17:45 16.05.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Бунт у Спораве: сяляне патрабуюць вярнуць ім возера (фота)










Пакаленьні спораўцаў вялі жыцьцё вакол аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх азёр — лавілі рыбу, езьдзілі на чаўнах, узімку дзеці ганялі на каньках. Цяпер усё гэта — толькі з дазволу прадпрымальніка, якому здалі возера ў арэнду мясцовыя чыноўнікі.

У вёсцы Спорава Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне адбыўся сход вяскоўцаў і чыноўнікаў. На ім запатрабавалі вярнуць возера сялянам, скасаваўшы арэнду прадпрымальніку Анатолю Заблоцкаму. Чыноўнікі паабяцалі перадаць патрабаваньні спораўцаў «вышэй».

Перад сходам жыхары Спорава сабралі больш за 500 подпісаў пад сваім зваротам у аблвыканкам. Таму ў спораўскі дом культуры прыехалі ня толькі раённыя чыноўнікі, але і прадстаўнік аблвыканкаму. Вяскоўцаў сабралася каля дзьвюх сотняў.

Спорава расьцягнулася ўздоўж возера

Возера прадалі, сялян не спыталі

Жыхары Спорава патрабуюць пазбавіць прадпрымальніка Анатоля Заблоцкага права на арэнду возера. Напрыканцы 2014 году аблвыканкам за 200 мільёнаў рублёў здаў Спораўскае возера плошчай 1140 га ў арэнду бізнэсмэну на 10 гадоў. Спадар Заблоцкі мае тут займацца прамысловай лоўляй рыбы і продажам дазволаў на аматарскую лоўлю.

Бізнэсмэн задумаў стварыць вакол возера і адпаведную інфраструктуру — пабудаваць кавярню, стаянкі, іншыя аб’екты для прыежджых.

Не ўлічылі Анатоль Заблоцкі ды мясцовыя ўлады адзінага — думкі мясцовых жыхароў. А вяскоўцы якраз аказаліся супраць. На сходзе выявілася, што канфліктаў паміж Анатолем Заблоцкім і спораўцамі назьбіралася ўжо шмат. Прадпрымальнік кажа, што яго незалюбілі, бо ён змагаецца зь вясковым браканьерствам. І сьцьвярджае, што яму ўжо выбівалі вокны ў хаце, спалілі хлеў, нават ката атруцілі.

«Нашы дзяды змагаліся не за прышлых бізнэсоўцаў...»

Людзі ж наракаюць, што ўсе праблемы — з-за таго, што ўлады не палічыліся зь іхняй думкаю:

«Мы, жыхары вёскі Спорава, лічым, што натуральныя водныя аб’екты ня могуць быць перададзеныя ў арэнду з мэтай прамысловай лоўлі рыбы без уліку думкі жыхароў рэгіёну. Нам права на абмеркаваньне не было дадзена, нашых інтарэсаў ніхто ня ўлічваў. Арандатар ігнаруе нашы інтарэсы. Нам таксама вядома, што арандатар плянуе набраць рыбалоўныя брыгады не зь мясцовага насельніцтва. Арандатар зімой забараніў зрабіць хакейную пляцоўку і пазбавіў нашых дзяцей традыцыйнага зімовага адпачынку. Толькі з дазволу арандатара можна выехаць для адпачынку на возера. Мы будзем поўнасьцю пазбаўленыя традыцыйнага звыклага адпачынку. Чаўны людзей павінны будуць захоўвацца толькі ў адным месцы. Зімой арандатар забараняў лавіць рыбу аматарскім спосабам», — зачытаў свае прэтэнзіі адзін з прысутных на сходзе вяскоўцаў.

У сваіх выступах вяскоўцы апэлявалі да таго, што мяняецца іх традыцыйнае жыцьцё:

«Нашы бацькі і дзяды, якія трымалі Зьдзітаўска-Спораўскую абарону ў час вайны, змагаліся не за тое, каб прышлыя бізнэсоўцы „па паняцьцях“ ігнаравалі нашы інтарэсы, мянялі лад жыцьця, які склаўся дзесяцігодьдзямі».

Выказвалі вяскоўцы і іншыя прэтэнзіі да прадпрымальніка — і што ён сам рыбачыў тут сеткамі раней, і што будуе сабе дом на месцы стаянкі старажытнага чалавека часоў нэаліту, і што пускаў гучную музыку ў позьні час...

Нават прывялі 80-гадовага дзеда, якога быццам бы прадпрымальнік ледзь не душыў.

Праваслаўны сьвятар таксама заступіўся за сялянаў

Айцец Іаан, спораўскі праваслаўны сьвятар, таксама прыйшоў на сход і выступіў у падтрымку сялянаў:

«Я як настаяцель нашага храма надзвычай абураны сытуацыяй, якая склалася на прыходзе. Усё было добра да таго часу, пакуль не зьявіўся Анатоль Заблоцкі ў асобе арандатара нашага возера. Як толькі ён зьявіўся, адразу ўсю вёску быццам нехта з ног на галаву перавярнуў. Усе сталі ўсхваляваныя, на эмоцыях. І ня толькі мясцовыя жыхары — як ні прыеду сюды, заўсёды купа міліцыі, купа ўладаў, усё нейкія праблемы... Зьявіўся адзін чалавек — і ўсё перавярнулася. Адразу тэндэнцыя духоўнага адраджэньня пайшла ў адваротны бок з прагрэсуючай хуткасьцю», — распавёў сьвятар.

Выступае айцец Іаан, спораўскі праваслаўны сьвятар

Айцец Іаан выказаў меркаваньне, што была дапушчаная памылка, калі возера перадалі ў арэнду, не сабраўшы думкі вяскоўцаў і не спытаўшыся ў іх.

Пасьля выступу сьвятара заля выбухнула воплескамі.

Чыноўнікі паабяцалі далажыць «вышэй» і разабрацца

Арандатар возера Анатоль Заблоцкі таксама прыйшоў на сход. Чыноўнікі прапанавалі яму выступіць і адказаць на прэтэнзіі насельніцтва.

«Я вашы прэтэнзіі прымаю, мне вельмі „прыемна“. Кожны чалавек мае права памыліцца. Можа, дзесьці ёсьць і мае памылкі», — пачаў выступ Анатоль Заблоцкі.

Выступае арандатар Анатоль Заблоцкі

Далей прадпрымальнік распавядаў, як ён дзякуючы «свайму сябру міністру» выбіў дапамогу мясцоваму калгасу ў выглядзе 120 тон саляркі. Заля ў часе прамовы прадпрымальніка то выбухала сьмехам, то выкрыкамі «Хлусьня!». Таму выступ бізнэсоўцы выйшаў скамечаным.

Намесьнік старшыні Бярозаўскага райвыканкаму Міхаіл Крэйдзіч напрыканцы распавёў, што ўсе прэтэнзіі жыхароў Спорава пачутыя і іх перададуць «вышэй» для прыняцьця рашэньня.

У той жа час чыноўнікі растлумачылі, што арэнда возера — гэта зьдзейсьнены факт. Прадстаўнік аблвыканкаму распавёў:

«Перад тым як перадаць у арэнду возера, у аблвыканкам былі накіраваныя лісты з райвыканкаму, дзе было напісана, што «ўлічваючы думку грамадзянаў прылягаючых населеных пунктаў, апытаных 320 чалавек... Бярозаўскі райвыканкам лічыць мэтазгодным як найхутчэйшае вырашэньне пытаньня здачы ў арэнду».

Заля выбухнула абурэньнем. Людзі пачалі тлумачыць, што подпісы гэтых 320 чалавек — фіктыўныя, яны зьбіраліся быццам бы пад нешта іншае.

Напрыканцы сходу здарыўся досыць эмацыйны інцыдэнт, калі адзін са сталых вяскоўцаў падышоў да арандатара Анатоля Заблоцкага і пачаў крычаць, каб той пакінуў вёску ў спакоі. У запале мужчына кінуўся нават на калені з крыкам «Сыдзі, пакінь нас у спакоі».

У часе сходу ў залі прысутнічалі міліцыянты, але ў падзеі ня ўмешваліся.

Спораўцы галасуюць за скасаваньне арэнды

Апазыцыянэр Валянцін Лазарэнкаў: «Як трэба, то зьбяром і 10 тысяч подпісаў»

Намесьнік старшыні абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Валянцін Лазарэнкаў — родам зь Бярозаўшчыны. Адсюль ён балятаваўся ў парлямэнт на мінулых выбарах, але, паводле афіцыйных дадзеных, не набраў неабходнай колькасьці галасоў.

У абарону сялян выступае Валянцін Лазарэнкаў

Спадар Лазарэнкаў распавёў Свабодзе, што са Спорава родам яго бацька, які быў мэдыкам у партызанскім атрадзе. Цяпер ягоныя мэдычныя прылады захоўваюцца ў музэі.

Валянцін Лазарэнкаў аказвае жыхарам Спорава юрыдычную падтрымку ў справе канфлікту вакол возера. Прыехаў ён выступіць і на сходзе:

«Бог даў тое, што карміла дзесяцігодзьдзямі мясцовае насельніцтва — возера. Тут прыродны заказьнік, тут жыве рэдкая ў Эўропе птушка чаротаўка... Азёры павінны быць недатыкальныя. І калі сёньня тут будаваць пляжы, запускаць водныя матацыклы, ладзіць маштабныя забаўляльныя мерапрыемствы, то зьнікне ня толькі птушка чаротаўка, тут людзі не застануцца жыць... І калі кіраўніцтва ня знойдзе спосабу гэтую арэнду спыніць, то гэта ня будзе апошні наш крок. Сабралі мы пяцьсот подпісаў, зьбяром і тысячу, як трэба, то і дзесяць тысяч», — выказаўся Валянцін Лазарэнкаў.

Раней Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» і кампанія «Гавары праўду» прынялі адмысловую заяву пратэсту супраць парушэньня права жыхароў Спорава на карыстаньне азёрнымі рэсурсамі.

Валянцін Лазарэнкаў каля Спораўскага возера

Вёска Спорава — надзвычай жывапіснае месца. Паселішча цягнецца ўздоўж возера, у дварах, якія выходзяць проста да вады, — чаўны.

Тут Спораўскі заказьнік, які першым у Беларусі атрымаў статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня. Спораўскі заказьнік — вызначальнае месца гнездаваньня вяртлявай чаротаўкі, птушкі, якая знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Гняздуюцца тут яшчэ 20 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

У заказьніку штогод ладзіцца нацыянальны чэмпіянат па ручным сенакашэньні «Спораўскія сенакосы». Пераможцы спаборніцтваў едуць на чэмпіянат Эўропы па сенакашэньні.

Спорава — мясьціна, вядомая народным гумарам. Кожныя пяць год тут праводзіцца абласны фэстываль «Спораўскія жарты».

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме