22:46 31.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЦІ ЧАКАЦЬ “ПЕРАЗАГРУЗКІ” ДАЧЫНЕННЯЎ ЗША І БЕЛАРУСІ?
Ці прывядзе змена кіраўніцтва Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе новым шэфам знешнепалітычнага ведамства стаў Джон Керы, да нейкіх зрухаў у дачыненнях ЗША і Беларусі? Пра гэта ў часе размове з Беларускім Радыё Рацыя разважае палітолаг Андрэй Фёдараў.
Андрэй Фёдараў:На мой погляд, нічога прынцыпова новага не адбудзецца. Як і ў кожнай краіне, знешнюю палітыку вызначае кіраўнік дзяржавы. Канешне, у заходніх дзяржавах Міністэрства замежных справаў адыгрывае больш істотную ролю, чым, напрыклад, у той жа Беларусі. Але пакуль што не бачна ніякіх новых падыходаў з боку Злучаных Штатаў. Яны настойваюць на выкананні сваіх патрабаванняў у дачыненні да афіцыйнага Менску. Найперш гэта вызваленне палітычных зняволеных. Я ўпэўнены, што і Джон Керы будзе працягваць тую ж самую палітыку. Тым больш, вядома, што ён недзе 2 гады таму разам з сенатарам Джозефам Ліберманам зрабіў заяву менавіта датычна Беларусі, дзе даволі жорстка паставіўся да беларускага кіраўніцтва і выказаў тыя ж самыя патрабаванні. Няма падставаў лічыць, што нешта ў амерыканскай палітыцы зменіцца.
РР: Некаторыя палітыкі і палітолагі лічаць, што падчас "перазагрузкі" дачыненняў ЗША і Расіі дасягнута негалосная дамоўленасць паміж кіраўніцтвам гэтых краінаў, што поставецкая прастора з'яўляецца зонай асаблівага ўплыву Расіі і з'яўляюцца для яе прыярытэтнай. І ЗША з гэтым быццам пагадзіліся.
Андрэй Фёдараў:На мой погляд, не вельмі падобна да таго. Мы бачылі, што апошнім часам дачыненні паміж Вашынгтонам і Масквой даволі істотна пагоршыліся. Таму няма ніякіх падставаў лічыць, што Вашынгтон у гэтым пытанні, менавіта ў сферы ўплыву, пойдзе насустрач Маскве. Днямі ў Менску была дэлегацыя Дзярждэпартамента. І на сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі яе кіраўнік катэгарычна абверг гэтыя падазрэнні. Зараз няма такога падзелу ўплываў, як было ў XIX і XX стагоддзях.
РР: Вы заўважылі, што на самой справе ледзь не кожны дзень адбываецца абвастрэнне адносінаў паміж Расіяй і Злучанымі Штатамі. Ледзь не кожны дзень дэмаршы і заявы з боку Расіі, і адпаведна з боку ЗША. Чым гэта выклікана і як гэта можа адбіцца на сітуацыі ў Беларусі?
Андрэй Фёдараў: Выклікана гэта перш за ўсё тым, што расійскае кіраўніцтва ўсё больш адыходзіць ад той палітыкі, якую яно праводзіла яшчэ гадоў 15 таму ў галіне правоў чалавека. Усё больш і больш парушэнняў. Злучаныя Штаты не могуць не звяртаць увагі на гэта, яны звяртаюць. І адпаведная рэакцыя ідзе з боку Масквы. Што тычыцца Беларусі, на мой погляд, чым горшыя дачыненні паміж Злучанымі Штатамі і Масквой, тым горш гэта для дэмакратыі ў Беларусі. Бо гэта дазваляе беларускаму кіраўніцтву гуляць на супярэчнасцях, дэманстраваць сваю адданасць Расіі і атрымліваць нейкія дывідэнды для захавання рэжыму.
РР: А ці няма пагрозы, што Масква, калі пагаршаюцца стасункі з ЗША і Захадам, можа пайсці на нейкія радыкальныя крокі ў дачыненні да суседніх краін, Беларусі ў тым ліку, каб узмацніць зону свайго ўплыву і не даць суседнім краінам праводзіць занадта самастойную шматвектарную палітыку?
Андрэй Фёдараў:Можа быць і так. Але перш за ўсё гэта будзе адбывацца ў ваеннай сферы. Калі гэтыя стасункі будуць пагаршацца, то ЗША будуць настойваць на ўсталяванні сваёй супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі. Безумоўна, Крэмль будзе спрабаваць нейкім чынам выкарыстаць геастратэчічнае палажэнне Беларусі. А гэта не спрыяе беларускай незалежнасці і развіццю Беларусі як самастойнай дзяржавы. А што тычыцца іншых спробаў, то наўрад ці яны будуць. Расія і так робіць усё магчымае, спрабуючы ўцягнуь Беларусь у новаствораныя постсавецкія структуры.
РР: З іншага боку, а ці не паспрыяе абвастрэнне дачыненняў паміж ЗША і Расіяй "перазагрузцы" стасункаў з Беларуссю?
Андрэй Фёдараў:Наўрад ці. Я не думаю, што Вашынгтон разглядае Беларусь як нейкі фарпост у адносінах з Масквой. І дзеля таго, каб умацаваць сваё геапалітычнае палажэнне, заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі з правамі чалавека і дэмакратыяй.
РР: Джон Керы вядомы як прыхільнік кропкавых санкцый датычна правячых колаў Беларусі. Ці могуць з яго прыходам у кіраўнікі Дзярждэпа гэтыя санкцыі пашырыцца?
Андрэй Фёдараў: Я не думаю, што санкцыі могуць быць уведзены наўпрост, калі ў Беларусі нічога не адбудзецца. Гэта малаверагодна, мне падаецца.
І ўсё ж нельга выключаць, што яны могуць быць пашыраныя, але толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі стан справаў з дэмакратыяй і правамі чалавека яшчэ больш пагоршыцца, лічыць палітолаг Андрэй Фёдараў.
Беларускае Радыё Рацыя
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме