10:00 17.07.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Беларусы ў замежжы ці губляюцца, ці далучаюцца да больш моцных дыяспар
18-19 ліпеня ў Мінску пройдзе V з’езд Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ці зменіць гэты форум адносіны паміж тутэйшымі беларусамі, уладамі і дыяспарай? На пытанні “Заўтра тваёй краіны” адказвае старшыня рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алена МАКОЎСКАЯ.
-- Якія праблемы будуць у цэнтры увагі ўдзельнікаў форуму?
-- Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце, пытанні выхавання, развіцця, захавання беларускай мовы. Пакаленне старой эміграцыі зараз адыходзіць, а з новай хвалі, вельмі малая частка рэальна далучаецца да беларускіх асяродкаў замежжа. І прычына не толькі ў адсутнасці сістэмнай падтрымкі дыяспар з боку беларускай дзяржавы, але адначасна гэта і слабая нацыянальная самаідэнтычнасць. Беларусы ў замежжы ці губляюцца, ці далучаюцца да больш моцных дыяспар.
Паколькі гэтая праблема вельмі актуальная, то на з’ездзе плануецца прыняць шэраг адмысловых дакументаў. Сярод іх, напрыклад, на бліжэйшыя чатыры гады. Таксама мы вынесем на абмеркаванне свае прапановы ў праект . “Бацькаўшчына” неаднаразова выказвала свае заўвагамі да існуючага законапраекта “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”. І нам хацелася б, каб справа, урэшце рэшт, зрушылася з мёртвай кропкі.
Большасць суседніх краінаў маюць адпаведныя заканадаўчыя акты, скіраваныя на падтрымку і супрацоўніцтва са сваімі дыяспарамі. І гэта прыносіць станоўчыя вынікі для гэтых нацый у цэлым, незалежна ад месца пражывання.
Да прыкладу, ва Украіне прыняты Закон “Пра прававы статус замежных украінцаў”, “Дзяржаўная праграма па супрацы з замежнымі ўкраінцамі на перыяд да 2010 г.”, створана Нацыянальная камісія па пытаннях замежных украінцаў пры Кабінеце Міністраў Украіны. У Польшчы прыняты Закон “Аб карце паляка”, працуе ў Сенаце Камісія па справах эміграцыі і сувязі з палякамі за мяжой. У Расіі пасля шырокага грамадскага абмеркавання прыняты Закон “Аб расійскіх суайчынніках за мяжой”.
-- Наколькі беларусы замежжа валодаюць сітуацыяй у нашай краіне?
-- Пры наяўнасці Інтэрнэта кожны чалавек, які хоча нешта ведаць пра Беларусь, можа знайсці інфармацыю. Акрамя таго, мы штомесяц выпускаем бюлетэнь “Беларусь у свеце”, які дасылаем ва ўсе суполкі беларускага замежжа. У нас ужо каля тысячы падпісчыкаў у трыццаці краінах свету.
Але кожны чалавек успрымае інфармацыю, якую атрымлівае, суб’ектыўна, праз свае погляды, падыходы. Беларускія дыяспары – розныя па сваіх палітычных перакананнях, па веравызнанні.
-- Чаго чакаюць нашы суачыйннікі за мяжой ад беларускіх уладаў?
-- У сваёй большасьці наша дыяспара глядзіць на Беларусь з пэўнай надзеяй, што гэта ёсць іх і наша радзіма, таму чакае пэўных крокаў і захадаў з боку беларускай дзяржавы. Сёння беларуская дыяспара ва ўсім свеце налічвае каля 3,5 мільёнаў чалавек і фактычна складае траціну нацыі. Гэта велізарны чалавечы, інтэлектуальны, эканамічны рэсурс, гэта нашы іміджавыя цэнтры ў свеце. Беларусы замежжа могуць стаць важнейшым фактарам у справе наладжвання эфектыўных міжнародных стасункаў, базавым кампанентам у прыцягненні ў Беларусь інтэлектуальных і фінансавых інвестыцый. Невыкарыстанне гэтага багацейшага патэнцыялу беларускай дыяспары наносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі.
Але дзеля таго, каб наладзіць нармальнае супрацоўніцтва, як гэта робяць іншыя дзяржавы, менавіта кіраўніцтва краіны павінна паказаць, што яно гатова гэта рабіць. Павінна быць адпаведнае стаўленне да беларускай дыяспары праз стварэнне адпаведнай заканадаўчай базы. У самой Беларусі таксама неабходна мяняць сітуацыю з нацыянальнай культурай і мовай.
-- Ці зможа з’езд наблізіць замежных беларусаў да Беларусі?
-- Мы вельмі на гэта спадзяемся, бо на форуме будуць выступаць як дэлегаты з метраполіі, так і прадстаўнікі дыяспары. Будзе дыялог, абмен вопытам і меркаваннямі. Звычайна пасля такіх форумаў застаецца адчуванне, што вельмі мала часу адводзіцца на іх правядзенне. Беларусам заўжды не хапае часу, каб абмеркаваць усё, што патрэбна. Але мы не маем фінансавых магчымасьцяў, каб з’езд доўжыўся тры-чатыры дні. Першы з’езд беларусаў свету, з якім мы параўноўваем усе пазнейшыя форумы, цягнуўся ледзь ня тыдзень. І нават тады людзям не хапала часу для таго, каб абмеркаваць усе праблемы.
-- Ці мяняецца стаўленне ўладаў да дыяспары?
-- Нас вельмі цешыць, што дзяржава заўважыла гэты форум. У ім маюць намер узяць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, іншых міністэрстваў і дзяржаўных установаў, якія працуюць з беларускай дыяспарай. І вельмі добра, што з’явіцца магчымасць дыялогу паміж асяродкамі беларускай дыяспары і адпаведнымі ўрадавымі органамі.
Відавочна, будзе гучаць і крытыка на адрас беларускіх уладаў. Але я спадзяюся, яна будзе насіць канструктыўны характар, і што ўсё ж будуць выпрацаваныя канкрэтныя захады па разьвіццю нашай культуры, нашай адукацыі і працы з беларускай дыяспарай.
Даведка “Заўтра тваёй краіны”:
Алена Макоўская скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Акадэмію кіраваньня пры Савеце Міністраў (цяпер – Акадэмія кіраваньня пры Прэзідэнце РБ). На трэцім з’ездзе аб’яднання ў 2001-м годзе абраная на пасаду старшыні рады “Бацькаўшчыны”, пераабраная на гэтую пасаду на наступным з’ездзе арганізацыі ў 2005-м годзе.
Па-за межамі Беларусі пражываюць (па розных звестках) звыш 3,5 беларусаў. У больш чым 20-ці краінах свету (з рознай ступені актыўнасцю) дзейнічае больш за 250 беларускіх арганізацый і асяродкаў.
16.07.2009 Генадзь КОСАРАЎ
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме