11:30 16.02.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЦІ БУДУЦЬ БАЛАТАВАЦЦА Ў ДЭПУТАТЫ ЛІДЭРЫ ПАРТЫЙ АЛЬБО ДЛЯ ІХ ПРАЦЯГНЕЦЦА «БАРАЦЬБА Ў КАБІНЕТАХ»?
Чарговая кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў стартавала. Здаецца, для партыйных лідэраў з'явілася магчымасць паказаць усю сваю моц, бо вялікае, як вядома, пачынаецца з малога.
"Народная Воля" вырашыла пацікавіцца такім пытаннем:
Ці будуць балатавацца ў дэпутаты лідэры партый альбо для іх працягнецца «барацьба ў кабінетах»?
Павел СЕВЯРЫНЕЦ, адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя":
— На бліжэйшых выбарах у мясцовыя Саветы сваю кандыдатуру будзе вылучаць адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні БХД — Георгій Дзмітрук. Таксама ў рэгіёнах будуць вылучаны мясцовыя актывісты БХД. Асабіста я прыняў рашэнне не вылучацца на бліжэйшых выбарах. Не хачу падманваць людзей і казаць ім, што буду займацца камунальнымі праблемамі. Не таму, што не хачу гэтым займацца, а таму, што ёсць праца ў ствараемай партыі і на агульнанацыянальным узроўні...
Станіслаў ШУШКЕВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады:
— Не, ніхто з кіраўніцтва нашай партыі, у тым ліку і я, не будзе вылучаць уласныя кандыдатуры на бліжэйшых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):
— Асабіста я над гэтым пытаннем яшчэ думаю. Да чаго схілюся — час пакажа... Калі ўсё ж такі вырашу ісці на выбары, то будзе магчымасць самому тэсціраваць сітуацыю з выбарамі, як кажуць, на ўласным досведзе.
Cяргей КАЛЯКІН, старшыня партыі "Справядлівы свет":
— Я на гэтыя выбары не пайду. Чаму? Не пайду, таму што не пайду. Партыяй прынята такое рашэнне. Затое ад "Справядлівага свету" на выбары пойдзе мой намеснік — Валерый Ухналёў.
Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі:
— Удзельнічаць у кампаніі як кандыдат я не планую. Будзе больш эфектыўна, калі я стану даверанай асобай кандыдатаў ад нашай партыі. Увогуле гэтая кампанія ў партыі разглядаецца як прагляд партыйнага рэзерву, і па ўсёй краіне будзе досыць багата кандыдатаў ад АГП.
Юрась ГУБАРЭВІЧ, намеснік старшыні руху "За Свабоду":
— Што тычыцца асобы Аляксандра Мілінкевіча, то ў якасці кандыдата ў дэпутаты ён вылучацца не будзе. Аляксандр Уладзіміравіч будзе ўдзельнічаць у кампаніях найбольш паспяховых кандыдатаў ад руху. Будзе іх даверанай асобай.
Рыгор КОСТУСЕЎ, намеснік старшыні Партыі БНФ:
— Удзел у гэтай выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата возьме старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Таксама вылучаць сваю кандыдатуру будзе намеснік старшыні Ігар Лялькоў.
Апытанне праводзіў Віталь ГАРБУЗАЎ "Народная Воля" ()
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме