11:30 30.04.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ці можна як-небудзь вярнуць грошы і не забірацца на вежавы кран?
28 красавіка віцяблянін Зміцер Сталяроў залазіць на вежавы кран на будоўлі стадыёна “Дынама” ў Мінску. Такім чынам 25-гадовы майстар-аддзелачнік спрабуе прыцягнуць увагу да таго, што ўжо доўгі час не можа дабіцца выплаты заробку. Некалькі месяцаў таму Дзмітрый выйграў суд супраць адной з будаўнічых кампаній, якая не выплаціла хлопцу і яго брыгадзе 64 мільёны рублёў. Але ўсё адно грошы ён так і не атрымаў.
“Праблема ў тым, што будаўнічыя фірмы падманваюць людзей, якія працуюць не першы дзень і робяць справу якасна, сумленна, — тлумачць прычыны сваёй акцыі Зміцер. — З ААТ “ДзвенскБуд” я судзіўся каля сямі месяцаў. Там было шмат пытанняў, спачатку справу пакідалі без разгляду. У выніку па адной з заяваў было рашэнне. Але мер па выняцці гэтых грошай не праводзілася. Інвестар не плаціў генпадрадчыку. Генпадрадчык, у сваю чаргу, не плаціць мне. Фірма падала на ліквідацыю. Судовыя выканаўцы разводзілі рукамі”.
Еўрарадыё пытаецца ў юрыстаў што яшчэ мог зрабіць Зміцер, апроч акцыі на кране, каб дабіцца выплаты запазычанасцяў.
Суд выйграны, а наймальнік усё роўна не плаціць
“Калі суд выйграны, а наймальнік усё роўна не плаціць, то гэта значыць, што судовы выканаўца не дабраўся да разліковага рахунку, — кажа юрыст прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. — Калі на разліковым рахунку няма грошай, тады трэба апісваць маёмасць даўжніка: аўтамабіль, факс, можа, скураное крэсла. Былі такія выпадкі, калі апісвалі і крэслы кіраўнікоў. Таму тут трэба шчыльна працаваць з судовым выканаўцам. І толькі калі наймальнік скажа, што ён банкрут і прадаставіць адпаведнае рашэнне суда, толькі тады можна казаць, што з гэтага адказчыка больш нічога ўзяць нельга”.
Прызнанне арганізацыі банкрутам можа зацягнуцца і на тры, і пяць гадоў. І ўвесь гэты час можна дамагацца вяртання грошай. Таму адзінае выйсце — ціск непасрэдна на прыстава, якому даручаная ваша справа.
Першапачаткова правярайце, як працуе прыстаў
“Першапачаткова трэба праверыць, якая праца была праведзеная судовым выканаўцам, — тлумачыць магчымасці Змітра юрыст Алена Барысава. — У якія рэгістрацыйныя органы былі накіраваныя запыты, ці выходзіў прыстаў па месцы знаходжання арганізацыі, ці наклаў арышт на разліковы рахунак прадпрыемства…”
Калі, на думку істца, судовы выканаўца працуе дрэнна і не выконвае свае абавязкі на поўную, то можна пісаць на яго скаргі кіраўніку аддзела прымусовага судовага выканання, у пракуратуру, ва ўпраўленне юстыцыі ці ў вышэйшыя суды. Алена Барысава падазрае, што Зміцер недастаткова працаваў з прыставам, адсюль і адсутнасць выніку. Бо адзін прыстаў можа весці адразу шмат справаў, і некаторыя з іх у выніку застаюцца без неабходнай увагі.
Па неаплачаных дамовах падраду дастаткова напісаць заяву ў ДФР
Але ў большасці падобных выпадкаў, перакананая юрыстка, можна абысціся без судовых разбіральніцтваў, а адпаведна, і без аплаты судовых выдаткаў, адвакатаў і гэтак далей.
“Напрыклад, па дамовах падраду дастаткова напісаць заяву ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, — узгадвае Алена Барысава. — І яны вельмі хутка рэагуюць і неяк уплываюць на наймальніка. На маёй практыцы за мінулы год было справаў дваццаць, якія мы такім чынам хутка вырашылі”.
Але дамова падраду падпадае пад грамадзянска-прававы кодэкс, а вось сталае ўладкаванне з працоўнай кніжкай — ужо працоўны кодэкс. І ў гэтым выпадку ўсё яшчэ лягчэй.
Пастановы натарыюса ці прафсаюза прыраўнаныя да рашэння суда
“Напрыклад, калі на прадпрыемстве існуе прафсаюз, то цяпер прадугледжаная форма звароту за спагнаннем менавіта ў прафсаюз, — распавядае юрыст. — Гэта магчыма ў выпадку, калі заробак палічаны (вы маеце на руках разліковы ліст), але не выплачаны. Ці ёсць яшчэ адна форма, якой людзі не карыстаюцца і, хутчэй за ўсё, пра якую не ведаюць. Можна звяртацца ў натарыяльную кантору са сваім разліковым лістком за выпіскай “выканаўчага надпісу”.
Натарыюс пазначае той факт, што заробак працаўніку налічаны, але не выплачаны. Па разліковым лістку ён пастанаўляе ў які тэрмін працадаўца мусіць ануляваць запазычанасць. Гэты “выканаўчы надпіс” з’яўляецца дакументам, які ў абыход судоў прад’яўляецца прыставу для выканання. Прычым, суд разглядае падобныя справы цягам месяца, а натарыюс і прафсаюз — цягам трох дзён. Калі ва ўсталяваны тэрмін выплата так і не адбываецца, то накіроўваецца прэтэнзія. У выпадку невыканання прэтэнзіі трэба пачынаць шчыльна і актыўна працаваць з прыставам. То бок сачыць за арыштам рахунка, апісаннем маёмасці і гэтак далей.
“Калі справа цягнецца тры месяцы, чатыры, год, то можна падаць судоваму выканаўцу звычайна пісьмовае заяўленне на індэксацыю ўсіх запазычаных сум”, — дадае Алена Барысава.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме