20:30 10.05.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Будоўлю «трыюмфальнай аркі» ў Магілёве ня спыняць, бо дазволіў Лукашэнкаа
Праект аркі ў Магілёве
Узьвесьці «Трыюмфальную арку» да 750-годзьдзя Магілёва дазволіў Аляксандар Лукашэнка. Гэта вынікае зь ліста, які даслалі першаму намесьніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігару Барысаву з Магілёўскага гарвыканкаму. Партыец зьвяртаўся да кіраўніцтва гораду з прапановай спыніць будаўніцтва «непатрэбнага аб’екта».
Незалежныя экспэрты і спэцыялісты ў галіне архітэктуры, пісаў чыноўнікам актывіст, «ў сілу яго эклектычнасьці».
З гарвыканкаму Барысаву адпісалі, што ўзьвядзеньне аб’екта абвешчана «народнай будоўляй», і далі зразумець, што працы на Менскай шашы ня будуць спыненыя.
«Дадзены аб’ект уваходзіць у склад архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі забудовы мікрараёнаў і асноўных транспартных магістраляў Магілёва, якая была прадстаўленая на разгляд і адобраная прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам падчас ягонай рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць 14 лістапада 2016 году», — адказаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Дзядовіч.
У той жа час гарвыканкам не адкінуў іншую прапанову Ігара Барысава — разгледзець пытаньне пра адбудову ў Магілёве адной з гістарычных брамаў. Партыйцу прапанавалі даслаць матэрыялы — абгрунтаваньне прапановы.
Ігар Барысаў
«Відаць, чыноўнікі паспрабавалі „падлавіць“ мяне на адсутнасьці праекта аднаўленьня Алейнай брамы. Але ён якраз ёсьць. Прапановы будуць дасланыя ў гарвыканкам», — кажа Ігар Барысаў, спасылаючыся на кансультацыі з старшынём рады Таварыства аховы помнікаў культуры і гісторыі Антонам Астаповічам.
Што да «трыюмфальнай аркі», то актывіст кажа, што спыніць яе будаўніцтва наўрад ці магчыма.
«Да будоўлі варта ставіцца як да факту, бо праект узгоднены з Аляксандрам Лукашэнкам і ніхто адступацца ад яго ня будзе. Вядома ж, прыкра, што саму ідэю ўзьвядзеньня „аркі“ шырока не абмяркоўвалі ў Магілёве. І, на жаль, хоць незадаволенасьць будоўляй сярод магілёўцаў ёсьць, але з адкрытым пратэстам ніхто не выступае. Толькі абурэньне ў інтэрнэце», — кажа Ігар Барысаў.
З публікацый у мясцовай прэсе вядома, што кошт аркі — 1 мільён 500 тысяч рублёў. На ўпарадкаваньне тэрыторыі і падземны пераход спатрэбяцца яшчэ тры мільёны. Гарвыканкам абяцае, што ўзводзіць аб’ект будуць на ахвяраваньні.
Пасьля таго як спэцыялісты скрытыкавалі праект аркі ў незалежных мэдыях, магілёўская дзяржаўная прэса пачала публікаваць свае апытаньні, у якіх экспэрты падтрымлівалі ідэю гарвыканкаму. Адзіная заўвага тычылася мовы. Скульптар Андрэй Вераб’ёў выказаў думку, што надпісы на арцы павінны быць на беларускай мове.
Дзяржаўныя СМІ пазьбягаюць ужываць адносна аркі слова «трыюмфальная». Пішуць «арка на ўезьдзе ў Магілёў». Адзначаецца, што гэты аб’ект — «падарунак гораду ад магілёўцаў».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме