21:32 14.10.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЦІ ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСІ БАНКАЎСКІ КАЛЯПС?
Старшыня праўленьня Нацбанку Пётр Пракаповіч у лісьце на адрас прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага паведамляе, што існуе рэальная пагроза бясьпекі банкаўскай сыстэмы краіны.
У чым прычына такой сытуацыі? Як ацаніць прапановы Пятра Пракаповіча па пераадоленьні крызысу ліквіднасьці банкаў? Як стасуюцца гэтыя захады з рэкамэндацыямі МВФ?
Удзельнікі: экспэрт Дасьледчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук і прафэсар Барыс Жаліба.
У чым прычына крызысу ліквіднасьці банкаў?
Валер Карбалевіч: “З самага пачатку эканамічнага крызысу кіраўніцтва Нацбанку увесь час выступае з аптымістычнымі заявамі, супакойвае насельніцтва. Нават прынятае рашэньне аб гарантыі ўсіх банкаўскіх укладаў.
А вось у лісьце старшыні праўленьня Нацбанку Пракаповіча прэм’ер-міністру Сідорскаму адзначаецца, што дзяржаўныя банкі знаходзяцца ў стане крызысу ліквіднасьці. Праблемныя крэдыты за студзень-жнівень гэтага году вырасьлі ў 3,3 разы. Дзяржаўныя банкі затрымліваюць выплаты падаткаў. З дакумэнта вынікае, што існуе рэальная пагроза бясьпекі банкаўскай сыстэмы. У чым прычына гэтых праблем?”
Зьміцер Крук: “Прычына палягае ў тым, што ўрад прымушаў банкі крэдытаваць інвэстыцыйныя дзяржаўныя праграмы. А ва ўмовах, калі фізычныя і юрыдычныя асобы ня шмат прыносяць грошаў у банкі, то ўзьнікае дэфіцыт ліквіднасьці. І галоўным рэсурсам для іх зьяўляецца рэфінансаваньне Нацбанку, удзельная вага якога у рэсурснай базе банкаў павялічылася гэтым годам з 4 да 12%”.
Барыс Жаліба: “Шмат часу ўлады спадзяваліся, што крызыс нас абыдзе, мы яго перажывем з найменшымі стратамі. Нарматыў долі праблемных крэдытаў павялічыўся з 5 да 10%. Цяпер праблемныя крэдыты, выдадзеныя фізычным асобам, дасягнулі 12% крэдытных партфэляў банкаў, то бок нарматыў перавышаны. А агульная запазычанасьць прадпрыемстваў склала больш за 50 трыльёнаў рублёў. Трэба было фінансаваньне дзяржаўных праграмаў скараціць ці прыпыніць”.
Якое выйсьце з гэтай сытуацыі?
Карбалевіч: “Сапраўды, адной з прычын крызысу зьяўляецца павелічэньне фінансаваньня дзяржаўных праграм. За студзень-ліпень яно павялічылася ў 1,4 разы ў параўнаньні з мінулым годам. Якое выйсьце з гэтай сытуацыі?
Вось Пракаповіч прапануе стварыць для фінансаваньня дзяржаўных праграм дзяржаўнае агенства разьвіцьця і вызваліць ад гэтай нагрузкі дзяржбанкі. Другая прапанова — рэкапіталізацыя банкаў за кошт бюджэту. То бок, падтрымаць банкі бюджэтнымі грашыма. Як ацаніць гэтыя прапановы Пракаповіча?”
Крук: “Стварэньне для фінансаваньня дзяржаўных праграмаў дзяржаўнага агенства разьвіцьця было прапанавана МВФ яшчэ ў студзені. Гэта слушная прапанова. Бо сытуацыя, калі дзяржаўныя банкі перапампоўваюць бюджэтныя грошы прадпрыемствам, наўрад ці можна назваць банкаўскай дзейнасьцю ў клясычным яе разуменьні. Але гэтая мера дасьць эфэкт толькі пры адначасовым рэфармаваньні ўсяго рэальнага сэктару эканомікі.
Пракоповіч не сказаў нічога новага, пра гэта гаварылі незалежныя эканамісты яшчэ у пачатку году. Нацбанк імкнецца выканаць дамовы, якія ён узяў перад МВФ, а урад тармозіць. Каб рэкапіталізаваць банкі, патрэбныя грошы, а ў бюджэце іх няма. Цяпер дэфіцыт бюджэту мае памер 2 трыльёны рублёў”
Фінансаваньне эканомікі за кошт замежных крэдытаў?
Карбалевіч: “Але ўзьнікае пытаньне: калі у бюджэце няма грошай для рэкапіталізацыі дзяржбанкаў, то адкуль возьмуцца грошы для фінансаваньня эканомікі праз вось гэтае новае агенства разьвіцьця?”
Крук: “Урад спадзяецца на замежныя крэдыты, наперш, на МВФ. У іншых краінах (Латвія, Украіны, Сэрбія) МВФ фінансуе дэфіцыт бюджэту. Але ў тых краінах не было дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу. А ў Беларусі трэба за кошт замежных крэдытаў фінансаваць і дэфіцыт бюджэту, і дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу. МВФ гатовы дапусьціць зьмякчэньне фіскальнай палітыкі беларускага ўраду, але пры ўмове, што урад здолее паменшыць дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу. Магчыма, па палітычных матывах МВФ закрые вочы на гэтыя ўмовы”.
Жаліба: “Прапанова стварыць дзяржаўнае агенства разьвіцьця слушная. Але дзе ўрад возьме грошы для фінансаваньня эканомікі праз гэтую структуру? Можна надрукаваць рублі і пайсьці на “кіраваную інфляцыю”, але і гэта небясьпечна. “Беларусьбанк” ня можа разарыцца, бо гэта дзяржаўны банк, дзяржава заўсёды прыйдзе на дапамогу. Хоць гэта і не адпавядае рыначным стандартам.
Адзіная надзея — на замежныя крэдыты, якія даюць на палітычным прычынам. Як толькі Расея адмовіла ў крэдыце, то МВФ дае крэдыт. Ёсьць заява прадстаўнікоў гэтага фонду, што можа быць разгледжана пытаньне аб выдзяленьні новага крэдыту. Але МВФ будзе патрабаваць рынкавых рэформаў”.
Крук: “Два тыдні таму Нацбанк прыняў пастанову па дамоўленасьці з МВФ аб новай клясыфікацыі праблемных крэдытаў. Пры новых падліках колькасьць такіх крэдытаў узрасьце, дэфіцыт ліквіднасьці абвострыцца. Магчыма, таму і зьявілася цяпер гэтае пісьмо Пракаповіча. Магчыма, невыпадкова ліст зьявіўся ў мэдыях, каб з дапамогай публічнасьці націснуць на ўрад і зьменшыць фінансаваньне неэфэктыўнай прамысловасьці”.
Валер Карбалевіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме