09:01 12.08.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«ЦІ ПАДТРЫМЛІВАЕЦЕ ВЫ ІДЭЮ АБ ТЫМ, ШТО ПРЭТЭНДЭНТ НА ПАСАДУ ПРЭЗІДЭНТА ПАВІНЕН ЗРАБІЦЬ ГРАШОВЫ ЎНЁСАК?»

Зусім нядаўна прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл прыступілі да выпрацоўкі механізму выбару адзінага апазіцыйнага кандыдата.

Згодна з гэтым, патэнцыяльны адзіны кандыдат павінен дасканала валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, адкрыта заявіць аб тым, чаму Аляксандр Лукашэнка больш не можа быць кіраўніком Беларусі, а яшчэ, каб даказаць сур’ёзнасць уласных намераў, кандыдат павінен зрабіць грашовы ўнёсак — 5 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. Зразумела, што прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты будзе некалькі. Грошы тым кандыдатам, якія не здолеюць стаць адзіным, вяртацца не будуць. Яны будуць працаваць на пераможцу.
Таму сёння “Народная Воля” звярнулася да тых, хто заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, з двума пытаннямі: “Ці падтрымліваеце вы ідэю аб тым, што прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта павінен зрабіць грашовы ўнёсак?” і “Дзе вы збіраецеся браць грошы на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі?”.

Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):
— Актывісты нашай партыі пакуль не вызначыліся з тым, хто будзе кандыдатам у будучай прэзідэнцкай кампаніі.
Што тычыцца фінансавага ўнёску, які павінен зрабіць прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты, то я перакананы, што гэта абсалютна слушная прапанова. На добры лад, лічба магла быць у дзесяць разоў большай. Чым болей грошай, тым лепш можна арганізаваць і правесці кампанію. Аднак у нашых умовах і 5 тысяч долараў у эквіваленце — вялікая сума. Калі казаць шчыра, то я пакуль слаба ўяўляю, дзе наша партыя знойдзе гэтыя грошы. Мы існуем выключна на ахвяраванні, якіх, па шчырасці, часам не хапае нават на тое, каб аплаціць арэнду партыйнага офіса і ўтрымаць юрыдычны адрас...

Мікола СТАТКЕВІЧ, старшыня аргкамітэта па стварэнні “Еўрапейскай кааліцыі”:
— Прадстаўнікі “Еўрапейскай кааліцыі” ў якасці назіральнікаў прысутнічаюць на мерапрыемствах Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Аднак нагадваю вам, што на прайшоўшым нядаўна кангрэсе “Еўрапейскай кааліцыі” быў абраны свой кандыдат на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. Дэлегаты абралі мяне. Зараз мы чакаем, што са сваім кандыдатам вызначыцца АДС. Калі падыходы, дзеянні адзінага кандыдата ал АДС будуць супадаць з тымі, што прапаноўваем мы, то мы будзем гатовы да перамоў...
Што тычыцца грошай, якія павінен унесці ў правядзенне сваёй кампаніі кандыдат ад АДС, то прапанова мне падаецца цалкам слушнай, калі гэтыя грошы будуць накіраваны на рэальную барацьбу, а не на яе імітацыю. Дарэчы, прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл забыліся прапісаць адно патрабаванне да свайго кандыдата: чалавек павінен ісці да канца, каб абараніць уласную перамогу. Прадстаўнікоў “Еўрапейскай кааліцыі” не задаволіць падыход кшталту “фігня вайна, галоўнае — манеўры”. Не трэба “асвойваць” грошы дзеля таго, каб у рэшце рэшт у чарговы раз зафіксаваць “шматлікія парушэнні падчас выбараў” для міжнароднай супольнасці... Яшчэ раз паўтаруся, кандыдат-сапернік Лукашэнкі павінен прайсці свой шлях да канца і абараніць сваю перамогу.

Віталь РЫМАШЭЎСКІ, сустаршыня незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”:
— Патрабаванне аб грашовым унёску, якое задэкларавана прадстаўнікамі АДС, выглядае смешным. Увогуле складаецца ўражанне, што ўсіх людзей, які сабраліся пад “дахам” АДС, яднае толькі адно — напісанне эсэ на тэму “Чаму я не люблю Лукашэнку”. На сённяшні дзень яшчэ канкрэтна не вядома, ці возьме кандыдат ад БХД удзел у конкурсе на пасаду адзінага кандыдата ў межах АДС. Мы не гатовы і не будзем супрацоўнічаць з людзьмі, якія адкрыта кажуць, што гатовы здаць суверэнітэт Беларусі. Нядаўнія заявы лідэра камуністаў Сяргея Калякіна яскрава сведчаць пра гэта.
У “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” свае патрабаванні да адзінага кандыдата, яны неаднаразова агучваліся. Мы, дарэчы, выступаем за тое, каб прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты задэклараваў тое, што не з’яўляецца агентам КДБ ці замежных спецслужб. Зразумела, што беларускі КДБ такіх даведак не выдае, аднак кандыдат у прэзідэнты павінен адкрыта заявіць, што злачынцы павінны быць адхілены ад улады.
Што тычыцца самой кампаніі, то ў БХД на сённяшні дзень ёсць тры складаючыя для яе паспяховага правядзення: час, людскі рэсурс і фінансы. Мы можам знайсці і 3, і 5 тысяч долараў, у тым ліку і тут, у Беларусі...

Сяргей КАЛЯКІН, старшыня ЦК Партыі камуністаў Беларускай:
— Галоўнае, каб гэтае патрабаванне не стала ў рэшце рэшт вызначальным. Але тое, што прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты павінен ахвяраваць пэўнай грашовай сумай, гэта правільна. Правільна і тое, што грошы прайграўшага прэтэндэнта застаюцца ў агульным фондзе і працуюць на таго, хто перамог.
Што тычыцца ПКБ, то партыя жыццяздольная, яна працуе, і знайсці грошы для свайго кандыдата мы зможам, з гэтым праблем не будзе.

Сяргей СКРАБЕЦ, старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Свабода”:
— Патрабаванне аб тым, што прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты павінен унесці ў “агульную касу” пэўную суму грошай, падтрымліваю. Фінансавы чыннік — важны ў тым ліку і дзеля таго, каб чалавек сапраўды даказаў сур’ёзнасць уласных намераў. Ні для каго не сакрэт, што без фінансавых укладанняў годна правесці выбарчую кампанію не атрымаецца... Думаю, што, вылучыўшы гэтае патрабаванне, прэзідэнцкая кампанія сапраўды пазбавіцца ад “выпадковых” людзей. Як вы ведаеце, у свой час я заяўляў пра ўласныя прэзідэнцкія амбіцыі, але на кангрэсе “Еўрапейскай кааліцыі” падтрымаў кандыдатуру Міколы Статкевіча, зараз буду працаваць на яго... А дзе браць грошы на правядзенне кампаніі — пакажа час, але ўпэўнены, што яны знойдуцца...

Віктар ІВАШКЕВІЧ, намеснік старшыні Партыі БНФ, аўтар “грашовай” ідэі:
— Прапанова аб тым, што прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты павінен зрабіць грашовы ўнёсак, скіравана на тое, каб пазбавіць выбарчую кампанію “выпадковых” людзей, якія гуляюць у палітыку. Зрабіўшы ўнёсак, прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты дакажа сур’ёзнасць сваіх намераў.
Што тычыцца мяне, то ў выпадку, калі б мне давялося ўдзельнічаць у конкурсе па выбарах адзінага кандыдата, гэтыя грошы я б пазычыў. Узяў бы доўгатэрміновую пазыку, скажам, на адзін год.
Я магу нават адказаць і за старшыню нашай партыі — Лявона Баршчэўскага. У яго гэтых грошай таксама зараз няма. У выпадку, калі Баршчэўскі будзе зацверджаны ў якасці кандыдата ад БНФ, то хутчэй за ўсё яму давядзецца звяртацца па дапамогу да сяброў БНФ. Але ж вы ведаеце, што кандыдат ад Партыі БНФ, які будзе прадстаўляць партыю ў выбарчай кампаніі, вызначыцца толькі восенню, калі пройдзе партыйны з’езд.

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
— Прапанова слушная, але, можа быць, не самая важкая. Хаця, канечне, без сродкаў выбарчую кампанію не правесці, гэта зразумела абсалютна ўсім. І калі чалавек прэтэндуе на тое, каб пазмагацца за ўладу, то ён павінен цалкам паказаць свой патэнцыял, у тым ліку і фінансавы. Уменне змабілізаваць людзей, знайсці грошы — гэта немалаважна.
Калі гаварыць пра тое, дзе будзе шукаць грошы прадстаўнік АГП, то тут усё проста: што называецца, будзем скідвацца. Дарэчы, АГП — гэта адзіная партыя, якая мае свой уласны офіс у Мінску. Ён быў набыты за сродкі сяброў партыі, так што, як бачыце, калектыўны вопыт збору грошай у нас ёсць.

Апытанне праводзіў Віталь ГАРБУЗАЎ
“Народная Воля” 11.08.2009   №123-124

РЭАКЦЫЯ ЧЫТАЧА
Цэнз сытасці
Дужа цікавую прапанову выказаў уплывовы палітык сучаснасці Віктар Івашкевіч у гутарцы з карэспандэнтам газеты “Народная Воля” Аленай Новікавай (“Камень на дарозе ў Еўропу”, “Народная Воля” №93—94, 2009 год) аб унясенні ў выбарчы фонд па 20 мільёнаў рублёў кожным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі.
Сапраўды, навошта нам рабіць балаган з лёсавызначальнага мерапрыемства? Без такога абмежавання ў князі палезуць і жук, і жаба. Дарма, што ў Канстытуцыі напісана пра “права кожнага грамадзяніна”.
Канстытуцыю можна перапісаць і на свой капыл. Затое ўсе “бамжы” будуць ціхенька сядзець у сваіх падваротнях ды час ад часу корпацца ў смеццевых кантэйнерах на “сваёй” тэрыторыі. На шклатары, вядомая справа, такіх грошай не збярэш. А так: раніцай грошы — увечары мандат.
Праўда, ёсць у такім падыходзе адна закавыка.
Усе мы разумеем, што прэзідэнт кіруе не мільёнамі і нават не мільярдамі нашых грашовых плыняў. Дык чаму ж у такім разе той жа “бомж” не можа звярнуцца за пазыкай да “вялікага брата” пад гарантыі “добрых адносін” у будучыні? І заходнія суседзі іншым разам завітваюць у Сінявокую не з парожнімі кішэнямі. Ім жа таксама карціць пагуляць на нашым полі. Тая ж Беніта Ферэра-Вальднер, калі “браты” нам перцам намазаную цыцку падсунулі, хуценька прышамацела “і, дарэчы, прывезла з сабой 10 мільёнаў еўра”. А гэта, як ні круці, не на адну сотню “бамжоў” магло б хапіць.
Таму, каб сапраўды паставіць надзейную заслону на шляху ў прэзідэнты ўсялякім “бамжам” ды шалудзівым недамеркам, мне падаецца, ёсць сэнс увесці цэнз сытасці. Прэтэндуеш на вышэйшую пасаду ў дзяржаве — станавіся на шалі. Не пацягнуў, да прыкладу, на сем пудоў — нагульвай кілаграмы да наступных выбараў. У крайнім выпадку не меней цэнтнера каб важыў. І народу за такога прыемна галасы аддаваць: “Укормлены. Не накінецца на дармавы харч, а адразу пачне аб людзях клапаціцца, каб усе сыценькімі станавіліся”.
Тады і ў Еўропу можна будзе манаткі збіраць.
Хаця, калі мы здолеем сваю хату да ладу давесці, жаданне камяні з дарогі спіхваць, каб у еўрапейскія сенцы прабрацца, само знікне. Вядома ж, на месцы і камень абрастае.
Мікола КАРАСЬ.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме