10:45 30.07.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Багданкевіч: Лукашэнка вымушаны будзе пайсьці на эканамічныя рэформы. Бяз гэтага ён не ўтрымае ўладу
У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае, чаму Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе пайсьці на эканамічныя рэформы, разважае, што трэба рабіць са стратнымі прадпрыемствамі і якога сярэдняга заробку на сёньня заслугоўваюць беларусы.
— Незалежныя эканамісты часта гавораць пра развал ці гібель беларускай эканамічнай мадэлі. Настолькі часта, што шырокія народныя масы ўжо перасталі рэагаваць на гэта. Але цяпер сытуацыя ўнікальная. Упершыню з 1997 году беларуская эканоміка зазнае рэцэсію, падзеньне ВУП. Ці схільныя вы лічыць, што цяпер сапраўды беларуская эканоміка падышла да нейкага крытычнага пункту, ці цяперашнія складанасьці — гэта толькі эпізод?
— Я сапраўды лічу, што беларуская эканоміка дайшла да пэўнай мяжы. Бо, калі глянуць на пералік прадпрыемстваў, якія дапусьцілі страты — то гэта амаль усё машынабудаваньне, станкабудаваньне, трактарабудаваньне і гэтак далей. Гэта ўсё баляст эканомікі. Але так не павінна быць — гэта тупік. Мы выжываем толькі за кошт таго, што перакрываем гэтыя страты за кошт перапрацоўкі сырой нафты і калійных соляў.
Таму я лічу, што сапраўды тая мадэль разьвіцьця, якая базавалася на замежных крэдытах і іх праяданьні, павінна быць скончаная. Патрэбны пераход на мадэль здаровага сэнсу — рынкавую эканоміку.
— Сёлета па выніках году будзе зафіксавана падзеньне вытворчасьці. Можа, беларусам час прывыкаць, што мы некалькі гадоў будзем жыць у рэцэсіі, што для Беларусі настануць новыя 90-я, толькі ў мякчэйшай вэрсіі?
— Не, я настроены аптымістычна. Я лічу, што ў нас ёсьць магчымасьць зрабіць інстытуцыянальныя, структурныя перамены ў эканоміцы. Патрэбна толькі палітычная воля. Я намеціў 12 крокаў і праграмаў, якія павінен неадкладна прыняць урад — абнаўленьне эканомікі, дзяржапарату, структуры вытворчасьці, прыватызацыя, дэманапалізацыя і гэтак далей.
— Апошнія месяцы на прадпрыемствах актыўна ідзе скарачэньне людзей. Можа, гэта і ёсьць першыя крокі да аздараўленьня эканомікі?
— Я ацэньваю гэта адмоўна. Для таго каб паглынуць лішкі працоўнай сілы з буйных прадпрыемстваў, трэба разьвіваць малы і сярэдні бізнэс і ствараць умовы для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. У нас доля малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП — 23 працэнты. У Эстоніі — 74, у Латвіі — 78, у Эўразьвязе — каля 70. Трэба разьвіваць гэты малы бізнэс, які паглыне тую неэфэктыўную працоўную сілу зь дзяржпрадпрыемстваў, якія выпускаюць непатрэбную рынку прадукцыю. Такім шляхам за 2–3 гады мы можам аднавіць эканамічны патэнцыял Беларусі.
— То бок ваш аптымістычны варыянт наступны: калі пачнуцца рэформы, то за 2–3 гады адновіцца рост эканомікі. А пэсымістычны варыянт як выглядае? Калі рэформы так і не пачнуцца — тады чаго чакаць?
— Я лічу, што яны ня могуць не пачацца. Беларускі народ працавіты, таленавіты, здольны, ня горшы за прыбалтаў, палякаў ці чэхаў. Чаму мы павінны адставаць?
— Але ж рэформы праводзяць не шырокія народныя масы, а палітычнае кіраўніцтва...
— Я мяркую, што беларускае кіраўніцтва будзе вымушана гэта рабіць. Я думаю, што пасьля выбараў Лукашэнка будзе вымушаны абвясьціць праграму структурных і інстытуцыянальных пераўтварэньняў. Бяз гэтага ён проста не ўтрымае ўладу. У 2005 годзе ў нас быў нуль замежных запазычанасьцяў, а сёньня — каля 40 мільярдаў. Час, калі можна было жыць за кошт гэтага, прайшоў. Бо ў Расеі заканчваюцца рэсурсы, і наўрад ці яна будзе іх мець у ранейшых аб’ёмах. Падаюць цэны на нафту і газ, і таму Масква ўжо ня здолее ўтрымліваць нахлебніцу Беларусь. Таму я аптымістычна мяркую, што Лукашэнка — хоча ці ня хоча — вымушаны будзе гэта рабіць. Жыцьцё яго прымусіць.
— Але ж нават удалыя рэформы амаль заўсёды спачатку прыводзяць да часовага пагаршэньня сытуацыі, не адразу даюць вынік...
— У нас пагаршэньне сытуацыі ўжо адбылося. Што трэба рабіць? Перш за ўсё — скарачаць падаткі, каб тым, хто добра працуе, заставалася больш прыбытку, больш даходаў. Трэба прывязваць супрацоўнікаў і кіраўнікоў да прыбытку, а не да валу. Тады больш грошай застанецца ў рэальнай эканоміцы. Можна будзе стымуляваць працаўнікоў, разьвіваць вытворчасьць — гэтыя пытаньні ляжаць на паверхні.
— Якія сфэры эканомікі варта пакінуць, а якім — дазволіць памерці і запаўняць гэтыя нішы імпартам?
— Трэба падвышаць ролю дзяржавы. Не зьніжаць, як гэта сьцьвярджаюць некаторыя мае калегі, лібэральныя эканамісты, — а падвышаць. Трэба, каб дзяржава забясьпечыла стабільны курс, інфляцыю 3–5 працэнтаў у год, замежныя інвэстыцыі — 5–7 мільярдаў даляраў, а доля інвэстыцыяў хаця б 40 працэнтаў да ВУП. Дзеля гэтага патрэбная праграма, якую трэба выконваць.
— Гэтымі днямі назіраецца новая хваля падзеньня расейскага рубля на фоне зьніжэньня коштаў на нафту. Ці можна казаць, што складанасьці ў расейскай эканоміцы на фоне нафты і санкцыяў — не часовыя, гэта надоўга, і, адпаведна, трэба стратэгічна перанакіроўваць беларускі экспарт? Ці беларускае кіраўніцтва спадзяецца, што ўсё ўтрасецца і будзе як раней?
— Я б не казаў, што наша ўлада тут нічога ня робіць. Але трэба зьніжаць сабекошт нашых тавараў і шукаць новыя рынкі збыту, бо ў Расеі гэтая рэцэсія працягнецца мінімум 3–5 гадоў. У Расеі яшчэ ёсьць рэсурсы, у іх 400 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў. Але Расея падае ў сувязі з падзеньнем цэнаў на нафту, чакаць цудаў тут ня варта.
Улада робіць намаганьні па дывэрсыфікацыі экспарту, рынкаў збыту, але яны недастатковыя. Патрэбныя радыкальныя рэформы ўнутры эканомікі, накіраваныя на падвышэньне прадукцыйнасьці працы і эфэктыўнасьці.
Сёньня ў нас урад даводзіць дырэктарам прадпрыемстваў заданьні па аб’ёмах выпуску. Трэба адмовіцца ад гэтага, трэба караць таго міністра, якія даводзіць заданьне па павелічэньні выпуску трактароў, бо трактары стаяць на складах непрададзеныя. Лепш плаціць беспрацоўнаму дапамогу па 500 даляраў — і гэта будзе таньней, чым ён будзе на заводзе марнаваць матэрыялы, электраэнэргію, транспарт. Гэта абсурдная эканоміка.
Дзяржава павінна падтрымліваць тое, што будзе рэнтабэльна на рынку. Лукашэнка заяўляе, што будзем дапамагаць тым, хто сам спраўляецца, а баляст ня будзем карміць зь бюджэту. І выдае дакумэнт пра трыльёны рублёў дапамогі балясту — МАЗу, Гомсельмашу. Яны кепска працуюць, ня плацяць падатак на дададзеную вартасьць — гэта ж ненармальна. Колькі знойдзецца пакупнікоў для іхняй прадукцыі — столькі і трэба вырабляць!
— Але тады палову працаўнікоў такіх прадпрыемстваў трэба звальняць?
— Ну вядома. Але я і кажу, што для гэтага трэба загадзя прыняць законы пра разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, пра прыцягненьне інвэстыцыяў. Стварыць комплекс захадаў, каб гэты новы сэктар паглынуў працаўнікоў зь неэфэктыўных прадпрыемстваў.
Я гляджу апошнія дадзеныя статыстыкі — менш за 6 мільёнаў рублёў атрымлівае звыш паловы працоўных. Але ж гэта дзікунства. Лукашэнка заяўляў, што ў 2015 годзе мы будзем мець заробак тысячу даляраў. Няма гэтага! Дык трэба ж рабіць высновы і пераходзіць да эканомікі здаровага сэнсу.
— Часам людзі спрачаюцца наконт таго, якога заробку заслугоўваюць беларусы пры цяперашнім стане грамадзтва і эканомікі. Адны кажуць, што мы зарабляем у сярэднім столькі, колькі і заслугоўваем, іншыя — што малыя заробкі выходзяць толькі з-за няправільнай палітыкі ўлады.
— Я лічу, што мы заслугоўваем роўна столькі, колькі і атрымліваем. Бо кепска кіруем эканомікай, уласнасьцю, не праводзім рэформаў. Не адзін чалавек кіруе краінай — кіруюць людзі на ўсіх узроўнях, дырэктары, інжынэры, чыноўнікі. Чаму яны падтакваюць, не пярэчаць? Таму 400 даляраў — гэта наша столь сёньня. Гэтулькі можа вытрымаць наша эканоміка.
Яна магла б вытрымаць і тысячу, бо я перакананы, што мы не дурнейшыя за нашых суседзяў. Але для гэтага трэба, каб мы ўсталявалі дэмакратыю і рынкавую эканоміку. А мы хочам мець аўтарытарную сыстэму, камандную эканоміку — і пры гэтым добра атрымліваць. Так не бывае. Мы заслугоўваем тое, што маем.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме