13:15 05.04.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Беларускі парламент павінен быць прабеларускім, легітымным і дэмакратычным

Беларускі парламент павінен быць прабеларускім, легітымным і дэмакратычным. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі чарговай сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць «Якім павінен быць беларускі парламент?», што адбылася 3 красавіка ў Мінску, у сядзібе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».


Як адзначыў вядомы беларускі праваабаронца, былы суддзя Канстытуцыйнага суду, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў, цяперашні парламент краіны не можа лічыцца самастойным, легітымным і дэмакратычным.

Спадар Пастухоў звязвае адраджэнне незалежнага аднапалатнага парламенту праз аднаўленне дзейнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году і Вярхоўнага Савету XIVсклікання, які з’яўляецца правапераемнікам апошняга легітымнага парламенту. На меркаванне юрыста, першым крокам на шляху стварэння новага парламенту можа стаць абнаўленне складу Цэнтарвыбаркаму і мясцовых выбарчых камісій. Адказы на ўзнятыя вышэй пытанні можа даць шырокі прадстаўнічы орган беларускага народу — усебеларускі сход, з’езд ці кангрэс, сказаў Міхаіл Пастухоў. На думку ўдзельнікаў сесіі, права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты павінны мець толькі палітычныя партыі і ініцыятыўныя групы грамадзянаў.

Міхаіл Пастухоў звярнуў увагу на тое, што новы парламент павінен быць прабеларускім па складу, мове і культуры, у ім маюць быць прадстаўленыя вядучыя палітычныя партыі і аўтарытэтныя асобы Беларусі, вышэйшы заканадаўчы і прадстаўнічы орган краіны павінен адрадзіць старажытныя нацыянальныя сімвалы беларускага народу, яго традыцыі і менталітэт. Удзельнікі сесіі мяркуюць, што дэпутаты парламенту могуць працаваць выключна на прафесійнай аснове, прычым іх заробак і пенсіі не павінны перавышаць сярэднія памеры заробкаў і пенсій па краіне.

Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1994-1996 гадах, заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб прапанаваў паступова перайсці ад мажарытарнай да прапарцыйнай выбарчай сістэмы, а таксама падтрымаў прапанову аб наданні права ўдзелу ў парламенцкіх выбарах выключна палітычным партыям і асобным грамадзянам шляхам збору подпісаў.

На думку вядомага беларускага гісторыка. палітыка і грамадскага дзеяча, старшыні ТБМ Алега Трусава, трэба зыходзіць з неабходнасці эвалюцыйнага шляху развіцця беларускага грамадства, бо крывавая рэвалюцыя прывядзе да вялікіх людскіх і эканамічных стратаў, іншаземнага ўмяшальніцтва краінаў-суседзяў, тэрытарыяльных стратаў і нават страты незалежнасці. А пачынаць эвалюцыю краіны шляхам структурных рэформаў неабходна з змены мадэлі беларускага парламенту, падкрэсліў спадар Трусаў.

На ягоную думку, на грунце рэзалюцыі сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць «За легітымны, дэмакратычны парламент» пасля яе дапрацоўкі і зацвярджэння можа адбыцца кансалідацыя дэмакратычных сілаў краіны.

Старшыня ТБМ прапанаваў накіраваць рэзалюцыю сесіі ўсім дэмакратычным структурам Беларусі — удзельнікам чарговых парламенцкіх выбараў. І калі ўсе дэмакратычныя прадстаўнікі гэтага выбарчага працэсу падпішуцца пад рэзалюцыяй сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць – гэта і будзе аб’яднанне апазіцыі, падкрэсліў Алег Трусаў.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме