17:45 08.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Бюст Пушкіна ў Магілёве ўсталявалі з парушэньнем працэдуры
У Магілёве ўсталявалі помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну. На пастамэнце — урыўкі зь вершаў клясыка расейскай літаратуры. Адзін зь іх, «Клеветникам России», выглядае правакацыйна. Ён адрасаваны тым, хто спачуваў у Эўропе паўстанцам, якія ўзьняліся ў 1830 годзе супраць расейскай улады. Паўстаньне ахоплівала і беларускія землі.
Як ставяцца ў Магілёве да ўсталяваньня бюста Пушкінагісторыкі, грамадзкія актывісты і апазыцыйныя дзеячы?
Магілёўскі гісторык Аляксандар Агееў заўважае, што новага помніка ў Магілёве і надпісаў на ім яшчэ ня бачыў. Паводле суразмоўцы, пытаньне пра ўсталяваньне бюста абмяркоўвалася на адной з камісіяў гарвыканкаму. Саму ідэю ўспрынялі пазытыўна. Месца ўсталяваньня бюста таксама ня выклікала нараканьняў — ля бібліятэчнага каледжа, які носіць імя Пушкіна. Што да афармленьня пастамэнту, то, паводле Аляксандра Агеева, палажэньні тапанімічнай камісіі гарвыканкаму прадугледжваюць абмеркаваньне надпісаў на помніках:
Аляксандар Агееў«Абмеркаваньня верша на тапанімічнай камісіі пэўна не было, — кажа суразмоўца. — Тут відавочнае працэдурнае парушэньне. На тапанімічнай камісіі павінны абмяркоўвацца такія надпісы. Я мяркую, калі б гэта абмяркоўвалася, то такога рознагалосься б не было».
«Сам па сабе помнік Пушкіну ў мяне пярэчаньняў не выклікае, — дадае Аляксандар Агееў. — Аднак праблема тут у тым, што мы сваім яшчэ не паставілі помнікаў. Таму любы помнік расейскім дзеячам, ці якім іншым, выклікае адразу пярэчаньні, успрымаецца крыху насьцярожана».
Яшчэ адзін магілёўскі гісторык Ігар Пушкін зазначае: калі абмяркоўвалася ідэя ўсталяваньня бюста, то разглядалася перадусім выява, а ня надпісы. Суразмоўца выказвае жаль, што на пастамэнце зьмясьцілі палітызаваныя вершы:
Ігар Пушкін«Усталяваньне бюста ля бібліятэчнага каледжа, які носіць імя Пушкіна, — гэта нармальна. Пагатоў расейскі паэт двойчы быў у Магілёве. Што тычыцца вершаў, якія на помніку разьмешчаныя, то я лічу: яны павінны былі быць больш вядомымі — лірычнага характару, напрыклад. Пры прыёмцы гэтага бюста трэба было зьвярнуць увагу, чаму прысьвечаныя вершы на ім», — лічыць гісторык Ігар Пушкін.
Старшыня гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў, гаворачы пра бюст Пушкіна, зазначае, што ня супраць яго. Аднак абраны верш, на ягоную думку, будзе падаграваць пэўныя настроі ў грамадзтве, асабліва ў сьвятле падзеяў у Данбасе:
Алег Дзьячкоў«Калі яны выбралі такі верш, то гэта зрабілі дарма. Гэта не зусім дальнабачна. Гэта будзе падаграваць пэўныя настроі. Можна было і іншыя вершы адшукаць — пра таго ж Адама Міцкевіча, напрыклад, — выказваецца актывіст. — Што да ўсталяваньня помнікаў чужым дзеячам у Магілёве, дык гэта ганьба мясцоваму грамадзтву і ўладзе».
Сябра прэзыдыюму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» магілёвец Ігар Барысаў адзін зь першых скрытыкаваў усталяваньне бюста Пушкіна ў Магілёве. Партыец пытаецца: навошта гораду два помнікі расейскаму паэту? Абурае актывіста і тое, што ўсталяваньне помніка не выносілі на грамадзкае абмеркаваньне:
Ігар Барысаў«Гэта проста правакацыя. Іначай гэта ўсё не назавеш. Прычым чыноўнікі гэта зрабілі ціхай сапай. Пра ўсталяваньне бюста ніхто не гаварыў. Ідэя не абмяркоўвалася, — кажа актывіст.
Ігар Барысаў быў сярод тых, хто пратэставаў супраць усталяваньня ў горадзе бюста расейскага цара Мікалая ІІ. Ад той задумы ўлады адмовіліся — празь неадназначнае, як заяўлялі чыноўнікі, стаўленьне магілёўцаў да гэтай асобы.
Паэт Пушкін, кажа Ігар Барысаў, ня мае такога адыёзнага шлейфу, як Мікалай ІІ, таму магілёўскае грамадзтва і «праглынула» падарунак расейцаў. На справе ж выйшла, што помнік — з правакацыйным вершам. Партыец вінаваціць уладу ў пагарджаньні беларускай культурай:
«У нас у Магілёве няма ніводнага помніка ні нацыянальным дзеячам, ні паэту, пісьменьніку. Чыноўнікі нічога не прасоўваюць беларускага, мала таго, — працягвае партыец, — яны прымаюць вось такія падарункі, траянскіх коней. Пра Беларусь, беларускіх дзеячаў яны наагул ня думаюць. Гэта зьвязана зь іхнай культурай, іхнай унутранай каштоўнаснай прашыўкай».
Бюст Пушкіна ўсталявалі ля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа. Ён схаваны ў глыбіні невялікага сквэру. На пастамэнце бюста па-расейску пазначана, што гэта дар у гонар «70-летия Великой Победы». Згадана і кім: праектам «Аллея Российской Славы».
Акрамя верша «Клеветникам России», зьмешчаны на пастамэнце і яшчэ адзін урывак — зь верша Пушкіна «Я помню чудное мгновенье».
Гл. таксама:Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме