09:15 06.10.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Барысаўскія сацыял-дэмакраты патрабуюць навядзення парадку ў газавай сферы
Ілюстрацыйнае фота
З гэтай прычыны яны прадоўжылі распачатую два гаты таму мясцовую інфармацыйную кампанію.
Ініцыятар кампаніі – старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алесь Абрамовіч тлумачыць, што нагодай для падобнай кампаніі стала трагедыя, якая адбылася 27 студзеня мінулага года.
У той дзень ня толькі горад Барысаў, аля і ўся Беларусь скалынуліся ад трагічных наступстваў аварыі ў былым ваенным гарадку Лядзішчы, калі ад уздзеяння ўгарнага газу з-за няспраўнасцяў у газавай гаспадарцы загінулі шэсць чалавек, у тым ліку сям'я з двума непаўналетнімі дзецьмі.
Іх гібель стала следствам злачыннай халатнасці ў працы муніцыпальных службаў, у выніку чаго праваахоўнымі органамі была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: «Службовая халатнасць».
У гэтай няпростай сітуацыі сацыял-дэмакраты Барысаўшчыны ў пачатку лютага 2016 года выступілі з адпаведнай заявай, у якой заклікалі тагачаснага старшыню Барысаўскага райвыканкама Уладзіміра Мірановіча і яго намесніка, які адказвае за стан жыллёва-камунальнай гаспадаркі, неадкладна падаць у адстаўку яшчэ да абвяшчэння вынікаў следчых дзеянняў. Гэта нармальная практыка ў цывілізаваных краінах, калі адказныя кіраўнікі муніцыпалітэтаў знаходзяць у сабе мужнасць добраахвотна ўзяць на сябе палітычную адказнасць за тыя ці іншыя буйныя катастрофы тэхнагеннага або іншага характару, якія адбыліся на даручанай ім тэрыторыі.
Заява сацыял-дэмакратаў з патрабаваннем пакараць вінаватых і заклікам да кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта ўзяць на сябе адказнасць за гібель шасці барысаўчан у выніку буйной катастрофы ў газавай гарадской гаспадарцы і сысці ў адстаўку была размешчана ў шэрагу выданняў, у прыватнасці, на рэспубліканскім партыйным сайце
З адпаведнай заявай выступіла і Мінская абласная арганізацыя гэтай партыі.
Намаганні актывістаў БСДП па змене кіраўніцтва Барысаўскага райвыканкама за правалы ў працы мелі пэўны поспех, бо змяніў Уладзіміра Мірановіча на яго пасадзе Генадзь Дзенгалёў, а Алег Кірута 15 лютага бягучага года быў прызначаны намеснікам старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта з адказнасцю менавіта за функцыянаванне ЖКГ. Пакаралі таксама ў крымінальным парадку і двух супрацоўнікаў гарадской газавай гаспадаркі, якія атрымалі чатыры гады папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.
Тым часам гэтай восенню стартавала інфармацыйна-мабілізацыйная кампанія па рашэнні лакальных праблем у рамках працэса назірання пад назвай «Права выбару-2018» за будучымі так званымі мясцовымі выбарамі. У гэтай сувязі барысаўскія сябры БСДП аднавілі свае высілкі па навядзенні парадку як у мясцовым газавай гаспадарцы і службе газу, так і ў іншых сферах ЖКГ. Актывісты праводзяць гутаркі з барысаўчанамі па дадзеных праблемах і распаўсюджваюць у горадзе адпаведныя інфармацыйныя матэрыялы.
Актывісты БСДП набылі датчык угарнага газу (ДУГ) і з гэтым прыборам у руках праводзяць сустрэчы з гараджанамі.
Ініцыятары кампаніі падкрэсліваюць, што большасць мясцовых праблем з'яўляюцца следствам адсутнасці сумленных і справядлівых выбараў у краіне. Дэпутаты мясцовых Саветаў робяць справаздачу не перад сваімі выбаршчыкамі, а перад вышэйстаячым начальствам, таму яны прапануюць змяніць гэты прынцып -- дэпутаты павінны быць прадстаўнікамі народа.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян далучацца да кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару-2018» і праз актыўнае супрацьдзеянне фальсіфікацыям дабівацца рэальнага абрання дэпутатаў, якія будуць стаяць на ахове інтарэсаў народа і выкажуць непадробную зацікаўленасць у вырашэнні мясцовых праблем.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме