14:15 12.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Беларусь не Расея: сем прынцыповых адрозьненьняў ад сямі прынцыповых людзей
Чаму Беларусь не Расея: 7 прынцыповых адрозьненьняў» — такую назву меў на сайце Свабоды, які выклікаў рэзананс. У працяг тэмы рознасьці паміж беларусамі і расейцамі сваім бачаньнем гэтай тэмы падзяліліся яшчэ сем чалавек.
Алег Трусаў: «Мы ўнутры саміх сябе, і ў гэтым нашая сіла»
Алег Трусаў«У асноўным я згодны з Сяргеем Дубаўцом. Я таксама лічу, што самае галоўнае нашае адрозьненьне ад Расеі — чаго не сказаў Дубавец і што б я яшчэ дадаў — гэта тое, што мы ўнутры свайго этнасу, а расейскі ўвесь час пашыраецца. Я б сказаў, што ў іх такі прынцып паўзучага пашырэньня: як толькі Расейская імпэрыя перастае пашырацца, яна пачынае загніваць і развальвацца. Гэта значыць, што яны ўвесь час жывуць паводле прынцыпу Залатой арды. Тым больш, што яны і ёсьць самым моцным нашчадкам Залатой арды. Бо як толькі яны перастаюць пашырацца, то адразу рэзка зьмяншаюцца, загніваюць і развальваюцца. Таму не ад добрага жыцьця яны захапілі Крым і пачалі далейшую экспансію ва Ўкраіне. Бо гэта апошні рэванш Расейскай імпэрыі, што нічым добрым для яе ня скончыцца.
Як і кажа Дубавец, тэрыторыя Расеі — гэта лапікавая коўдра. Ніводзін расеец не пабудзе ў сталіцах усіх сваіх рэгіёнаў, ня кажучы ўжо пра малыя гарады.
У беларусаў наадварот: захаванасьць беларусаў у тым, што яны спрадвеку жывуць на сваёй тэрыторыі. Бо калі паглядзім на мапу, то астатнія беларускія тэрыторыі нам цяпер не належаць, але там жывуць людзі гэткія ж самыя, як і мы. Я маю на ўвазе Смаленшчыну і Браншчыну, Пскоўшчыну, Віленшчыну, Дзьвінскі край, Беласточчыну. Толькі з Украінай у нас мяжа больш-менш праходзіць паводле этнічных межаў. Гэтак мы ёсьць унутры саміх сябе, і ў гэтым нашая сіла».
Уладзімер Колас: «Расейцы больш нецярпімыя, менш талерантныя, яны — людзі зграі»
Уладзімер Колас«Гэтае пытаньне не такое простае, каб яго на пальцах пералічыць. Я б сказаў так, што Беларусь прайшла праз усе стадыі разьвіцьця эўрапейскай культуры да сучаснага мастацтва. Сучаснае мастацтва ў межах сацрэалізму зрабіла нас вельмі падобнымі да расейцаў. Але расейцы не прайшлі ўсіх гэтых стадыяў разьвіцьця культуры і мастацтва. У іх усё пачалося з клясыцызму, таму яны такія, якія ёсьць. Яны больш нецярпімыя, яны менш талерантныя, яны — людзі зграі. Гэта вельмі яскрава праглядаецца падчас розных тэлевізійных ток-шоў, асабліва на ўкраінскую тэматыку. У расейцаў ёсьць такая калектыўная нецярпімасьць і таталітарнае мысьленьне. Калі назіраеш гэта праз тэлеканалы, то пачынаеш разумець, што, пэўна, Сталін і не зусім вінаваты быў — ня быў бы Сталін, быў бы нехта іншы. Вось гэтая схільнасьць да калектыўнага самазьнішчэньня ў іх разьвітая нашмат мацней, чым у беларусаў. Беларускі канфармізм мае больш цывілізаваную афарбоўку. Хаця за кампанію могуць таксама, не чытаючы Пастарнака, яго асуджаць.
Антрапалягічна кожны чалавек — гэта чалавек, у ім закладзена ўсё і ўсё залежыць ад варункаў. Дык вось гэтая рознасьць варункаў і вызначае адрозьненьне беларусаў ад расейцаў».
Тацяна Караткевіч: «У нас ёсьць свая беларуская мова, якая розьніць нас ад расейцаў»
Тацяна Караткевіч«Так гістарычна склалася, што ў нас шмат што агульнае, але ёсьць, канечне, розьніца паміж беларусамі і расейцамі. Першае, гэта тое, пра што кажуць усе: беларусы любяць парадак, любяць працу, і гэтак было спрадвеку: за часамі БССР і раней — у Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Цягам усяе гісторыі беларус быў працавіты, акуратны, быў гаспадаром, і такім ён застаецца і цяпер.
Па-другое, нашае цэнтральнае месца на мапе Эўропы таксама надае нам станоўчай адметнасьці: беларусы шмат вандруюць, шмат што бачаць, шмат новаўводзінаў прывозяць дадому, становяцца больш актыўнымі, адкрытымі, камунікатыўнымі і сьвядомымі. Дзякуючы вандроўкам беларусы разумеюць, што Беларусь — гэта незалежная, самабытная дзяржава, што побач гэткія ж самастойныя незалежныя дзяржавы. І беларусы хочуць жыць у добрым суседзтве з гэтымі краінамі і народамі. А Расея і расейскі народ сёньня бачаць гэта па-іншаму. Яны жадаюць захапіць некаторыя тэрыторыі, бо ў іх імпэрская сьвядомасьць, і яны гэта робяць.
Па-трэцяе, нашае адрозьненьне — гэта, канешне, мова. У нас ёсьць свая беларуская мова, якая розьніць нас ад расейцаў».
Сяргей Гайдукевіч: «Лічу прыніжальным даводзіць, што беларусы — гэта не расейцы»
Сяргей Гайдукевіч«Дыскутаваць на гэтую тэму — гэта даваць падставу людзям, якія так думаюць: ну як можна беларусаў лічыць расейцамі? Гэта вар’яцтва. Першае і самае галоўнае адрозьненьне: ну як можна тлумачыць, што француз — гэта не ангелец, і прыводзіць нейкія прыклады? Што за вар’ятня? Ёсьць беларуская нацыя, ёсьць беларуская мова, радзіма — ну пра што можа ісьці гаворка? Калі хтосьці думае інакш — ласкава просім, няхай жыве там, дзе яму падабаецца. Я ўвогуле лічу для сябе прыніжальным камусьці даводзіць, што беларусы — гэта не расейцы. Канечне, не, і інакш быць ня можа. Мы адрозьніваемся ўсім, бо мы беларусы, і мы ня мусім да гэтых дыскусіяў апускацца. Я вельмі шкадую людзей, якія мяркуюць інакш. Мець сваю дзяржаву, радзіму, ганарыцца сваім беларускім паходжаньнем — гэта вельмі важна».
Алесь Бяляцкі: «Гістарычная спадчына, культура і мова — тры кіты, на якіх стаіць беларускі народ»
Алесь Бяляцкі«Я даўно заўважыў і пісаў пра тое, што славяне надзвычай падобныя па характары. І гэтая старажытная крэўная сувязь — яна прысутнічае ў характарах усіх славянаў. Што тычыцца асаблівасьцяў, то паўтары тысячы гадоў разьвіцьця, якое ў розных народаў ішло рознымі шляхамі, яно, канечне, моцна паўплывала на асаблівасьці, якімі цяпер вызначаюцца розныя славянскія народы. І, канечне, тое, што адрозьнівае нас ад расейцаў, — гэта гістарычная спадчына, гэта культура і гэта мова — вось тры кіты, на якіх стаіць беларускі народ. І калі яны прысутнічаюць у выхаваньні беларусаў у поўным аб’ёме, то атрымоўваецца абсалютна іншы тыпаж славянскага чалавека і народа ў параўнаньні з расейцамі. Гэтаму існуюць сотні і сотні прыкладаў.
Што тычыцца ўнутранага характару, то я думаю, што, па-першае, беларусы больш спакойныя, больш памяркоўныя і менш задзірлівыя. Гэтая спакойнасьць характару выразна кідаецца ў вочы і адрозьнівае беларусаў, дарэчы, ня толькі ад расейцаў, але і ад палякаў, да прыкладу.
Па-другое, беларусы больш адказныя і выканаўчыя, а расейцы больш неабавязковыя.
Па-трэцяе — гэта гісторыя, культура, мова.
Па-чацьвёртае, беларусы больш асьцярожныя. І гэтая асьцярожнасьць часта пераходзіць у баязьлівасьць. Гэта рыса, якая мае два бакі, а мяжа паміж асьцярожнасьцю і баязьлівасьцю — яна вельмі расплывістая. Таму вось гэтая асьцярожнасьць часта пераўтвараецца ў нерашучасьць і баязьлівасьць.
Пятае — беларусы, канечне, большыя індывідуалісты. Яны больш трымаюцца паасобку і больш спадзяюцца на сябе, чым на нейкія калектыўныя дзеяньні.
Шостае — беларусы менш адкрытыя, яны больш замкнёныя ў сабе.
Сёмае — беларусы менш імпэрскія — гэта вынікі гістарычных падзеяў за апошнія 25 гадоў, калі маладое пакаленьне ў значнай ступені не атаясамлівае сябе зь вялізнай імпэрыяй — Савецкім Саюзам. Маладое ж пакаленьне расейцаў гэтым жыве. Гэтая імпэрскасьць і яе адсутнасьць — гэта цяпер геапалітычны чыньнік, які адрозьнівае і паводзіны, і размовы, і склад мысьленьня, і дзеяньні, якія розьняць беларусаў ад расейцаў».
Лявон Баршчэўскі: «Імкненьне расейцаў умешвацца ў прыватныя справы — фантастычнае»
Лявон Баршчэўскі«Першае і самае галоўнае — гэта імпэрская сьвядомасьць. Большасьці беларусаў яна ўсё ж не ўласьцівая ў адрозьненьне ад большасьці расейцаў.
Другое — фантастычнае імкненьне расейцаў умешвацца ў прыватныя справы. На тэлеканалах разьбіраюць сямейныя праблемы: хто з кім здрадзіў, хто каго пакінуў і гэтак далей. Увогуле гэта падсудная справа, а там ёсьць вось гэтая саборнасьць, калі ўсім ёсьць справа да таго, што робіцца ў адной сям’і. У Беларусі гэта менш разьвіта, а тое, што разьвіта, паходзіць з той жа Расеі.
Трэцяя рыса зьвязаная з папярэдняй — беларусы большыя індывідуалісты. Кожны імкнецца да больш закрытага, адасобленага жыцьця і беражэ гэтую індывідуальнасьць.
Чацьвёртае — імкненьне дагадзіць: магчымасьць сябе прынізіць, каб дагадзіць суседу. Сказаць, што ён вельмі добры і лепшы за нас.
Пятае — гэта імкненьне быць бліжэй да зямлі. Імкненьне быць бліжэй да сваіх сотак, да сваіх агародаў, і гэта перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне.
Шостае — гэта абыякавасьць да высокай культуры, але большая дбайнасьць пра культуру побытавую. У тым ліку асабістую культуру, гігіену і астатняе.
Сёмае — адсутнасьць радыкалізму ў ацэнках — гэта больш тыпова для беларусаў. Гэта калі няма такой крайнасьці, як асудзіць адназначна ці безумоўна апраўдаць.
Усё гэта, канечне, у сярэднім».
Вінцук Вячорка: «Адрозьнівае ўменьне без астачы разьбіраць сьвіньню»
Вінцук Вячорка«Па-першае, беларусаў розьніць ад расейцаў індывідуалізм і контрабшчыннасьць. Індывідуалізм — гэта культываваньне свайго асяродзьдзя, інтарэсаў сваёй сям’і і роду, якія цягнуць за сабой пачуцьцё прыватнай уласнасьці і павагу да прыватнай уласнасьці іншага, а таксама павагу да асабовасьці іншага. У выніку гэта цягне за сабой спадзяваньне на самога сябе. У Расеі пануе абшчыннасьць, так званы калектывізм з размытай адказнасьцю за самога сябе і са спадзяваньнем на дзяржаву. Маўляў, дзяржава альбо абшчына выцягне, уратуе, а таму можна ня быць мабілізаваным увесь час.
Другая рыса, якая характарызуе беларусаў,— тое, што народ перажыў многія дзяржавы і, на жаль, свая ўласная дзяржава была страчаная даволі даўно, калі глядзець на сытуацыю вачыма чалавека ХХ стагодзьдзя. Адпаведна гэта ўзмацняе пачуцьцё еднасьці з народам, а ня тоеснасьці зь дзяржавай, якая часта бывала чужой і варожай. Да прыкладу, мой дзед, які нікуды не выяжджаў са свайго палескага хутара, перажыў прынамсі восем дзяржаўных уладаў, не дажыўшы да Рэспублікі Беларусь. Гэта мацавала пачуцьцё адчужанасьці ад дзяржаўнай улады і мацавала адказнасьць за самога сябе. Расейцы жылі ў дзяржаве, якая называла сябе іхняй, дэкляравала, што бярэ на сябе адказнасьць за кожнага зь іх, а таму мае права на прымус. І, на жаль, многія зь іх гэтаму прымусу падлягаюць, што мы назіраем цяпер у сувязі з агрэсіяй ва Ўкраіне. Да прыкладу, маўчаньне мацярок, чыіх сыноў там забіваюць.
Чацьвёртае — гэта імкненьне да інтэнсіўнага асваеньня прыродных рэсурсаў з прычыны беларускага абмежаванага рэсурсу зямлі, лясоў, наогул прыроды. У расейцаў, як вядома, гістарычна фармаваўся іншы падыход да зямлі і прыродных рэсурсаў: магчымасьць іх дадаваць, захопліваць, кудысьці выяжджаць. І, адпаведна, матывацыі да інтэнсіўнага выкарыстаньня прыродных рэсурсаў было менш, чым у беларусаў і кожнага іншага цэнтральнаэўрапейскага народу, які кампактна жыве на сваёй тэрыторыі доўгімі вякамі.
Пятае — уменьне без астачы разьбіраць сьвіньню: усялякія сальтысоны, вушы і лычы смажаныя. Гэткім чынам, у беларусаў больш экспрэсіўнае стаўленьне да гэтай сьвіньні, чым у нашых усходніх суседзяў. Гэта асобны пункт, які ілюструе папярэднюю тэзу.
Шостае — публічныя паводзіны ў грамадзкім транспарце і ўвогуле. У беларусаў яны ў значнай ступені больш інтравэртныя. У расейцаў наадварот — яскрава выяўленыя экстравэртныя, што цяпер кожны можа назіраць на разнастайных турэцкіх і эгіпецкіх курортах. І гэтым паводзінам расейцаў шмат прысьвечана відэастужак, пастановачных фільмаў і жартоўных кліпаў. Беларусы ў гэтым сэнсе нічым не адрозьніваюцца ад рэшты эўрапейскіх народаў, а расейцы кантрастуюць з усімі імі.
Сёмае — беларусы жылі ў звычцы чуць розныя мовы — гэта калі казаць пра культурна-цывілізацыйныя рэчы. Мы не гіганцкі ўсёабдымны народ і заўсёды суседнічалі з гэткімі ж народамі, якія мелі свае мовы. Калісьці гэта былі балтамоўныя жыхары, бальшыня зь якіх пазьней асымілявалася. Таксама габрэі, на першым этапе перасяленьня — крымскія татары, польска- і расейскамоўныя людзі. Усё гэта вяло да таго, што вуха беларусаў было настроенае засвойваць розныя мовы і пагатоў разумець славянскія. Вуха расейца не прызвычаенае распазнаваць чужыя мовы. І беларускую мову гістарычна абслугоўвалі дзьве графічныя сыстэмы — кірыліца і лацінка, я ўжо пакідаю па-за дужкамі арабіцу беларускіх татараў. А гэта сьведчыць пра лёгкасьць аднаўленьня мастоў з лацінапісьмовай і наагул заходняй лацінскай цывілізацыяй. Натуральна, што расейцы гэтага ня маюць».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме