09:49 09.03.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Беларусы і беларускі паміж вайной і мірам

Беларусы і беларускі паміж вайной і мірам

Жанчыны ці мужчыны больш займаюцца прыватным бізнэсам у Беларусі? «Абы вайны не было» — гэтае беларускае выслоўе часьцей гавораць беларусы ці беларускі? Чаму жанчыны ў Беларусі больш схільныя падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць сацыёляг, экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Алена Арцёменка, шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і вядучая перадачы «Амплітуда» на TUT. BY-TБ Алёна Шарамет-Андрэева.

Цалкам перадачу можна паслухаць :

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце.

У бізнэсу не жаночае аблічча?

Юры ДракахрустЮры Дракахруст

Дракахруст: Звычайна на 8 сакавіка на радыё жанчын віншуюць і разважаюць зь імі пра жаночую долю. Гаротную. Я прапаную сёньня крыху парушыць традыцыю і пагаварыць пра жаночы, гендэрны аспэкт праблемаў, агульных для мужчын і жанчын.

Нядаўна Беларусь перажыла чарговы, ўжо традыцыйны канфлікт паміж дзяржавай і дробнымі прадпрымальнікамі. У Беларусі прыватны сэктар разьвіты даволі слаба, толькі 30% ВУП ствараецца ў гэтым сэктары. А хто шырэй прадстаўлены ў прыватным бізнэсе — жанчыны ці мужчыны? І чаму?

Сьвятлана КалінкінаСьвятлана Калінкіна

Калінкіна: Ёсьць дробны бізнэс і ёсьць буйны. Бунты менавіта дробнага бізнэсу мы бачылі апошнімі днямі. На рынках гандлююць пераважна жанчыны, а алігархі — пераважна мужчыны. У дробны бізнэс людзі ішлі, каб выжыць, таму ў ім пераважна жанчыны. Мужчыны ў нас займаюць кіроўныя пасады, а жанчыны робяць больш «чорную» працу.

Алена АрцёменкаАлена Арцёменка

Арцёменка: У нас кепская статыстыка ў сэнсе гендэрнага аспэкту. Але калі абапірацца на дадзеныя нацыянальных сацыялягічных апытаньняў, то доля прадпрымальнікаў-мужчын прыкладна ўдвая больш, чым доля прадпрымальніц.
Сярод мужчын прадпрымальнікаў недзе 3%, сярод жанчын прадпрымальніц — 1.5%.

Дракахруст: З 1991 году Беларусь перажывае пэрыяд разнастайных інавацый у розных сфэрах жыцьця. Хто больш схільны да гэтых інавацыяў — мужчыны ці жанчыны? Ці ня робяцца жанчыны «інаватарамі нехаця» з прычыны большай адказнасьці за дабрабыт сям’і, дзяцей?

Алёна Шарамет-АндрэеваАлёна Шарамет-Андрэева

Шарамет-Андрэева: Мне здаецца, што жанчыны больш лёгкія на пад’ём у сёньняшняй сытуацыі. Гэта вынік адказнасьці за сям’ю, якая больш уласьцівая жанчынам. Аднак па вялікім рахунку я б прынцыпова не дзяліла.

Што для бізнэсу — сёньня я ўбачыла рэйтынг ТОП-8 самых уплывовых беларусак-бізнэсвумэн. Паказальна, што гэта ня ТОП-5, бо іх усё ж крыху больш, але і не ТОП-10, як звычайна прынята складаць.

Арцёменка: Калі BISS рабіў пра стаўленьне беларусаў да рэформаў, 47% мужчын і толькі 39% жанчын пагадзіліся з тым, што краіне патрэбныя рэформы. Але калі мы задавалі пытаньне, ці гатовыя яны цярпець адмоўныя наступствы рэформаў дзеля паляпшэньня жыцьця іх і іх дзяцей праз 5-7 гадоў, то мужчыны і жанчыны ў роўнай ступені (52% і 51% адпаведна) адказалі, што гатовыя цярпець гэтыя наступствы.

Жанчыны, калі ім трэба клапаціцца пра сям’ю, гатовы на большае, чым мужчыны.

Дракахруст: Сьвятлана, Алена Арцёменка сказала, што жанчыны ў роўнай ступені з мужчынамі гатовыя цярпець. А дзейнічаць?

Калінкіна: Цяпер вельмі шмат сем’яў, дзе мужчыны зьмірыліся з тым, што маюць. Яны філёзафы, яны альбо п’юць альбо ляжаць на канапе і скардзяцца на жыцьцё.

Жанчыны часта працуюць на двух-трох працах. Нямногія беларускі могуць дазволіць сабе не працаваць ці працаваць дзеля задавальненьня, бо за мужам, як за «каменнай сьцяной».

Што да палітычных зьменаў, то зразумела, што жанчына тут больш кансэрватыўная, чым мужчына.

У жанчын ёсьць схільнасьць цаніць тое, што ты маеш, пакуль не пабачыш нешта значна лепшае. Да таго ж многія жанчыны лічаць, што агульнадзяржаўныя праблемы — гэта ня іх кампэтэнцыя.

Жаночы электарат Аляксандра Лукашэнкі

Дракахруст: Паводле (глядзі таксама ), сярод жанчын падтрымка Аляксандра Лукашэнка заўважна больш высокая, чым сярод мужчын. Чаму, на ваш погляд? Ці сьведчыць гэта пра большы кансэрватызм жанчын, ці бачаць многія зь іх у кіраўніку краіны сапраўднага мужчыну, на якога можна пакласьціся ў цяжкіх абставінах? Ці справа проста ў тым, што дзейнага кіраўніка дзяржавы схільныя больш падтрымліваць людзі сталага веку, а гэта ў Беларусі пераважна жанчыны?

Арцёменка: Я таксама думала, што справа ў тым, што сярод пэнсіянэраў больш жанчын. Але калі паглядзець дадзеныя апытаньняў больш дакладна, то бачна, што ў кожнай узроставай групе — моладзь, людзі сярэдняга і сталага веку — сярод жанчын падтрымка Лукашэнкі заўважна вышэй, чым сярод мужчын.

Сапраўды, ў жанчын менш магчымасьцяў разьбірацца ў палітыцы, задумвацца над глябальнымі пытаньнямі. У жанчын акрамя ўсіх іншых працаў у нашай краіне заўсёды ёсьць яшчэ адна — праца па дому. У іх проста менш часу для таго, каб цікавіцца палітыкай.

Калінкіна: Калі разважаць рацыянальна, як гэта робяць мужчыны, то можна знайсьці няшмат плюсаў, за якія Лукашэнку можна было б падтрымліваць.

Але жанчыны разважаюць ірацыянальна, больш эмацыйна. Тлумачэньняў можа проста ня быць ніякіх — ён мне падабаецца.
Моцныя фігуры заўсёды прываблівалі жаночую палову чалавецтва.

Шарамет-Андрэева: Жанчыны чуйныя на антываенную рыторыку Лукашэнкі. Абы не было вайны, міратворчыя высілкі адносна Ўкраіны — гэта жанчынам вельмі падабаецца.

Якім бы занядбаным ня быў сёньня беларускі мужчына, мужчына — заўжды ваяр. А жанчыне вайна заўжды не падабаецца.

Усё часьцей гаворыцца, што перамены ў Беларусі мірна не адбудуцца і жанчыны гэтага баяцца.

«Абы вайны не было» — жаночае ці агульнабеларускае?

Дракахруст: Алёна, вы кажаце, што Лукашэнка мае вобраз міратворцы. Але жанчыны былі больш схільныя падтрымліваць яго і раней, калі зь ягоных вуснаў гучала канфрантацыйная рыторыка адносна яго апанэнтаў. Ён і зараз яе ўжывае — «пятая калёна», «адмарозкі» і г. д. Чаму ж жанчыны схільныя яго падтрымліваць? Ім жа не падабаецца вайна, ў тым ліку і ўнутраная.

Шарамет-Андрэева: Гэта рыторыка канфрантацыі адносна «непаслухмяных дзяцей». Ён такім чынам нібыта наводзіць парадак. Масавая сьвядомасьць гэта так успрымае.

Дракахруст: Алена Арцёменка, Алёна ўжо прыгадала знакамітае беларускае выслоўе — абы вайны не было. А на ваш погляд, каму такое стаўленьне больш уласьцівае — беларусам ці беларускам?

Арцёменка: Паводле вынікаў дасьледаваньняў я ня бачу вялікіх адрозьненьняў у ступені падтрымкі міру і стабільнасьці паміж мужчынамі і жанчынамі.

Калі мы задавалі пытаньне, што важней — грамадзянскі мір і палітычная стабільнасьць ці дэмакратычнымі правы і свабоды, то міру і стабільнасьці адназначна аддавалі перавагу 6% мужчын і 8% жанчын, а хутчэй гэтаму аддавалі перавагу 33% мужчын і 36% жанчын.

Калінкіна: Я б сказала, што «абы вайны не было» — гэта агульнабеларускае. Што тычыцца Лукашэнкі, то ён сапраўды быў розным за гады свайго кіраваньня: быў агрэсіўным, быў міратворцам, быў мудрым гаспадаром, быў ня надта.

Я думаю, што вялікі ўплыў на цяперашнюю падтрымку Лукашэнкі робіць неразуменьне таго, як гэтую сытуацыю можна зьмяніць. Людзі проста зьмірыліся з тым, што маюць.

Я мяркую, што ў катэгорыі, якая ненавідзіць Лукашэнку ад усёй душы, таксама будзе больш жанчын. Бо і любоў і нянавісьць — гэта эмоцыі.

Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме