01:15 19.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Беларуская намэнклятура ня здатная на пераварот»
Стала вядома пра вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі на «Магілёўдрэў» — былы дырэктар і шэраг супрацоўнікаў прадпрыемства трапілі пад крымінальны артыкул за правал мадэрнізацыі. За апошнія месяцы кіраўнік дзяржавы са скандалам зьняў ужо некалькі дырэктараў прадпрыемстваў. «Такія дзеяньні могуць падштурхнуць да намэнклятурнага перавароту», — лічыць экспэрт Леанід Заіка. Наколькі абгрунтаваны такі прагноз? Ці здатнае беларускае чынавенства на самастойную палітычную ролю, ці засталіся там моцныя асобы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, былы кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута.
Цыганкоў: «Ці згодны вы зь меркаваньнем, што апошнія дзеяньні Лукашэнкі могуць падштурхнуць да намэнклятурнага перавароту? Ці на сёньняшні момант рэальных падставаў для такога разьвіцьця падзеяў няма?»
Фядута: «Калі казаць пра пэрспэктывы перавароту, то трэба зыходзіць з таго, што ёсьць пэўны суб’ект палітычнага жыцьця, які здолее гэты пераварот ажыцьцявіць. Беларуская намэнклятура не зьяўляецца такім суб’ектам, бо яна не адчувае сябе нейкай карпарацыяй. Чыноўнікі, дырэктары зыходзяць з таго, што яны існуюць як пэўныя асобы і ня больш. Яны не ўяўляюць, што ў іх ёсьць нейкія карпаратыўныя інтарэсы. Яны не пераймаюцца тым, што сёньня прыйшлі да аднаго дырэктара, заўтра — да іншага. і гэтак далей.
І паколькі гэтага няма, то ў намэнклятуры няма ўласных лідэраў. Ёсьць проста людзі, якія займаюць тую ці іншую, больш высокую, пасаду. І зразумела, што намэнклятура з-за гэтага няздатная пайсьці на нейкія крокі, якія могуць выклікаць адстаўку Лукашэнкі».
Цыганкоў: «Ці ўлічваеце вы ў сваіх разважаньнях індывідуальны аспэкт? Існуе меркаваньне, што за гады свайго кіраваньня Лукашэнка вычышчаў са свайго атачэньня моцных асобаў, якія тэарэтычна былі б здатныя на нешта такое».
Фядута: «Ведаеце, моцныя асобы якраз ёсьць. Ёсьць Барыс Батура, Міхаіл Мясьніковіч. Нават берасьцейскі губэрнатар Канстанцін Сумар, які, нягледзячы на ягоную сьмешную заяву (што Лукашэнка вышэйшы за Бога), здольны крытыкаваць дзеяньні ўраду. Ёсьць Сямён Шапіра, ёсьць, урэшце, чалавек, якога я калісьці назваў „Троцкім беларускай намэнклятуры“ — маю на ўвазе віцебскага губэрнатара Косінца.
Але ўсё гэта ня больш як фігуры на шахматнай дошцы. Яны ня здатныя рабіць крокі самі».
Віталь Цыганкоў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме