15:15 04.10.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ці хапае ў назіральнікаў правоў, каб бачыць адкрыты падлік галасоў?

Аналітыка “Права выбару-2018”: Ці хапае ў назіральнікаў правоў, каб бачыць адкрыты падлік галасоў?

Разбіралася Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару”.

Правы назіральнікаў

Арт.13 “Галоснасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі, дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў” Выбарчага кодэкса рэгламентуе правы назіральнікаў. У дадзеным артыкуле дакладна прапісана, што мае права рабіць назіральнік на выбарчым участку, а што яму забаронена.

У прыватнасці артыкул дае права пры правядзенні выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата, члена Савета Рэспублікі прысутнічаць назіральнікам – дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, членам Савета Рэспублікі, дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў, давераным асобам кандадатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты, прадстаўнікам палітычных партый, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам, грамадзянам, замежным (міжнародным) назіральнікам, а таксама прадстаўнікам сродкаў масавых інфармацый.

Назіральнік мае права:

  • прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных камісій;

  • прысутнічаць на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі, а таксама па адкліканню члена Савета Рэспублікі;

  • прысутнічаць пры пламбіраванні або апячатванні скрынак для галасавання;

  • знаходзіцца ў дзень галасавання ў памяшканнях для галасавання з моманту пламбіравання або апячатвання скрынак для галасавання да заканчэння падвядзення вынікаў галасавання;

  • прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання грамадзян, правядзенні паўторнага падліку галасоў грамадзян;

  • назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання, захаваннем устаноўленага гэтым Кодэксам парадку галасавання;

  • звяртацца з прапановамі і заўвагамі па пытаннях арганізацыі галасавання да старшыні ўчастковай, падліковай камісіі або да яго намесніка;

  • атрымліваць інфармацыю аб выніках падліку галасоў і складанні пратаколаў адпаведных камісій аб выніках выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата;

  • знаёміцца з пратаколамі ўчастковых камісій аб выніках галасавання і пратаколамі адпаведных камісій аб выніках выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйстаячую камісію ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам;

  • вырабіць копію пратакола ўчастковай камісіі аб выніках галасавання сваімі сіламі і сродкамі;

  • накіроўваць звароты ў адпаведную або вышэйстаячую камісію ці пракурору аб ліквідацыі парушэння гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата і члена Савета Рэспублікі не пазней чым на трэці дзень пасля выбараў, рэферэндума, галасавання аб адкліканні дэпутата, члена Савета Рэспублікі;

  • знаёміцца з рашэннямі пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі, а таксама па адкліканню члена Савета Рэспублікі.

Назіральнік не мае права:

  • займацца агітацыяй у любой яе форме;

  • аказваць кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у члены Савета Рэспублікі, у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў якую-небудзь інфармацыйную, метадычную, фінансавую або іншую дапамогу;

  • ствараць перашкоды ў правядзенні галасавання;

  • распачынаць дзеянні, якія парушаюць тайну галасавання;

  • весці апытанні грамадзян, якія прыбылі для галасавання і якія прагаласавалі;

  • запаўняць за грамадзяніна па яго просьбе бюлетэнь;

  • ствараць перашкоды для нармальнай работы камісій, пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і правядзення галасавання;

  • знаходзіцца каля сталоў выдачы бюлетэняў, каля кабін і скрынак для галасавання;

  • умешвацца ў работу камісій, пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Як рэалізуюцца правы назіральнікаў на справе

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што пры галасаванні ў назіральнікаў на практыцы застаецца мала рэальных правоў, а вось колькасць абмежаванняў узрастае шматкроць.

- На кожным выбарчым участку свае законы і ўводзяцца яны старшынёй камісіі. Як правіла, шмат што залежыць ад досьведа і маральных прынцыпаў старшыні выбарчай камісіі. Вельмі часта што дазволена назіральнікам на адным выбарчым участку – з боем прыходзіцца дабівацца на іншым. Аднак усе выбарчыя камісіі маюць адно агульнае – ніхто са старшыняў камісій не дапускае назіральнікаў да сталоў з бюлетэнямі. А гэта і ёсць камень перапоны ў пытанні адкрытага падліку галасоў, - гаворыць Алесь Сілкоў.

На фота Алесь Сілкоў

Гэта беларускі фармат правядзення выбараў. Нават у афрыканскіх, азіяцкіх і лацінаамерыканскіх краінах, дзе існуе процьма аўтарытарных рэжымаў, у бальшыні выпадкаў падлік галасоў адкрыты і празрысты, а змесціва бюлетэняў даступна для назіральнікаў. На жаль, гэтым не можа пахваліцца беларускі рэжым у выніку чаго і ўзнікаюць пытанні з яго легітымнасцю.

- Праца назіральніка – гэта як праца сапёра: адзін раз памыліўся і вылецеў з выбарчага ўчастка. Пазбавіць акрэдытацыі назіральнікаў могуць за банальныя рэчы – званок па тэлефоне, пытанне да старшыні камісіі, ці спробу падыйсці да стала з бюлетэнямі. Быў выпадак, калі назіральнікі сядзелі моўчкі, паклаўшы рукі на стол і не варушыліся. Любое іх дзеянне стала бы прычынай выдалення з участка, але такія здзекі выключэнне, чым правіла, - працягвае нацыянальны каардынатар “Права выбару-2018”.

Алесь Сілкоў адзначае, што для таго, каб старшыні выбарчых камісій дазвалялі назіральнікам прысутнічаць каля сталоў з бюлетэнямі і бачыць іх змесціва патрэбны змены ў Выбарчым кодэксе, бо нашыя людзі дазваляюць рабіць толькі тое, што прапісана, а калі гэта не прапісана, то гэта проста забаронена і ніякая правапрымяняльная практыка гэта не здолее выправіць.

Назіральнік - вораг членам камісіі

Падчас парламенцкіх выбараў 2016 года назіральнік выбарчага ўчастка №625 Каліноўскай выбарчай акругі №108 Яраслаў Навуменка стаў сведкам таго, як у празрыстай скрынцы для галасавання з’явіўся стос бюлетэняў. Паводле назіральніка гэты стос быў укінуты членамі ўчастковай камісіі, калі яго выклікаў да сябе старшыня камісіі на размову. Пра гэты выпадак стала вядома ўсёй краіне, аднак дабіцца сваімі скаргамі ў назіральніка нічога не атрымалася.

- Пад час назірання за выбарамі я прыйшоў да высновы, што незалежныя назіральнікі для членаў камісіі з’яўляюцца ворагамі і члены камісіі ад гэтага пачынаюць рабіць сваю справу яшчэ больш прынцыпова, абмяжоўваючы назіральнікаў у інфармацыі і г.д, - гаворыць актывіст “Руху “За Свабоду”.

Яраслаў Навуменка лічыць, што назіральнікам варта даваць магчымасць знаёміцца са зместам журналаў, дзе распісваюцца выбаршчыкі, якія атрымліваюць бюлетэні для галасавання. На яго думку гэта здымець пытанне з разыходжаннем звестак аб колькасці прагаласаваўшых, якія перыядычна фіксуюцца незалежнымі назіральнікамі.

Варта дадаць, што на ўчастку, дзе назіраў Яраслаў Навуменка афіцыйныя звесткі аб яўцы ў дзень датэрміновага галасавання пасля ўкіду бюлетэняў разыходзіліся з яго асабістымі падлікамі амаль у шэсць разоў. Адкрытага і празрыстага падліку галасоў назіральнік таксама не зафіксаваў.

Трэба не толькі пашыраць правы назіральнікаў – трэба мяняць тэхналогію падліку галасоў

Метадыст-аналітык “Права выбару-2018” Леў Марголін лічыць, што ў заканадаўстве варта пашыраць не толькі правы назіральнікаў, а ў першую чаргу мяняць тэхналогію падліку галасоў, бо змесціва бюлетэняў не бачаць не толькі назіральнікі, аднак і самі члены ўчастковых камісій, якія раскладаюць бюлетэні па стосах.

- Можна, канечне, давяраць адзін аднаму, што кожны ўсё расклаў сумленна, але варта мяняць тэхналогію падліку галасоў, як гэта робіцца ва ўсіх краінах і нашых суседзяў, дзе кожны бюлетэнь дэманструецца ўсім прысутным у тым ліку назіральнікам, - кажа Леў Марголін.

На фота Леў Марголін

Паводле эксперта ёсць паняцце – здаровы сэнс і згодна з ім нельга ўсё пералічыць у правілах. Ёсць рэчы, якія самі сабой зразумелыя і гэта таксама тычыцца правоў назіральнікаў. Падчас мінулых выбараў некаторыя ўдакладненні былі ўнесеныя ў інструкцыю для членаў участковых выбарчых камісій. Для самых непанятлівых была нават зроблена схема, як павінны стаяць члены ўчастковых камісій падчас падліку бюлетэняў і дзе павінны знаходзіцца назіральнікі. На схеме адзін бок заставаўся свабодным, аднак там не было сказана, як блізка назіральнікі маглі падыходзіць да стала і ўсё гэта заставалася на ўласнае жаданне старшыні камісіі.

- Калі не мяняць тэхналогію падліку, а прапісаць у правы назіральнікаў, што назіральнік можа стаяць да стала з бюлетэнямі так блізка, што можа рукі на стол пакласці - на практыцы можа атрымацца, што ён усё роўна нічога не ўбачыць. Не ўбачыць нічога, бо не пакажуць бюлетэнь, не дадуць пералічыць бюлетэні, калі ў назіральніка ўзнікне сумнеў. На мой погляд не толькі правы назіральнікаў трэба пашыраць, а ўдасканальваць працэс падліку галасоў і тады правы назіральнікаў вырашацца самі сабой. Калі кожны бюлетэнь будзе паказвацца ўсім сябрам камісіі і назіральнікам, то не мае значэння за метр ад стала ты стаіш, ці каля яго, - працягвае Леў Марголін.

Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што на мінулых выбарах назіральнікаў масава выдалялі з участкаў, нават не пазбаўляючы акрэдытацыі, а карыстаючыся пунктам арт.13 Выбарчага кодэкса– ствараў перашкоды ў правядзенні галасавання.

Гэты пункт быў прадугледжаны ў першую чаргу для дэбашыраў, алкаголікаў і іншых неадэкватных асобаў і нікому ў галаву не магло прыйсці, што гэта будзе выкарыстацца ў дачыненні да назіральнікаў. Гэта яскрава паказвае, што як ты не распісвай правы назіральнікаў, а калі няма жадання праводзіць адкрыты і сумленны падлік галасоў, то ніякія правы назіральнікаў гэтаму не дапамогуць.

Ігар Барысаў,

спецыяльна для “Права выбару-2018”

2017-10-4 10:37

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме