельга весці сапраўдную палітычную дзейнасць. Таму выбар трэба рабіць, зыходзячы з гэтых спецыфічных умоў. І ў нас ёсць бачанне, як гэта зрабіць.
— Значыць, дастаткова было сказаць “Я хачу быць прэзідэнтам!” — і ўсё? Ці ўсё ж такі трэба было, каб цябе вылучыла нейкая структура?
— Структуру можна знайсці і вылучыцца. Справа не ў гэтым. Галоўнае — што за плячыма гэтых людзей. Вось, напрыклад, той самы Казулін нікім не вылучаўся, але тое, што ён здзейсніў, тое, што перажыў і як сябе паказаў, сведчыць, што ён мае падставы для вылучэння. Ці ўзяць тое, што ёсць за плячыма ў таго самага Мілінкевіча, Лябедзькі... У гэтым спісе кандыдатаў няма людзей, у якіх увогуле не было б падстаў. Так, ёсць там Саннікаў, ёсць Міхалевіч, якія проста абвясцілі пра свае намеры. Але таксама і за Міхалевічам ёсць пэўная палітычная біяграфія, і за Саннікавым. Таму мы іх таксама разглядалі. Як і Ярашука, які мае структуры не палітычныя, але паказаў свае арганізацыйныя здольнасці і тое, што можа вырашаць праблемы на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні — тут ні ў кога няма сумнення.
— Якія прозвішчы значацца сёння ў вашым спісе кандыдатаў?
— Баршчэўскі, Статкевіч, Саннікаў, Міхалевіч, Рымашэўскі, Мілінкевіч, Казулін, Калякін, Лябедзька, Ярашук. Апошні, дарэчы, трапіў у гэты спіс па прапанове аднаго з сяброў Рады інтэлігенцыі. Спачатку мы запрасілі Ярашука далучыцца да нашай дзейнасці вылучэння, а потым нехта задаў яму пытанне, ці не мае ён сам намеру вылучацца. Ярашук параіўся і сказаў, што так. Таму мы выключылі яго са спісу экспертаў і перавялі ў спіс прэтэндэнтаў. Яго суполка налічвае 10 тысяч чалавек, якія не проста лічацца там фармальна, а плацяць унёскі праз бухгалтэрыю, знаходзяцца пад ціскам, але не выходзяць з яго прафсаюза. Яны ў яго вераць і паважаюць.
Сёння самае галоўнае пытанне — хто будзе капітанам гэтай каманды і хто найлепшым чынам здолее арганізаваць змаганне за перамогу? Бо гэта павінна быць сапраўды змаганнем. А не вырашэннем, хто там сядзе на гэтую пасаду і паедзе зараз па гэтых фуршэтах. Гэтага катэгарычна нельга дапусціць — проста адпрацаваць нумар, зымітаваць у чарговы раз працэс вылучэння. Галоўнае — набраць 50 працэнтаў і абараніць гэты вынік.
— А сама Рада інтэлігенцыі часам не ставіць на нейкага свайго кандыдата?
— На што вы мяне правакуеце? Рада інтэлігенцыі не нейкая групоўка. Яна складаецца з асобаў, кожная з якіх мае свой гонар, сваё сумленне і сваю рэпутацыю. Мы катэгарычна стрымліваемся ад таго, каб выказваць свае прыхільнасці нават адзін аднаму. Гэта будзе зроблена на этапе абмеркавання кандыдатур. Зараз самы галоўны вынік нашых сустрэч — што ўсе прэтэндэнты маюць шанцы і будуць ствараць вельмі моцную каманду, якой проста наканаваны поспех. Але калі не будзе каманды, калі ўсе разбягуцца ў розныя бакі і кожны замест таго, каб забіваць гол, аддаваць пасы і працаваць на форварда, будзе хапаць гэты мяч сабе — тады будзе параза. Гэтага і чакае ад нас адваротны бок.
"Народная Воля" (), пятнiца 14 мая 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме