13:01 15.10.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду: Судзьдзі сталі філіялам адміністрацыі прэзыдэнта
У віцебскім офісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прайшло абмеркаваньне рэформы судовай сыстэмы, якая даўно насьпела. На сустрэчы, што адбылася 7 кастрычніка, прысутнічалі мясцовыя актывісты партыі і праваабаронцы. Зь Менску прыехалі старшыня партыі Ігар Барысаў, праваабаронца і кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак, а таксама былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў.
Пачынаючы сустрэчу, Ігар Барысаў патлумачыў мэту візыту сталічных гасьцей: «Нашы паважаныя экспэрты прыехалі для таго, каб сустрэцца зь сябрамі, якія маюць дачыненьне да праваабарончай дзейнасьці, маюць юрыдычныя веды, для таго, каб абмеркаваць рэформу судовай сыстэмы Беларусі. Падобныя сустрэчы ўжо адбыліся ў Горадні, у Берасьці, учора была такая сустрэча ў Магілёве. Сёньня мы ў Віцебску. І на працягу тыдня мы правядзем выніковую сустрэчу ў Менску, дзе падаб'ём ўсе ідэі і прапановы, якія былі агучаныя адносна таго, што трэба рэфармаваць у судовай сыстэме».
Асноўную частку сустрэчы заняў даклад Міхаіла Пастухова, які ў 1992 годзе браў удзел у распрацоўцы Канцэпцыі судова-прававой рэформы, а затым у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі 1994 году.
«Я займаўся канцэпцыяй судова-прававой рэформы ўсё сваё сьвядомае жыцьцё, пачынаючы ад 35 гадоў, калі мы, група юрыстаў пад кіраўніцтвам Булахава, распрацавалі такую канцэпцыю, і яна была прынятая і аформленая пастановай Вярхоўнага Савету 23 красавіка 92-га году; і здавалася б, можна было ўзварушыць наш стары савецкі суд і перайсьці да дэмакратычнага беларускага суду. Але атрымалася так, што яна была проста праігнараваная», – сказаў на пачатку Міхаіл Пастухоў.
На цяперашні момант, на яго думку, судовая сыстэма цалкам страціла сваю незалежнасьць і перастала выконваць тыя функцыі, якія на яе ўскладзеныя: «Судзьдзі, на вялікае, сталі філіялам адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта ніякі ня суд – гэта чыноўнікі, якія выконваюць і ажыцьцяўляюць палітыку ўлады, ня лічачыся з інтарэсамі людзей. Гэта суды для ўлады. Абслугоўваючыя ўладу. Вельмі жорстка падкантрольныя ёй. Гэта – бязьлітасныя суды. Неміласэрныя».
Паводле Пастухова, рэформа павінна ўключаць у сябе шэраг неабходных дзеяньняў і зьменаў:
- Неабходна перайсьці да абраньня судзьдзяў, што дазволіць хутка і эфэктыўна абнавіць склад суду і выбраць самых годных і кваліфікаваных юрыстаў.
- Трэба аднавіць дзейнасьць гаспадарчых судоў, якія былі пераўтвораныя дэкрэтам прэзыдэнта ў эканамічныя суды і ўключаныя ў сыстэму Вярхоўнага суду.
- Судзьдзяў на месцах павінны будуць зацьвярджаць мясцовыя ворганы прадстаўнічай улады.
- Трэба стварыць Усебеларускую Раду судзьдзяў, якая будзе арганізоўваць праверку судзьдзяў (праводзіць навучаньне і атэстацыю, рэкамэндаваць да абраньня судзьдзяў і здымаць іх з пасады).
- Трэба стварыць судзейскае самакіраваньне, у якім будуць браць удзел усе судзьдзі.
- Агульныя (раённыя) суды павінны стаць экстэрытарыяльнымі, дзеля чаго трэба адысьці ад жорсткай прывязкі да тэрытарыяльнага падзелу краіны па раёнах і стварыць судовыя акругі, што дасьць магчымасьць пазбавіцца судам ад кантролю з боку мясцовых ворганаў улады.
- Узрост, зь якога юрысты могуць працаваць судзьдзямі, павінен быць павышаны з 25-ці да 30-ці гадоў.
- Неабходна зрабіць заробак судзьдзяў больш высокім, чымся ў адвакатаў ці пракурораў.
Закрануў спадар Міхаіл і тэму прафэсіяналізму цяперашніх судзьдзяў.
Паводле яго, цяпер у Беларусі працуе 1300 судзьдзяў ва ўсіх судох, зь іх больш за 850 – жанчыны, большасьць зь якіх – учорашнія судовыя сакратары, якія завочна атрымалі адукацыю і па пратэкцыі кіраўніцтва здалі неабходныя атэстацыйныя іспыты.
Завяршыла сустрэчу прамова праваабаронцы Алега Воўчака. На яго думку, сягоньня асноўнымі праблемамі, якія хвалюць грамадзтва, ёсьць парушэньні правоў грамадзян міліцыяй, неэфэктыўная і несправядлівая судовая сыстэма, дэкрэт аб дармаедах, беззаконьне арміі і пэнсійная рэформа. І ўсе гэтыя праблемы аб'ядноўвае суд: «Таму што калі парушаюцца нашы правы, куды грамадзяніну ісьці? Або біць пысу адзін аднаму, або ў суд, калі мы ўсё ж прававая дзяржава» – заявіў Воўчак.
На яго думку, судовая сыстэма ў цяперашнім выглядзе не павінна існаваць, і яе трэба рэфармаваць як мага хутчэй. Бо цяпер у людзей, па сутнасьці, няма доступу да прававой дапамогі, да правасудзьдзя, да адвакатаў, прысутнічае паўсюднае самаўпраўства судзьдзяў на месцах і на рэспубліканскім узроўні. Каб прасоўваць рэформу, Алег мяркуе ладзіць розныя адукацыйныя мерапрыемствы і адвакацыйныя кампаніі, весьці ліставаньне з так званай элітай (судовай, пракурорскай, міліцэйскай).
- " rel="fancybox-button[gallery15acfb881b]" data-fresco-caption="
">Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме